Побач з Аляксандрам Лукашэнкам на сустрэчах у Пекіне сядзеў міністр абароны Андрэй Раўкоў (справа) і кіраўнік вайскова-прамысловага камітэта Сяргей Гурулёў.

Побач з Аляксандрам Лукашэнкам на сустрэчах у Пекіне сядзеў міністр абароны Андрэй Раўкоў (справа) і кіраўнік вайскова-прамысловага камітэта Сяргей Гурулёў.

Аляксандра Лукашэнку ў Кітаі суправаджаюць міністр абароны Андрэй Раўкоў і кіраўнік Вайскова-прамысловага камітэта Сяргей Гурулёў. Якія супольныя інтарэсы могуць быць у Беларусі і Кітая ў пытаннях узбраенняў і вайсковых тэхналогій? Мы спыталіся пра гэта ў вайсковага аглядальніка Аляксандра Алесіна.

Аляксандр Алесін: Калі браць апошнія падзеі, то Кітай — наш партнёрам па вытворчасці рэактыўных сістэм залпавага агню «Паланэз». Мяркуючы па інфармацыі, што маецца, гэта такі гібрыд рэактыўнай сістэмы залпавага агню і аператыўна-тактычнага комплексу, бо яго адлегласць паражэння можа дасягаць да 280 кіламетраў. Прычым у канструкцыі гэтага комплекса ёсць падзел працы. Беларусы вырабляюць шасі, пускавую ўстаноўку, электроннае начынне, а Кітай — саму ракету. У нас няма вытворчасці ракет, цвёрдага пораху. Кітай жа дасягнуў у гэтым кірунку вялікіх поспехаў, некаторыя мяркуюць, што яны ідуць наперадзе Расіі.

Лукашэнка заўсёды марыў атрымаць зброю стрымлівання супраць суседзяў, якая б дазваляла патэнцыйна нанесці ім сур’ёзную шкоду. Цяпер такой зброяй з’яўляюцца аператыўна-тактычныя комплексы. Дарэчы, знакаміты «Іскандэр» — гэта якраз аператыўна-тактычны комплекс.

Расія не вельмі схільная прадаваць нам такую зброю. Магчыма, праз нашу беднасць. Магчыма, самі яшчэ не пераўзброіліся.

Лукашэнка ставіў задачу набыць такую зброю ад 2009 года. Ён наўпрост казаў, што колавая база і сістэма навядзення будзе наша, а ракету, калі трэба, купім. На сёння ўсё так і адбылося.

Я так разумею, што выпрабаванні «Паланэзаў» адбываліся ў Кітаі. У Беларусі няма палігона, дзе можна было б страляць на такую адлегласць. Нават на 100 кіламетраў. Абяцалі «Паланэзы» ў 2016 годзе паставіць на ўзбраенне.

Калі мы іх атрымаем, то гэта прымусіць усіх патэнцыйных нашых «сяброў», адсунуць ад мяжы на глыбіню звыш 200 кіламетраў найбольш важныя стратэгічныя аб’екты.

«НН»: Ці высока цэніцца Кітай на рынку вайсковых тэхналогій і ўзбраенняў?

АА: Па-рознаму. Кітай сямімільнымі крокамі здаганяе перадавыя краіны Захаду і Расію. Што тычыць рэактыўных сістэм залпавага агню, то тут Кітай займае вядучае месца ў свеце з Расій.

Што тычыцца танкаў, то Кітай таксама блізкі да Расіі.

У авіяцыі Кітай яшчэ адстае, бо не мае рухавікоў з салідным рэсурсам. Яны скапіявалі расійскія Су-27, выкарысталі частку напрацовак Ізраіля, частку скапіявалі з амерыканскіх аналагаў.

Што тычыцца электронікі, то тут, як пішуць спецыялісты, яны Расію абганяюць.

«НН»: Дык можа супрацоўніцтва з Кітаем у вайсковай сферы нам выгаднейшае, чым з Расіяй?

АА: Не зусім так. Наш узброены парк у вялікай ступені савецкі, мадэрнізаваны з яго ці расійскі. Расія не хоча губляць Беларусь са сваіх сфераў уплыву, і многія вайсковыя сістэмы нам дастаюцца ці па бартэры, ці танна. У рамках СНД дзейнічаюць адмысловыя цэны. Плюс да ўсяго абслугоўваць кітайскую тэхніку цяжкавата, бо Кітай далёка. У сукупнасці гэтых фактараў прымушае нас гаварыць, што ў большасці сістэмы будуць расійскімі, але на некаторых прарыўных кірунках будзе выкарыстоўваць досвед Кітая.

«НН»: А якія новыя накірункі дзейнасці з Кітаем можа развіваць Беларусь?

АА: Магчыма, бранятэхнікі. І другіх відаў ракетна-артылерысцкіх сістэм. Астатняе не вельмі выгадна, цяжкая лагістыка. А ракеты да «Паланэзаў» пастаўляюцца ў спецыяльных пакетах, заводскай упакоўцы. Гэтак жа і захоўваюцца, тут усё прасцей.

Тут можа быць супрацоўніцтва і ў іншы бок. Мы займаемся вырабам некаторых відаў спадарожнікавага абсталявання. Напрыклад, сістэма аптычнага дыстанцыйнага зандавання Зямлі. Наш спадарожнік «БелКА» дазваляе весці аптычнае зандаванне Зямлі, але гэтая сістэма падвойнага прызначэння, яна дазваляе сачыць, як за пасевамі, пажарамі, паводкамі, гэтак і дазваляе складаць лічбавыя карты зямной паверхні, якія спатрэбяцца пры навядзенні высокадакладнай зброі — крылатых і балістычных ракет. Паводле некаторых звестак, у нас і тут ідзе супрацоўніцтва з Кітаем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?