гадоў таму памёр Сталін. Пра Сталіна і пра Казуліна піша Віталь Тарас.

Мой дзед Зьміцер памёр 25 гадоў таму. Ад яго я ўпершыню пачуў характарыстыку Іосіфа Джугашвілі, якую нельга было сустрэць ні ў падручніках, ні ў прэсе, ні нават пачуць у размовах — «асёл вусаты».

У 1970‑х гадох ізноў стала можна ўслых вымаўляць імя правадыра. Тагачасны генсек Брэжнеў у сваім дакладзе, прысьвечаным 30‑годзьдзю Перамогі, адзначыў ролю Сталіна як «выдатнага палкаводца» і «дзеяча міжнароднага камуністычнага руху». (Пры ім перастралялі ці не палову кіраўніцтва ўсіх кампартыяў, у тым ліку КПЗБ.) Мне давялося прысутнічаць на прэм’еры кінаэпапеі «Вызваленьне» ў Менску, у нядаўна пабудаваным тады кінатэатры «Кастрычнік». Калі на экране зьявіўся генэралісімус з вусамі й люлькай, публіка ўстала й пачала пляскаць у далоні, нехта крыкнуў «Няхай жыве Сталін!»

А я ў гэты момант успамінаў «вусатага асла». Неяк пазьней маці мне распавяла, што дзед ня стрымліваўся ў выразах у адрас «правадыра ўсіх народаў» ня толькі ў 70‑я, але і ў 30‑я. Сталін заслужыў ад яго званьне жывёлы з вусамі яшчэ падчас працэсу Бухарына‑Рыкава, стэнаграмы якога друкаваліся ў савецкіх газэтах.

Дзед Зьміцер, паводле аповеду бацькоў, дый паводле майго ўласнага досьведу, сам быў чалавек аўтарытарны, нават жорсткі, не прызнаваў нічый аўтарытэт — спрачацца зь ім было бяз сэнсу. Другі бок характару — ён ніколі нікога не баяўся, нават падчас вайны, калі быў партызанскім сувязным. Баяўся, хіба, толькі лекараў (але ад іх не ўратваўся, патрапіўшы пры канцы жыцьця пад машыну). Сваякі і проста знаёмыя баяліся яго, ягонага маральнага прысуду.

Акрамя Сталіна, асаблівы гнеў і раздражненьне выклікалі ў яго навіны на Беларускім тэлебачаньні. Пабачыўшы на экране (менскі тэлевізар «Рэкорд» у ягонай кватэры ўвесь дзень працаваў на поўную гучнасьць) вядомую тады ўсім дыктарку, дзед пачынаў раўсьці: «Каровы, быкі!!! А вой‑вой‑вой!» Гэтак ён характарызаваў зьмест навінаў на тэму сельскай гаспадаркі.

Часам думаю: у які стан прывяла б майго дзеда сучасная «Панарама» на БТ?

Другі мой дзед — Яфім, пра палітыку, тым больш, пра Сталіна ўслых ніколі не разважаў. Прынамсі, у прысутнасьці ўнукаў. А вось лягерных парадкаў у 1970‑я гады паспытаў. (Дапамаглі ягоныя «сябры» па мастацкім цэху.) Праўда, артыкул быў не палітычны — крымінальны. І сядзеў ён адносна нядоўга, выйшаў паводле амністыі з нагоды чарговай гадавіны Перамогі. Але выйшаў іншым чалавекам, цяжка хворым. Ён памёр у 1981‑м.

20 хвілінаў правасудзьдзя

Да чаго я ўсё гэта вяду? Да таго, што сыстэма — маю на ўвазе, пэнітэнцыярная, прабачце за слова, дый судова‑адмінісітрацыйная — за гэты час не зьмяніліся. Інтэлігентнага чалавека, які гаворыць па‑беларуску, валодае некалькімі замежнымі мовамі, але ніколі ў жыцьці не ўжывае расейскага мату, можна кінуць за краты на 15 (а цяпер ужо і на 25) сутак за «брудную лаянку». У прыёмніку‑разьмеркавальніку могуць адмовіць у перадачы вязьню харчоў і неабходных рэчаў — а чаму гэта арыштант павінен харчавацца ў турме ня горш, чым на волі? У КПЗ могуць сядзець па 18 чалавек разам, а асвятленьне ў камэры такое, што чалавек губляе зрок. Начальства калёніі можа палічыць «немэтазгодным» выпусьціць зьняволенага на некалькі дзён на пахаваньне жонкі ці сваяка. (Пра Казуліна — крыху ніжэй.)

