У Беларусі аб'яўлены новы рэспубліканскі водна-балотны заказнік «Жада». Такое рашэнне змешчана ў пастанове Савета Міністраў нумар 717 ад 26 жніўня 2015 года, паведамілі ў прэс-службе беларускага ўрада.

vitvesti.by

vitvesti.by

Новы заказнік будзе знаходзіцца на тэрыторыі Мёрскага і Шаркаўшчынскага раёнаў Віцебскай вобласці (агульная плошча - 7 118 га). Яго межы вызначаны ў пастанове.

Заказнік «Жада» аб'яўлены ў мэтах захавання ў натуральным стане каштоўных леса-балотных экалагічных сістэм, дзікарослых раслін і дзікіх жывёл, якія адносяцца да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, а таксама месц, дзе яны растуць і жывуць. На яго тэрыторыі забараняецца правядзенне работ па гідратэхнічнай меліярацыі, работ, звязаных са змяненнем існуючага гідралагічнага рэжыму, акрамя работ па яго аднаўленні, рамонтна-эксплуатацыйных работ па забеспячэнні функцыянавання меліярацыйных сістэм; разведка і распрацоўка радовішчаў карысных выкапняў; узвядзенне аб'ектаў будаўніцтва, за выключэннем будаўніцтва інжынерных і транспартных камунікацый, стаянак механічных транспартных сродкаў, будынкаў і збудаванняў для мэт вядзення лясной гаспадаркі, дамоў паляўнічых і рыбаловаў, экалога-інфармацыйных цэнтраў, збудаванняў для ўладкавання і добраўпарадкавання пляжаў і месц масавага адпачынку каля вады, іншых зон і месц адпачынку, турыстычных стаянак, экалагічных сцежак. Акрамя таго, на тэрыторыі заказніка забараняецца размяшчаць палатачныя гарадкі і іншыя абсталяваныя зоны і месцы адпачынку, турыстычныя стаянкі, стаянкі механічных транспартных сродкаў па-за месцамі, вызначанымі мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі і інш.

Згодна з пастановай, водна-балотны заказнік «Жада» аб'яўлены без адабрання зямельных участкаў у землекарыстальнікаў. Пры гэтым яны, а таксама іншыя юрыдычныя і фізічныя асобы, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, абавязаны выконваць рэжым аховы і выкарыстання заказніка.

Пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?