Калі ёю ня хочуць карыстацца, альбо не даюць. Піша на сваім блогу Сяргей Астравец.

Бачу: найбольш публіку цікавяць нейкія сэнтэнцыі адносна мовы беларускай. Мяне запыніў знаёмец: дзядзька, ты чаго напісаў на сваім блогу, што мова нашая горш распрацавана за польскую? Ты што — палянафілам зрабіўся? Уразіў двойчы, можна сказаць. А хіба беларуская, возьмем толькі міжваеннае дваццацігодзьдзе, разьвівалася ў аднолькава свабодных, спрыяльных умовах з польскай? Улада ўсяляк дбала і пашырала? Ці, наадварот, за мову запісвалі ў нацыяналісты і расстрэльвалі?

А што датычыць тэрміналёгіі, працы камісіі адмысловай, яе слоўнічкаў, дзе ўсё гэта? Карацей, паслухаць: пад пастаянным прыгнётам, у несвабодзе, у атмасфэры страху, забаронаў беларуская мова выдатна разьвівалася? Ёй нават свабода была неабавязковай? За кратамі, маўляў, таксама можна ідэальна распрацаваць… Абсурд? Трызьненьне! Нагадаю, што з часу незалежнасьці нашай дагэтуль ня выдадзена ніводнага слоўніка сапраўднага. А ты дзядзька кажаш — распрацавана як мае быць, палякам можна не зайздросьціць. А я, выбачай, зайздрошчу, але хіба гэта палянафільства?

Сустрэў днямі сябру, задаў пытаньне — як яны “змагаюцца з гідрай”, спрабуюць групу ў дзіцячым садзе стварыць? Гаворыць, зьвярнуліся да бацькоў, далі абвестку, адразу восем заяў. Улады забаранілі самадзейнасьць, напісалі свой тэкст. І колькі, думаеш, заяў атрымалі пасьля гэтага? Нуль! А што яны там напісалі? — пытаюся. Канстатацыю, па тыпу: родная мова — душа народу, крыніца чагосьці там. Ну, ясна: неба — сіняе, трава — зялёная, сонца сьвеціць.

Размаўляем так, далучаецца яшчэ адзін прыяцель. Мне, кажа, насраць (так і сказаў!) на іхнія эпітэты-мэтафары. Калі яна такая прыгожая, чаго трымаеце ў чорным целе? Забясьпечце, паразіты, ёй нармальныя ўмовы існаваньня, якія створаны для акупацыйнай… Тут нашая размова ўзмацнілася: сапраўды з прыгожымі словамі на вуснах можна зь беларускай мовы зьдзеквацца беспакарана, прыніжаць, можна нават плюнуць у яе — калі ласка!

Пастаялі яшчэ хвілін дзесяць і разышліся. А падсумаваньне такое: прыгожая, але кволая, вось рускі язык, ён вялік і магуч. Прычым, вялік і магуч у Рэспубліцы Беларусь, дзе сваю “моўную крыніцу” заплявалі, засьмецілі, загадзілі, каб ёй не карысталіся. А хто спрабуе расчысьціць, адрадзіць — той нацыяналіст, па руках яго! Ды што па руках? Кайданкі для чаго існуюць?!

А ты, дзядзька, кажаш — пачуваецца ня горш за польскую. Шкада будзе польскую да сьлёз, калі, ня да Божа, трапіць у такія яжовыя рукавіцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?