Унітарнае прадпрыемства «Мінскія тэлевізійныя інфармацыйныя сеткі» (МТІС) уключыла ў пашыраны пакет кабельнай сеткі спартыўны канал «Еўраспорт 2». Пра гэта паведамляе афіцыйны інтэрнет‑сайт прадпрыемства.

Як гаворыцца ў прэс‑рэлізе, спартыўны тэлеканал «Еўраспорт 2» прыкметна адрозніваецца ад асноўнага канала «Еўраспорт».

Большасць праграм «Еўраспорт 2» ідуць у прамой трансляцыі.

Асаблівая ўвага надаецца папулярызацыі такіх арыгінальных гульнёвых відаў спорту, як сквош, рэгбі‑7, бадмінтон, настольны тэніс, фларбол, гандбол, баі без правілаў, бэндзі, бейсбол. Таксама будуць транслявацца перадачы, прысвечаныя спартыўнаму экстрыму.

У праграме новага дня абанентаў кабельных сетак тэлеканала — трансляцыі спартыўных спаборніцтваў, кароткія інфармацыйныя перадачы, блокі навін і шмат іншага.

Тэлеканал «Еўраспорт 2» шырока асвятляе і такія традыцыйна папулярныя гульнёвыя віды спорту, як футбол, валейбол, тэніс, баскетбол, шматлікія зімовыя віды.

Так, вядуцца трансляцыі футбольных матчаў італьянскага чэмпіянату сэрыі B [дзе гуляе форвард нацыянальнай зборнай Віталь Кутузаў -- НН], Кубка УЕФА, адборачных гульняў чэмпіянату Еўропы‑2008, юніёрскіх турніраў для гульцоў маладзей за 19 і 17 гадоў, баскетбольных паядынкаў Кубка ULEB і інш.

Аматары валейбола змогуць назіраць за матчамі Міжнароднага Гран‑пры, Міжнароднай лігі, Міжнароднага турніру па пляжным валейболе. Каналам набыты правы на трансляцыю кубкаў і чэмпіянатаў свету па найважнейшых зімовых дысцыплінах (горныя лыжы і лыжнае дваябор’е, скачкі з трампліна, санны спорт, бабслей, скелетон), Міжнароднага турніру па хакеі з шайбай (Кубак лато), Кубкаў свету па фрыстайле і сноўбордзе.

У сетцы МТІС «Еўраспорт 2» з 5 сакавіка транслюецца на частаце 41‑га канала (631,25 МГц).

Марына Носава, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0