І, галоўнае, у Беларусі па‑ранейшаму захоўваецца ў Крымінальным кодэксы й дзейнічае ў практыцы «найвышэйшая мера пакараньня»: расстрэл. Дагэтуль няма афіцыйнай статыстыкі на гэтую тэму, па сутнасьці, няма публічных працэсаў па расстрэльных артыкулах, няма ніякай інфармацыі. Хіба што зрэдку, як у выпадку з гарадзенскім міліцыянтам‑маньякам ці з гомельскай злачыннай групоўкай, робяць свайго роду паказальныя працэсы. Каб пераканаць публіку, што сьмяротнае пакараньне ні ў якім разе нельга адмяняць.

Скажуць — не расстрэльваюць жа сёньня людзей пачкамі, як у 1937‑м. Няма «троек» і «асобых нарадаў», якія маглі вырашыць лёс чалавека за пару гадзінаў. Дзякаваць Богу. Але ўспомніце, колькі часу займае разгляд у судзе справаў маладафронтаўцаў. Адзін з працэсаў заняў 20 хвілінаў. І гэта, магчыма, яшчэ не мяжа. А ці часта прысутнасьць адваката станоўча ўплывала на лёс падсуднага? Без адваката часьцей выносяць мякчэйшы прысуд, чым калі падсуднага абараняе адвакат. Маўляў, ты яшчэ сваімі адвакатамі і сьведкамі працэс зацягваеш…

Захаваліся галоўныя прынцыпы савецкага (чытай сталінскага) правасуддзьдзя. Па‑першае — прэзумпцыя вінаватасьці. Проста так, ні за што людзі ў суд не трапляюць. Асабліва, калі супраць іх сьведчаць міліцыянты. І другое. Пакараньне (няважна — на 5 сутак ці на 5 з паловаю гадоў) скіраванае, найперш, на прыніжэньне чалавечай асобы.

Гаспадары ня мы

Гадоў пятнаццаць таму здавалася, што Сталін і сталінізм — гэта ўсяго толькі мінулае. Пачварнае, жудаснае, але мінулае. І я разам з многімі падзяляў гэтае наіўнае ўяўленьне. Са сьмехам пісаў пра тое, што для сучасных школьнікаў Ленін і Сталін — гэта асобы накшталт фараонаў часоў старажытнага Эгіпту. Магчыма, так яно і ёсьць. Толькі радавацца няведаньню моладзі не выпадае. Бо сёньня беларускіх школьнікаў ня проста возяць на «лінію Сталіна» — гэта частка таго самага «ваенна‑патрыятычнага выхаваньня», на якім трымалася ўся савецкая сыстэма. На мане пра Сталіна, геніяльнага стратэга, які выйграў вайну зь нямецкім фашызмам і наогул усімі ворагамі, трымаецца і сучасная дзяржаўная ідэалёгія. Ідэалёгія ў наяўнасьці. Але якой дзяржавы?

Яшчэ адно наіўнае цьверджаньне самага апошняга часу — быццам Беларусь паслужыла штучным палігонам для расейскіх імпэрцаў, дзе былі адпрацаваныя мэтады вяртаньня Расеі ў таталітарызм. Маўляў, экс‑афіцэр КГБ Пуцін стаў пасьлядоўнікам Лукашэнкі, пераймаючы ў яго аўтарытарныя мэтады ва ўсіх сфэрах жыцьця, але пазьбягаючы пры гэтым некаторых ягоных памылак. Але хто ў каго навучаўся?

Тэорыя змоваў, насамрэч, нічога не тлумачыць. Ніводнай спэцслужбе, нават такой магутнай як КГБ, не пад сілу было ўтрымаць СССР ад немінучага распаду. Таксама ніводнай спэжцслужбе ніколі ня ўдасца прымусіць цэлы народ паверыць у ідэалы, у якія ён ня верыць. Ці абраць прэзідэнтам чалавека, якога ён не прызнае сваім кіраўніком. «Гаспадаром» — як казалі пра Сталіна.

