Новыя вершы ляўрэата прэміі «Гліняны Вялес» — шчымлівыя і дасканалыя.

    * * *
    Па асфальце дажджом секанула зьнянацку,
    І па шыбах пустых, раўнадушшам зашклёных,
    І калоціцца чорнае гольле шалёна,
    І хістаюцца дрэвы ў паклонах вар’яцкіх.
    Разьбягаюцца ў цемрадзі сполахі страты
    І пад ногі, вярнуўшыся, падаюць ніцма,
    І пагрозьліва гмахі, муры, камяніцы
    Да мяне нахіляюць бэтонныя латы.
    Гэта хіліцца сьвет, у сяродку якога
    Зьзяла толькі каханьне… і болей нічога!
    * * *
    Здараецца, зімы далёкай подых
    На цёплы май дыхне,
    І зелень яркую на сушы і на водах
    Аблепіць вогкі сьнег.
    Няхай у сьветлы дзень твой успаміны
    Даходзяць пра мяне,
    Як гэты сьнег, што выпаў на хвіліну
    І хутка праміне.

    Туман

    Ад Сухавея бляклых сполахаў,
    Які зьвястуе гарачынь,
    Накрылася Туману полагам
    Ракі натомленая плынь.
    Як лёгка яшчэ дыхаць сеначы!
    Туман выходзіць зь берагоў,
    На дол абрус бяседны сьцелячы
    На прыйсьце продкаў і багоў.

    Пацяпленьне

    М. Т.
    Цяплынь. Вясна. Хоць лютага пачатак.
    Унучцы Маі можна без пальчатак
    Кранаць усё наўкола прагнай ручкай…
    Мне ж, дзедабогу, пільнаваць за ўнучкай.
    Кажу, каб штось казаць: «Няма збавеньня —
    Глябальнае надходзіць пацяпленьне,
    Яно зыначыць агарод і сад,
    Замест агрэсту зьвісьне вінаград.
    Што? Вінаград? Дык жа яно — жывое!
    Вітае Мая ўсе суздром павоі.
    А мне ўсьміхацца, тоячы нуду…
    Як хораша, што хутка ўжо сыду.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0