06.09.2015 / 12:06

Менскі бард выконваў беларускія песні і вершы ў акопах пад Марыупалем  3

«Патрыятычнымі песьнямі іх ня зьдзівіш, але заля сьціхала, калі гучалі лірычныя», — згадвае менскі бард Зьміцер Захарэвіч пра рэакцыю ўкраінскіх байцоў на свае выступы.

Зьміцер Захарэвіч у жніўні даў 5 канцэртаў для ўкраінскіх вайскоўцаў і добраахвотнікаў, якія ваююць пад Марыюпалем. Сваімі ўражаньнямі ён падзяліўся з радыё «Свабода».

«Мэта ў нас была — падтрымаць маральна ўкраінскіх байцоў, паказаць ім беларускую салідарнасьць, што шмат беларусаў падтрымліваюць іх змаганьне за незалежнасьць. Сёньня там ідзе барацьба ня толькі за Ўкраіну, але і за Беларусь. Адчуваю абавязак і перад сваімі ўкраінскімі сябрамі — выказаць ім сваю салідарнасьць», — кажа Захарэвіч, былы памежнік.

«Мы былі на фронце каля вядомага сяла Шырокіна пад Марыюпалем, у такіх населеных пунктах, як Чармалык, Кірылаўка. Гэта побач з нэўтральнай паласой, бачылі яе на ўласныя вочы. Выступаў з канцэртамі перад байцамі — сьпяваў свае песьні, чытаў вершы. У розных умовах: у нейкіх бункерах, непасрэдна на блёк-пастах, па месцы дысьлякацыі. Наведалі ня толькі пазыцыі, дзе стаяць разьведчыкі-унсоўцы, але таксама і памежнікаў, Нацгвардыю. За тры дні даў пяць канцэртаў».

«Абстрэлы адбываюцца там штоноч, пачынаюцца недзе каля 8—10 вечара і могуць ісьці да самой раніцы. А вось у пятніцу, 28 жніўня, калі мы былі на 11-м блёк-посьце, дык абстрэл быў удзень, а палове на трэцюю. Абстрэльвалі зь мінамётаў»

«Цяпер суадносіны сілаў там прыкладна роўныя. Баец «Таполя» нам казаў, што Марыюпаль яны ні ў якім разе не здадуць, а калі сэпаратысты зноў сунуцца, дык для іх тут будзе, як Сталінград для немцаў. Кажуць, што сам Марыюпаль добра абаронены, называюць абарону «лініяй Парашэнкі», але прызнаюць, што ўдар могуць нанесьці вышэй, на поўнач ад гораду, каб выйсьці да мора за Марыюпалем і замкнуць «кацёл». Мяркуюць, вельмі шмат будзе залежаць ад камандаваньня. Да камандаваньня ў шарагоўцаў застаецца шмат прэтэнзіяў: што марудзяць, што не ўзгадняюць дзеяньні паміж рознымі структурамі і часткамі. А што да настрою саміх шарагоўцаў, дык ён баявы, яны не саступяць і нават гатовыя ісьці ў наступ, каб ачысьціць украінскія тэрыторыі ад сэпаратыстаў і расейскіх вайскоўцаў».

«Усе прызнаюць, што насамрэч стратаў больш, чым афіцыйна прызнаецца адпачатку. І наадварот, пра страты сэпаратыстаў ідзе перабольшваньне. Байцы жартуюць, што калі б скласьці страты сэпаратыстаў, пра якія кажуць афіцыйныя крыніцы ва Ўкраіне, дык на тым баку не засталося б байцоў. Але ўсе разумеюць, што гэта элемэнты інфармацыйнай вайны, якую вядуць абодва бакі». 