Ізноў мае роздумы прыводзяць да таго, што ў 1991 годзе народ Беларусі не заваяваў сваю незалежнасьць — яна стала вынікам зьбегу гістарычных акалічнасьцяў. Найперш, эканамічнага заняпаду СССР. Ну і вядома, наяўнасьцю актыўнай апазыцыі БНФ ў Вярхоўным Савеце БССР у патрэбны момант.

Але ж сёньня выяўляецца, што нават няўдалы досьвед пабудовы незалежнай БНР мае палітычнае значэньне для сучаснасьці, ці ня большае нават, чым жнівень‑верасень 1991‑га. Бо ажыцьцяўлялася тая справа ва ўмовах куды больш неспрыяльных і цяжкіх для Беларусі, чым цяпер.

Праўда, БССР — і вось тут ужо можна гаварыць пра ролю імпэрскай палітыкі Масквы — была найбольш саветызаванай і ідэалагізаванай рэспублікай Савецкага Саюзу. Яна была больш савецкай, чым нават рэспублікі Сярэдняй Азіі, чым Грузія і Арменія, ня кажучы пра краіны Балтыі. І нават, у некаторым сэнсе, — чым РСФСР. У Расейскай Фэдэрацыі расейскі нацыяналізм спакваля ўхваляўся партыйнай элітай. Беларускі нацыяналізм у БССР перасьледаваўся, як нідзе. Магчыма, толькі Ўкраінскую ССР можна было паставіць побач. Тым больш нечаканай і загадкавай для мяне (дый ня толькі для мяне, думаю) стала «аранжавая рэвалюцыя» ва Ўкраіне.

Няма прарока…

У славутай формулы, што кожны народ заслугоўвае той урад, які ён мае, ёсьць важнае абмежаваньне. Размова вядзецца пра абраны ўрад, ці кіраўніцтва. Там, дзе няма свабодных выбараў і свабодных СМІ, гаварыць пра свабоднае волевыяўленьне народу не даводзіцца. Але ж і ў самыя цяжкія часы, пры тыраніі знаходзіліся людзі, якія не хацелі мірыцца з рабскім становішчам…І гэта таксама аксіёма, якая не дае права тым, хто маўчаў, казаць потым — а што я мог зрабіць? Нехта ж мог…

Калі Аляксандар Казулін на некалькі дзён апынуўся на волі, многія знаёмыя журналісты, дый ня толькі журналісты, загаварылі пра тое, што ён зламаўся як палітык. Маўляў, як жа так — Казулін даруе Лукашэнку? Працягвае яму руку пасьля ўсяго таго, што было. Пасьля зьдзеку над ягонай сям’ёй. Дый хіба гэта не безадказныя мары? А што калі Лукашэнка не працягне яму руку насустрач? Ці можа палітык увогуле прамаўляць тымі словамі, якімі стаў гаварыць Казулін — словамі пра Бога, пра душу, пра дабро і зло, сьвятло й цемру, якія ёсьць у кожным чалавеку?

Шчыра кажучы, я для сябе пакуль не знаходжу адказу на гэтае пытаньне. Напэўна, клясычны палітык эўрапейскага кшталту гэтак прамаўляць ня мог бы. Гэта было б палічана за дурны тон, за выкарыстаньне забароненых прыёмаў, дэмагогію і г.д. Але, па‑першае, ні ў кога, думаю, сёньня няма падставаў ня верыць Казуліну і абвінавачваць яго ў асабістай няшчырасьці. А па‑другое — хто сказаў, што мы маем сёньня дачыненьне з клясычнай палітыкай у Беларусі, пры дурной сталінісцкай спадчыннасьці?

Можа быць, некаторым рэчам — такім, як свабода, справядлівасьць, чалавечая салідарнасьць, высакародзтва — насьпеў час вярнуць іх сэнс? Вядома, па вялікім рахунку, гэта пад сілу толькі прарокам. Мы жывем усё‑ткі на пачатку трэцяга тысячагодзьдзя ад Нараджэньня Хрыстовага. Эпоха рэлігійных войнаў, крыжовых паходаў і ахвярнага ўзыходжаньня на вогнішча даўно мінула.

Але не абавязкова ўсім клясьціся на крыві ці абяцаць загінуць са зброяй у руках у барацьбе з ворагамі беларушчыны. Часам можна хаця б назваць асла аслом, як гэта не саромеўся рабіць мой дзед. Пры чым рабіў ён гэта яшчэ пры жыцьці тырана, а ня толькі па ягонай сьмерці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?