Міністэрства спорту Расіі зацвердзіла загад аб легіянерах у расійскім хакеі. Аб гэтым паведамляецца на афіцыйным сайце ведамства. Згодна з дакументам колькасць гульцоў, якія не маюць права выступаць за зборныя Расіі, можа складаць не больш як пяць у заяўцы адной каманды. Асобна статус хакеістаў з краін Мытнага саюза (МС) не прапісаны.
«Міністэрствам спорту РФ сумесна з Федэрацыяй хакея Расіі падрыхтаваны загад «Аб зацвярджэнні абмежаванняў на ўдзел спартсменаў, якія не маюць права выступаць за спартыўныя зборныя каманды Расійскай Федэрацыі, ва ўсерасійскіх спартыўных спаборніцтвах па відзе спорту «хакей», — гаворыцца ў паведамленні.
Гэтым загадам прадугледжана, што агульная колькасць спартсменаў, заяўленых у каманду расійскага спартыўнага клуба на ўдзел у чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі, якія не маюць права выступаць за спартыўныя зборныя каманды РФ, павінна быць не больш як пяць, у тым ліку не больш як адзін варатар.
Асобна статус гульцоў з Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана ў дакуменце не прапісаны. Раней Кантынентальная хакейная ліга (КХЛ) аб'явіла аб намеры не лічыць беларускіх, казахстанскіх, армянскіх і кіргізскіх гульцоў легіянерамі на падставе прыярытэту міжнароднага права — Дагавора Мытнага саюза.
У першых матчах чэмпіянату КХЛ клубы, якія маюць у сваім складзе беларусаў, задзейнічалі іх звыш устаноўленага ліміту. У прыватнасці, гэта датычыцца «Спартака», «Нафтахіміка» і «Поўначсталі».
Таксама загадам Мінспорту былі зацверджаны ліміты ў іншых лігах: у чэмпіянаце і першынстве Вышэйшай хакейнай лігі колькасць спартсменаў, якія не маюць права выступаць за спартыўныя зборныя Расіі, заяўленых за каманду расійскага клуба, павінна быць не больш як чатыры, у тым ліку ніводнага варатара; у чэмпіянаце Жаночай хакейнай лігі — не больш як чатыры, у тым ліку ніводнага варатара; у чэмпіянаце і першынстве Маладзёжнай хакейнай лігі заяўка спартсменаў, якія не маюць права выступаць за зборныя РФ, заяўленых за каманду расійскага клуба, забаронена.
«Гэтыя абмежаванні ўводзяцца ў інтарэсах спартыўных зборных каманд РФ па хакеі з мэтай прадастаўлення большай колькасці гульнявога часу расійскім хакеістам для іх належнай падрыхтоўкі да міжнародных спартыўных спаборніцтваў», — гаворыцца ў паведамленні Мінспорту Расіі.
Загад уступае ў сілу з 28 жніўня 2015 года.
Як паведамляюць інфармагенцтвы, некаторыя клубы КХЛ аб'явілі аб намеры скасаваць кантракты з беларускімі хакеістамі. У прыватнасці, са спасылкай на прадстаўнікоў кіраўніцтва маскоўскага «Спартака» паведамляецца, што будуць скасаваны пагадненні з абаронцамі Дзмітрыем Корабавым і Андрэем Антонавым. Адміністрацыя падмаскоўнага «Віцязя» плануе адмовіцца ад паслуг абаронцы Ільі Шынкевіча.
Чэмпіянат КХЛ стартаваў 24 жніўня.