Роспач

Плачу,
захлынаючыся ад роспачы —
сьвятар адпявае бацьку
ня той моваю,
якою ён жыў,
і я не магу перайначыць
словы чужынскія
над роднай магілай.

Выпрабоўваю вецер

Роўненька
праз сорак дзён,
як бацька цялесны
пакінуў мяне назаўсёды,
сілы нябесны
забралі майго
айца духоўнага.
Стаю ў аголеным полі —
выпрабоўваю вецер.

Віленскія сьцежкі

Да высокае Вострабрамскай,
да ўтрапёнага Кастуся,
да наструненай Ганны,
да непатопнага Язафата —
і можна вяртацца
ў зварушны побыт,
трымаючы ў нерушы
квадратуру быцьця.

Трое ў Сусьвеце

Мы гулялі ў Бая,
каторы бег па сьцяне
ў чырвоным каптане.
Дзьве пары пальцаў
шпарка імчалі
па прыцьмелай кватэры
ды ўскочылі на падвоканьне,
за якім на бэзавым небе
вымалёўваўся маладзік.
Бай зьнерухомеў,
зьніякавеў і зьнік вокамгненна.
А мой двухгадовы
кампаньён па гульні
ўрачыста абвесьціў,
хто ў гэты вечар
валадарыць сусьветам —
Ясь,
Баба
і Месячык.

Разьвітаньне з садам

Недацьвілую ружу
прыхопяць марозы
і пойдзе пад сьнег
скамянелая кроў,
красавіцкім дасьвецьцем
адцінак змарнелы
хтось зрэжа —
ня ўбачу таго.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?