Прэтэндэнт у кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі Віктар Цярэшчанка, які знаходзіцца ў 3-й гарадской клінічнай бальніцы, напісаў заяву ў Ленінскае РУУС Мінска з просьбай правесці расследаванне інцыдэнту, які адбыўся раніцай 28 жніўня ў сталічным кафэ «Грунвальд», паведамляе belprauda.org.
Нагадаем, Цярэшчанка 28 жніўня быў дастаўлены ў бальніцу з дзелавой сустрэчы, якая праходзіла ў кафэ ў цэнтры Мінска.
Ён замовіў сабе маркоўны фрэш з вяршкамі, потым у Цярэшчанкі з'явіўся ацёк і здранцвенне твару, вачэй.
Яго даставілі ў 3-ю гарадскую клінічную бальніцу, дзе медыкі дыягнаставалі ў яго алергічную рэакцыю.
«Беларускай праўдзе» Цярэшчанка заявіў: «Ёсць трэцяя асоба, зацікаўленая, каб я не перашкаджаў, каб мяне не было ў спісах для галасавання. Я прыхільнік дзяржаўнасці, я супраць Плошчы, супраць расхіствання чоўна, у якім мы ўсе знаходзімся — Рэспублікі Беларусь, я прафесар эканомікі і кажу пра рэформы ў эканоміцы. Але кагосьці гэта не задавальняе».
Атачэнне палітыка не выключае спробу атручвання Віктара Цярэшчанкі.