У апошні дзень зімы, ды яшчэ раз на чатыры гады — 29 лютага, — які спэктакль маглі паставіць «купалаўцы», акрамя крывавага шэксьпіраўскага «Макбэта»? Верагодна, такім самым чынам яны будуць адзначаць Гэлоўін і Вальпургіеву ноч.

У залі было шмат падлеткаў (здаецца, з настаўніцай), што ня дзіўна: «Кашмар на вуліцы Вязаў», скажам, разьлічаны, перш за ўсё, на падлеткавую аўдыторыю. Але адна з самых крывавых п’ес вялікага брытанца пастаўленая вельмі нават па‑даросламу. Літоўскі рэжысэр Альгірдас Латэнас пабачыў у ёй процьму вечных праблемаў, што і паспрабаваў данесьці да чытача сваёй наватарскай пастаноўкай.

Шчыра кажучы, я ішоў на «Макбэта», баючыся пабачыць чарговую банальную гісторыю пра тое, як усенародна абраны кіраўнік дзяржавы (Макбэт — Алег Гарбуз) становіцца прымітыўным забойцам, які арганізуе зьнікненьне былога паплечніка (Банка — Мікалай Кірычэнка) — ну, і іншае, іншае, іншае… У рэшце рэшт, быў жа момант, калі і на менскіх сцэнах ішлі амаль адначасова тры п’есы пра шалёную злачыннасьць улады — «Эрык XIV» Стрындбэрга, «Рычард» таго ж Шэксьпіра і «Барыс Гадуноў» Пушкіна — Мусаргскага. Але сп.Латэнас выявіўся намнога больш тонкім і вынаходлівым у сваім тлумачэньні.

Прыдуманы Латэнасам і сыграны Гарбузам Макбэт… не вінаваты! То бок, вядома, вінаваты, бо пралітую кроў цалкам добразычлівага караля Дункана (такі сабе лагодны і самавіты экс‑старшыня Дзяржпляну БССР — вельмі дакладная праца Сяргея Краўчанкі) з рук ніяк ужо ня змыеш. І не таму, што звар’яцелыя наагул ня маюць плаціць па рахунках. А таму, што іх Макбэт — гэта маленькі хлопчык, што прызвычаіўся на практыцы рэалізоўваць свае страшныя фантазіі. Возьмем, напрыклад, выдатную сцэну, у якой ён, ужо каранаваны, аддае загады забойцам — Паўлу Яскевічу і Аляксандру Паўлаву, што выйшлі з глядацкай залі ў модных сучасных строях, падобных да тых, якія я ў 1994 г. яшчэ назіраў на супрацоўніках службы бясьпекі кара… (эх, куды мяне занесла!) — так, вядома, Яго Высокасьці. Макбэт (Гарбуз), быццам хлопчык, спрабуе сьпіхнуць на іх віну за прынятае ім рашэньне выдаліць Банка, арганізаваць ягонае зьнікненьне. І так — на працягу ўсяго спэктаклю.

Тым больш што такая трактоўка цалкам адпавядае трактоўцы ролі лэдзі Макбэт (вось ужо дзе разгарнулася Сьвятлана Зелянкоўская). Але нават спакушаючы будучага караля ўсім арсэналам вабнотаў, якія ў яе толькі ёсьць, жонка ставіцца да яго як да нерашучага хлопчыка, апанаванага сумневамі, які ня можа наважыцца на галоўны крок у сваім жыцьці. Бо нават калі яна і ўспрымае Макбэта як уласнага сына, усё адно (прыгадаем трактоўку Эдыпавага комплексу доктарам Фройдам) маці мусіць спакусіць свайго недарэчнага сына, каб ператварыць яго ў мужчыну.

Наагул, Фройдам прапахлі нават акрываўленыя прасьціны, аб якія героі выціралі рукі пасьля ўчыненага імі забойства. Каралевіч Малькольм (яшчэ адна ўдалая праца Мікалая Прылуцкага), што эміграваў з краіны праз свой страх патрапіць пад крымінальны перасьлед з палітычных матываў, шчыра іграе такога сабе кепскага хлопчыка, што расказвае даросламу дзядзечку Макдуфу (Вячаслаў Паўлюць) пра свае таемныя ганебныя памкненьні, прычым распуста і зьдзірства між іх — бадай, самыя даравальныя. Макдуф нават змагаецца зь ім, як бацька змагаецца з сынам, што захрас у грахах, каб прымусіць яго адрынуць недахопы і ўзяцца за розум.

Макдуф у выкананьні Паўлюця — антыпод лэдзі Макбэт — Зелянкоўскай. Калі Зелянкоўская (маці) разбэшчвае, дык Макдуф (бацька) вяртае на правільны шлях. Не выпадкова, на наш погляд, у канцы спэктаклю Макдуф, насуперак волі Шэксьпіра, зусім не забівае свайго канчаткова зьдзяцінелага крэўнага ворага Макбэта, што пачаў брахаць бы той зласьлівы маленькі шчанюк, а абяцае пасадзіць яго ў клетку і вазіць па гарадах і вёсках. Такі Макдуф, міласэрны і паблажлівы да крывавых «сынавых» жартачак, настолькі нечаканы, наколькі нечаканыя яго сапраўдныя сьлёзы ў момант, калі ён дазнаецца пра страшэнную разьню, учыненую на загад Макбэта ў ягоным замку. Вячаслаў Паўлюць, цалкам тэхнічны актор на другасных ролях, відавочна заслугоўвае большага. Ва ўсялякім выпадку, пабачыўшы гэтыя сьлёзы Макдуфа, я адчуў, як у мой локаць упіліся пальцы суседкі, што, відавочна, перажывала тое ж, што і я, — пачуцьцё далучанасьці да высокага мастацтва.

