Апошнім часам на самым высокім узроўні гавораць пра ўзаемаадносіны народа і ўлады. Месяц таму міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч на сустрэчы ў Гроднезаявіў, што склаўся негатыўны трэнд даверу міліцыі і што сітуацыю гэту трэба выпраўляць. 

Прыкладна ў той самы час я стала сведкай супрацьпраўных дзеянняў з боку міліцыянера ў Мінску. І вынік гэтай гісторыі прымушае яшчэ раз задумацца, хто сёння служыць у беларускай міліцыі. 

Поздна вечарам падчас прабежкі на школьным стадыёне я звярнула ўвагу, што побач са стаянкай прытармазіў міліцэйскі ўазік, з якога выйшаў чалавек у форме. У ягоных руках была каністра з палівам, якую ён пераставіў у багажнік «Форда», прыпаркаванага тут жа. Пасля гэтага міліцыянер хутка вярнуўся ў службовае аўто і паехаў далей па справах. 

Магчыма, я б прайшла міма, калі б не ведала, што недалёка ад гэтай стаянкі знаходзіцца аўтагаспадарка ГУУС Мінгарвыканкама з запраўкай для службовых аўтамабіляў. Таму на наступны дзень я напісала зварот ва ўпраўленне. 

Праз пару тыдняў ад супрацоўніка міліцыі, які прыйшоў, каб узяць у мяне дадатковыя тлумачэнні, я даведалася, што «Форд» належыць таму самаму кіроўцу міліцэйскага ўазіка, а ў каністры было паліва, а не вада. І паліва, зразумела, казёнае. 

Яшчэ праз пару тыдняў прыйшоў адказ ад камандзіра палка ППСМ ГУУС Мінгравыканкама Сяргея Грышана. У ім адзначана, што старэйшы сяржант міліцыі Войтаў Д.В. здзейсніў дробны крадзёж (ч.1 арт.10.5 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях). 

Якую ж адказнасць ён панёс? Калі б Войтаў быў, напрыклад, кіроўцам маршруткі, па гэтым артыкуле ён бы заплаціў штраф (ад 10 да 30 базавых велічынь) або адбыў бы адміністратыўны арышт. Але спадар Войтаў — міліцыянер, таму ён быў вызвалены ад адміністратыўнай адказнасці, бо на супрацоўнікаў органаў унутраных спраў распаўсюджваецца дзеянне Дысцыплінарнага статута. 

У выніку яму вынеслі строгую вымову і прымусілі вярнуць грошы за скрадзенае паліва. 

«Чаму не звольнілі?» — спытала я ў камандзіра палка. «З улікам ягоных характарыстык, працы, адносінаў да службы, я прыняў такое рашэнне», — адказаў спадар Грышан, дадаўшы, што прэмію на працягу года Войтаву плаціць усё ж не будуць. 

Пра тое, што ў міліцыію бяруць без спецыяльнай адукацыі, усе даўно чулі. Кажуць, што зараз нават без службы ў войску бяруць.

Але каб супрацоўнік міліцыі, які скраў каністру паліва, надалей застаўся на службе, гэта які сігнал грамадству? І пра які давер і аўтарытэт міліцыі можа ісці гаворка? 

Я, дарэчы, думала, што можа быць, скрайнія ўмовы вымусілі сяржанта Войтава парушыць закон. Але калегі падлічылі: на зарплату міліцыянера медсястра павінна працаваць без выходных, а настаўнік — праводзіць шэсць урокаў на дзень.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?