Цэны на спажывецкім рынку пад жорсткім кантролем, заявілі ў прэс-службе Міністэрства гандлю. 

«Сітуацыя з цэнамі на спажывецкім рынку Беларусі досыць спакойная. Асобныя спробы неабгрунтавана павысіць цэны адсочваюцца і прадухіляюцца», — паведамілі ў ведамстве. Так, пасля ўмяшання Мінгандлю ЗАТ «Паціа» (сетка «5 элемент») адмяніла загад ад 21 жніўня аб павелічэнні цэн на бытавую тэхніку да 20% і вярнула іх на ранейшы ўзровень. 

Кантрольныя мерапрыемствы па недапушчэнні росту цэн праводзяцца як па нехарчовых, так і па харчовых таварах, уключаючы плодаагароднінную прадукцыю, асаблівая ўвага надаецца рынкам краіны, паведаміла прэс-служба. 

Усяго са снежня 2014 года за парушэнне парадку цэнаўтварэння была прыпыненая дзейнасць 35 гандлёвых аб'ектаў. Так, 25 жніўня Мінгандлю было прынятае рашэнне аб прыпыненне дзейнасці магазіна ТАА «Гарматны» (Гомель), у тым ліку за парушэнне парадку цэнаўтварэння. 

У Мінгандлю нагадалі, што ў адпаведнасці з заканадаўствам «неабгрунтаваная розніца завышэння цэн падлягае спагнанню ў бюджэт у двайным памеры». Акрамя таго, за парушэнне парадку цэнаўтварэння дзейнасць гандлёвага аб'екта можа быць прыпыненая.

Як паведамлялася раней, 27 жніўня пры наведванні Баранавіцкага вытворчага баваўнянага аб'яднання Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў сённяшняй сітуацыі нельга стрымліваць цэны. «Мы пазіраем на цэны, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Калі пачнем трымаць, сыдуць тавары з рынку. Так. Ёсць нейкая валатыльнасць, рух. Я вам клянуся, што мы нічога не робім, каб стрымліваць, ці узмацняць, ці аслабляць нацыянальную валюту. Будзе больш валюты — будзе ніжэйшы курс, будзе высокі попыт, валюты не будзе — вы ведаеце, што будзе». Лукашэнка падкрэсліў, што менавіта з-за гэтай прычыны ён патрабуе нарошчваць экспарт для прытоку ў краіну валюты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?