Але ж галоўным адкрыцьцём спэктаклю становіцца Макбэт у выкананьні Алега Гарбуза.

Цудоўны камэдыйны і характарны актор, Гарбуз пераканаўчы і ў гэтай адной з самых складаных роляў сусьветнага трагічнага рэпэртуару. Ён надзіва псыхалягічна гнуткі, і калі ў першай сцэне зь вядзьмаркамі мы бачым сьпелага мужчыну (амаль аднагодка ягонага сябра Банка), то далей ён усё больш і больш прыпадабняецца да дзіцяці. Мы прыгадваем, што клясычныя казкі Шарля Пэро і братоў Грым, як правіла, крывавыя і страшныя, што наш уласны дзіцячы сьвет быў да неімавернага цёмным — і квінтэсэнцыя страху абвалілася на нас, калі мы залазілі пад коўдру, накінутую на стол. Было цёмна. Было жахліва. Хацелася паклікаць на дапамогу. І калі, ускокваючы, зьбівалі ўлюбёную маміну вазу, што стаяла на стале і якую мы самі на гэтую няшчасную коўдру і пераставілі (каб маці не здагадалася, што мы — там, зьнізу, унутры, пад сталом…), дык мы прыдумлялі, на каго сьпіхнуць віну…

Дарэчы, пра пошукі дзецьмі вінаватага — іншыя казкі, ужо прачытаныя намі — падрослымі. Пра Карлсана. Пра Піпі Доўгаяпанчоха. Нават пра Віні‑Пуха. Толькі тут, на «купалаўскай» сцэне, марна спрабуе знайсьці свайго Карлсана такі дарослы Малы, што ўжо голіцца, займаецца сэксам, загадвае забіць няўгоднага яму чалавека і нават здольны сам зьдзейсьніць забойства. І пасьля пакутуе ад учыненага, так што ў дачыненьні да яго можна было б зьмяніць пушкінскі радок:

    И все тошнит, и голова кружится,
    И Карлсоны кровавые в глазах…

Вось ужо гэтыя дзеці, што разыгрываюць перад намі сваю жорсткую крывавую гульню! Ім усім здаецца, відаць, што яны — яшчэ зусім маленькія, што адказваць за зробленае ім ніколі не давядзецца, таму што адказнасьць за ўчынак узяў на сябе нехта іншы. Мама. Забойцы. Кіраўнік дзяржавы, што аддаў адпаведны загад. І толькі дарослыя людзі здольныя адказваць за зробленыя ўчынкі — і за ўласныя, і за чужыя. Няхай нават нехта ня вытрымае гэтай адказнасьці і засіліцца, як лэдзі Макбэт (слабай выявілася, хоць і швэндалася па сцэне ў жалезных дасьпехах), але затое нехта іншы, як Макдуф, вытрымае, вытрывае ўсё і здолее дамагчыся, каб сьвет — такі жорсткі і няправедны — усё ж такі зьмяніўся.

Дарэчы, і каралевіч Малькольм, што «ўсяго толькі гуляе ў Макбэта», таксама выяўляецца слабым. Невыпадкова, замест таго, каб сесьці на трон і аддзячыць сваім падданым, ён, перапалохаўшыся, сыходзіць ад гэтай адказнасьці ў залю, зьмешваецца з натоўпам гледачоў і зьнікае, пакідаючы зьбянтэжанымі Макдуфа і Роса (Сяргей Чуб), якім ён абавязаны сваёй веліччу.

Многае ў гэтым спрэчным спэктаклі сыгранае (ды і пастаўленае) зусім ужо просталінейна. І сыход забойцаў з залі, і люстэркі, што памнажаюць Банка, які распускаецца ў іх бездані. І нават сівізна, якой у літаральным сэнсе слова фарбуе караля Шатляндыі зласьлівы кон. Але і ў такім выглядзе «Макбэт» Купалаўскага тэатру становіцца несумненнай мастацкай падзеяй. І прымушае пра многае задумацца.

У прыватнасьці, прымушае задумацца мяне як гледача: а ці ня выявіцца шалёны Макбэт Алега Гарбуза надта ўжо падобным да ягонага ж шалёнага Эрыка, якога мне яшчэ давядзецца паглядзець? Дадайце туды ж яшчэ пару каранаваных асобаў, якіх лёгка можа сыграць гэты таленавіты актор: скажам, цара Фёдара Іаанавіча з трагедыі Аляксея К.Талстога, Барыса Гадунова з пушкінскай драмы, Карла IX з трагедыі М.‑Ж.Шанье… Ну, відавочна, што знаходкі ператворацца ў штампы і надакучаць гледачу, як і лёгкі флёр сьцярвознасьці, што пераходзіць з ролі ў ролю Сьвятланы Зелянкоўскай.

Увогуле, да наведваньня спэктаклю паводле Стрындбэрга спаць вашаму пакорліваму служку відавочна не давядзецца: Гарбуз зарэзаў мой сон!

…А спэктакль скончыўся нечакана. Ужо пасьля таго, як акторы перасталі выходзіць на сцэну на паклон, і заслона апусьцілася, і гледачы пачалі з шумам пакідаць залю, да фатэля‑трону, што адзінотна стаяў (цяжкага, я бачыў некалі такі ў Віскулях!), падышла дзяўчынка.

Яна не пасьпела да кагосьці з выканаўцаў, і чырвоную ружу давялося пакласьці на пусты трон.

І гэта таксама было вельмі сымбалічна.

Аляксандар Фядута, глядач

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0