На прэс-канферэнцыі 28 жніўня апазіцыйныя палітыкі Уладзімір Някляеў, Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец і Анатоль Лябедзька абвесцілі, што удзел у выбарах дэмакратычнай апазіцыі немагчымы, калі яна жадае выступаць супраць палітычнага рэжыму, што склаўся ў Беларусі. Пры гэтым Някляеў выказаў гатоўнасць правесці перамовы з Таццянай Караткевіч аб зняцці з выбараў.

«Яшчэ раз кажу. Я як звяртаўся да яе (Караткевіч), так і звяртаюся з прапановай зняцца. Я напісаў да кампаніі «Гавары праўду» асабісты ліст. Калі яны адгукнуцца на яго, то можа нешта зрушыцца. Калі не, калі не знойдуць маральнай і палітычнай сілы самі выправіць сітуацыю, у якую паставілі не толькі сябе, але і ўсю дэмакратычную апазіцыю, гэта будзе найбольшай паразай, якую мела апазіцыя за ўсе гады», — сказаў У. Някляеў.

Звязацца з Таццянай Караткевіч не атрымліваецца — яе тэлефон адключаны. Магчымасць адмовы ад далейшага ўдзелу ў кампаніі пракаментаваў кіраўнік выбарчага штаба Караткевіч Андрэй Дзмітрыеў:

«На сённяшні дзень за Таццяну было сабрана больш за 100 тысяч подпісаў. Мы адчуваем велізарную падтрымку людзей. Шмат хто ў пікетах падыходзіў, ставіў подпіс і казаў, што хоча абавязкова ўбачыць прозвішча Караткевіч ў бюлетэні, каб можна было прагаласаваць, каб у Беларусі была альтэрнатыва. Сваімі рукамі зняць альтэрнатыву, забраць яе ў грамадства з незразумелых мэтаў, з незразумелага на сённяшні дзень плана ні я, ні думаю ўся каманда не бачаць сэнсу».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?