29.08.2015 / 15:10

Замест медыятара быў патрон — пяць фактаў пра Алеся Чаркашына, беларуса, які загінуў за Украіну 50

Учора ад раненняў, атрыманых два з паловай тыдні таму, памёр беларус з Добраахвотнага ўкраінскага корпуса «Правы сектар» 33-гадовы Алесь Чаркашын. Ён меў пазыўны «Тарас», а ваяваў ва Украіне ад пачатку зімы. Гэтая першая смерць сярод некалькіх дзясяткаў беларусаў, што ваююць за незалежнасць Украіны. «НН» сабрала ў адзін матэрыял усе, што вядома пра Чаркашына.

Быў сябрам «Краю», «Зубра», БХД

Алесь Чаркашын даўно быў у нацыянальным руху. Яшчэ пры канцы 1990-х – пачатку 2000-х ён быў сябрам спартова-патрыятычнай арганізацыі «Край». Пасля з’яўляўся актывістам «Зубра». У 2009 ён прыйшоў у Хрысціянскую дэмакратыю, стаў каардынатарам аргкамітэта партыі па Брэсце.

Прарок з акрываўленымі рукамі

«У 2011 годзе яны разам з Змітром Шурхаем ладзілі ў Брэсце маўклівыя акцыі, іх затрымлівалі не раз, — кажа сустраршыня хадэкаў Павел Севярынец. — Ён быў прадпрымальнікам, але аддаваў сябе і грамадскім справам. На Плошчы 2010 года абараняў людзей ад збіцця, нават маю матулю. 15 снежня 2013 зладзіў найбольш яркую сваю акцыю. Ён выйшаў да Брэсцкага аблвыканкама ў адзенні прарока з «акрываўленымі» рукамі, у ланцугах. Вось як сёння стаіць перад мной такая карціна. Ён заклікаў людзей пакаяцца за грахі, а ўладу папярэджваў за злыя дзеянні супраць людзей».

Вернік

Нават на вайне ён заўсёды меў з сабой кішэнны «Новы Запавет» з надпісам «Беларусь, дзецям Божым у вечнасць». «Ён фактычна выконваў ролю капелана, настаўляў нас у пытаннях рэлігіі», — кажа добраахвотнік «Док», паплечнік Чаркашына.

Чаркашын быў перакананы, што вернік павінен сумяшчаць веру і палітыку. Вось што ён казаў пра гэта ў інтэрв’ю радыё «Свабода»:

«Для мяне Бог, зносіны з ім, зносіны з братамі і сёстрамі ў царкве — нашмат важнейшыя. Але я жыву ў гэтай краіне, і мне не ўсё роўна, што тут адбываецца. Я люблю сваю краіну, я люблю гэтых людзей. І, канечне ж, мне хочацца жыць у больш вольнай краіне. Таму і як хрысьціянін, і як грамадзянін я актыўны. Больш за гэта, цэрквы павінны пускаць Бога ў дзяржаўны апарат, каб потым не казаць, што гэта брудная справа».

Ва Украіне ён навучаўся ў Таўрыйскім Хрысціянскім інстытуце ў горадзе Херсон.

Граў на гітары

Нават на вайне Алесь Чаркашын не ўпускаў магчымасць узяць у рукі гітару. Замест медыятара выкарыстоўваў патрон.

У інтэрнэце захаваўся надзвычай пранізлівы спеў «Тараса» на верш Ларысы Геніюш. Сёння гэтыя радкі ўспрымаюцца як прарочыя:

Між белых камлёў захісталася смерць.
Яна за аддзелам начамі качуе.
Мо заўтра зноў будуць сасонкі шумець
Над намі, а мы ўжо жыцця не пачуем…

Ніхто ж не баіцца, ніхто не дрыжыць!
Йдзем волі насустрач шляхамі святымі.
Назначана жыць нам, так будзем жа жыць,
гатовы на мукі за шчасце Радзімы. 

Хоць цені пагрозаў снуюцца ў бары, выходзім!
Мігаюць падковамі коні.
Я — з вамі! Ах, мілы, вазьмі — мы ж сябры,
сябры з-пад адное каханай Пагоні.

Гуляў у футбол

Ён іграў у камандзе Хрысціянскіх дэмакратаў на штогадовым турніры імя Генадзя Карпенкі. З дапамогай Чаркашына, хрысціянскія дэмакраты нават заваявалі бронзавыя медалі турніра.

Узняў бел-чырвона-белы сцяг у Пясках

У лютым сёлета пасля смерці некалькіх украінскіх пабрацімаў Алесь Чаркашын узняў у Пясках бел-чырвона-белы сцяг як сімвал супольнай свабоды.

Пахаванне хутчэй за ўсё будзе ў аўторак

Вядома, што рэфрыжэратар з целам Алеся Чаркашына правязуць на беларускую мяжу ў панядзелак. Пакуль незразумела, ці цела адразу аддадуць родным, ці яшчэ павязуць у берасцейсці морг. Дакладна вядома, што ў панядзелак развітанне з Чаркашыным плануецца ў царкве. Хутчэй за ўсё, пахаванне будзе ў аўторак. 

Зміцер Панкавец

0
Лях / Адказаць
29.08.2015 / 15:25
Вельмi сумна. Шкада што лепшыя сыны Беларусi так рана сыходзяць ад нас. Я веру, што надыдзе час, калi у Беларусi яго iмя увекавечаць. Спачуваннi бацькам.
0
сябар / Адказаць
29.08.2015 / 15:42
Мiр табе i вечная памяць,брат-беларус
0
Волат / Адказаць
29.08.2015 / 16:13
Вечная і светла памяц! Вельмі шкада...
Паказаць усе каментары/ 50 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру