Паводле газэты, у сёньняшняй сытуацыі Ўкраіна прадэманстравала беспрэцэдэнтную жорсткасьць. «Газпром» ня выстаяў перад пагрозай зрыву эўрапейскіх кантрактаў і зьняў абмежаваньні па пастаўках газу без усялякіх умоваў.

Газавая вайна Расеі і Ўкраіны прыпыненая, піша «Коммерсант». «Газпром» ня выстаяў перад пагрозай зрыву эўрапейскіх кантрактаў і зьняў абмежаваньні па пастаўках газу ва Ўкраіну без усялякіх умоваў. Расейская манаполія пагадзілася, што атрыманы ў гэтым годзе Ўкраінай газ будзе аплачвацца па $179,5 за 1 тыс. кубамэтраў. Украіна ўсяго толькі пагадзілася працягнуць перамовы. У «Газпроме» спадзяюцца ўсё-ткі дамагчыся саступак з боку Кіева. Але дагэтуль усе перамовы бакоў не давалі плёну, а Ўкраіна ў сёньняшняй сытуацыі прадэманстравала беспрэцэдэнтную жорсткасьць. Экспэрты выданьня мяркуюць, што Ўкраіна добра падрыхтаваная да жорсткіх стасункаў з «Газпромам» і мае ня горшы набор інструмэнтаў для вядзеньня перамоваў і гандлю.

Нагадаем хроніку апошняй украінска-расейскай газавай вайны.

26 лютага афіцыйны прадстаўнік «Газпрому» Сяргей Купрыянаў паведаміў, што 3 сакавіка з 10:00 у сувязі зь неплацяжамі за газ холдынг скароціць пастаўкі для спажыўцоў Украіны на 25%.

3 сакавіка расейская манаполія выканала сваё абяцаньне — пастаўкі газу ва Ўкраіну былі скарочаныя на 25% (паводле ўкраінскага боку — на 35%). Пры гэтым «Газпром» выставіў новы ўльтыматум — у выпадку нявыплаты Ўкраіне паабяцалі скараціць пастаўкі газу яшчэ на чвэрць. Са свайго боку НАК «Нафтагаз-Украіна» выступіў з заявай, што абмежаваньне паставак газу ва Ўкраіну супярэчыць галоўнаму прынцыпу тэхнічных умоваў узаемаадносінаў паміж кампаніямі ў газавай сфэры. Кампанія гарантавала пры гэтым бесперабойны транзыт для эўрапейскіх спажыўцоў датуль, пакуль гэта ня будзе пагражаць энэргетычнай бясьпецы Ўкраіны.

4 сакавіка прэс-служба «Газпрому» зьвінаваціла Ўкраіну у несанкцыянаваным адборы газу. Нібыта толькі за суткі было адабрана 104 млн куб. м газу, што складае каля 70 % сутачнага аб’ёму паставак. У адказ расейцы ў той жа дзень скарацілі пастаўкі газу на 25%. Газета.ру прывяла словы расейскіх аналітыкаў Аляксея Макаркіна і Дзьмітрыя Абзалава пра тое, што ў «Газпрому» зьявіўся шанец давесьці няздольнасьць Украіны выконваць свае абавязкі па бесперабойным транзыце расейскага газу ў Заходнюю Эўропу. Бескампраміснасьць холдынгу павінна прадэманстраваць бессэнсоўнасьць гандлю ў пытаньнях вызначэньня цэнаў на газ іншым удзельнікам рынку, і Беларусі ў тым ліку. Беларускі бок адмовіўся ад камэнтароў нават пасьля таго, як агенцтва «Інтэрфакс» распаўсюдзіла інфармацыю пра штодзённыя страты «Белтрансгазу» у памеры $140 тыс.

5 сакавіка НАК «Нафтагаз-Украіна» заявіў пра свой асымэтрычны адказ расейскай кампаніі — скарачэньне паставак газу для эўрапейскіх спажыўцоў на 60 млн кубамэтраў. Пазьней кіраўніца ўкраінскага ўраду Юлія Цімашэнка заявіла, што эўрапейцы атрымаюць свой газ у поўным аб’ёме, аднак «Газпрам» палічыў за лепшае аднавіць пастаўкі газу ва Ўкраіну без усялякіх умоваў.

Гендырэктар «Белтрансгазу» Ўладзімер Маёраў, камэнтуючы сытуацыю з абмежаваньнем Расеяй паставак газу ва Ўкраіну, адзначыў, што транзыт газу праз тэрыторыю Беларусі скараціўся нязначна. Канкрэтныя лічбы стратаў кіраўнік «Белтрансгазу» не агучыў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?