Што да настрояў насельніцтва ў марыупалі, то «мяркуючы па тых кантактах, што мы там мелі, настроі прыкладна такія: большасьць за тое, каб не было вайны. То бок тая ўлада ці гэтая, толькі б не стралялі, не давялося б усё кідаць і ўцякаць. Палітычныя сымпатыі прыкладна пароўну паміж прарасейцамі і праўкраінцамі. Зьнешне бачна, што горад жыве сваім жыцьцём, працуюць установы, кавярні адкрытыя па вечарах. Пра славутыя марыюпальскія мэталюргічныя заводы кажуць, што яны працуюць, праўда, можа, не на поўную моц. Жартуюць, што раней памыеш аўтамабіль, дык праз ноч ён зноў чорны, а цяпер — чысты. Нас правезьлі па горадзе, паказалі спаленыя будынкі гарадзкой управы міліцыі, гарадзкой адміністрацыі. Прывезьлі на пляж. Можа, пляж быў і не такі поўны, але людзі адпачывалі».

«Што да назваў, дык як была вуліца Арцёма, гэтак яна пакуль і ёсьць, магчыма, рукі яшчэ не дайшлі. Нават праспэкт Леніна як быў, гэтак пакуль і застаўся. Але помнікаў Леніну ўжо няма, стаяць пустыя пастамэнты».

«Бачылі яшчэ аўтамабілі АБСЭ. Але там сытуацыя такая: група АБСЭ звычайна выяжджае на лінію фронту ўдзень, а ўвечары яны вяртаюцца ў Марыюпаль. І таму, як казалі хлопцы, уначы адбываюцца абстрэлы. Гэта я чуў і бачыў успышкі штоноч, як быў там. Таму ўкраінскія байцы асабліва ня вераць у АБСЭ і ў менскія дамоўленасьці. Кажуць, што веры ім няма. І сапраўды, якое замірэньне, калі вось у ноч на 27 жніўня пад абстрэлам пад Марыюпалем загінуў 21 вайсковец, больш за 30 параненых — і гэта толькі афіцыйныя зьвесткі?»

Сярод байцоў «ёсьць такія настроі, што Майдан пакуль не даведзены да канца. Але ў той жа час рабіць Майдан-3, калі на ўсходзе ідзе вайна — пра гэта не гавораць нават самыя гарачыя з тых, з кім даводзілася размаўляць. Але ведаю, што ёсьць і такія настроі.

Нейкія новыя спадзевы ў змаганьні з карупцыяй узьніклі, як пачаў сваю працу ў Адэсе Саакашвілі. Але больш людзі спадзяюцца на саміх сябе — украінцы ў гэтым сэнсе ўсё ж адрозьніваюцца ад беларусаў».

Да Лукашэнкі «недавер застаецца. Адзначалі, што ён застаецца дыктатарам, да таго ж прарасейскім. Кажуць і тое, што ён круціцца, спрабуе ўседзець на двух крэслах. Але для іх вельмі важным было тое, што да іх прыехалі падтрымаць іх барацьбу менавіта зь Беларусі. Да нас ставіліся зь вялікай павагай, скажу бязь лішняй ганарлівасьці».

«У мяне нямала баявых песень, такіх вершаў, іх слухалі добра, усё нармальна. Але калі пераходзіў да лірычных, дык такая цішыня ўсталёўваецца, такая ўвага! Глядзіш па вачох, і бачыш, наколькі людзі сумуюць па сваіх сем’ях, па каханых жанчынах. Дарэчы, заўважу, што там ваюе шмат і тых, хто сам з тых мясьцін Данецкай ды Луганскай абласьцей, якія цяпер пад кантролем сэпаратыстаў. Нездарма гэтыя вайскоўцы не фатаграфуюцца, каб не падстаўляць свае сем’і, бо ўжо былі і расправы. Мужнасьцю гэтых людзей можна толькі захапляцца».

0
Украіна пераможа! / Адказаць
06.09.2015 / 16:34
Вельмі цікава чытаць аповед відавочцы. Дзякуй, Зміцер!
0
алекс / Адказаць
06.09.2015 / 19:58
Украіна пераможа!, так. Тольки пабачыушы усе на уласныя вочы можна рабиць нейкия высновы. Фразу уже все равно кто победит лишь бы война закончилась слышал даже от некоторых беженцев из т.н. лнр-днр ещё в прошлом году.
0
Iгар / Адказаць
06.09.2015 / 22:27
ай малайчына сусед... павага табе...
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру