Дыскаграфія. J Mors, Адлегласьць, 2008

    Гэта толькі Твая адлегласьць,
    І ніхто не павінен ведаць,
    Дзе і як Ты трымаеш кантроль,
    Дзе радасьць Твая і Твой боль…»

Cловы з загалоўнай песьні дакладна характарызуюць новую працу самага ўпартага, спакойнага і пасьлядоўнага беларускага гурту. З кружэлкі насамрэч цяжка даведацца пра радасьць і боль Уладзімера Пугача. Тэксты песень напоўненыя размытымі і сэнтымэнтальнымі вобразамі аэрадромаў, паветра, краявідаў — усяго таго сьвету, куды ў марах адлятае мэнэджар сярэдняга зьвяна ў перапынках між перамовамі па дарозе дадому, а можа, і падчас саміх перамоваў.

    Дашукацца і назаўжды разам вырвацца з гораду.
    І кранаць валасоў Тваіх беларускае золата…

Гэтай кружэлкай Вы дакладна не папсуяце псыхіку дзіцяці, бацькам ці блізкаму чалавеку. Яна — унівэрсальны падарунак («Ня ведаеш, што купляць — купляй J:Morc, горш ня будзе»). Ад дыску сыходзіць атмасфэра рэспэктабэльнасьці, сталасьці. З буклету на нас пазіраюць 35—40‑гадовыя мужчыны, у якіх усе «дэманы» даўно за плячыма. Самую нэрвовую песьню альбому «Зорку Вэнэру» (ніякіх алюзій на «Песняроў» і Багдановіча, гэта анты‑Багдановіч!) можна ставіць дзецям перад паходам у царкву ці касьцёл (ці замест).

Архетыповая мара беларускага рок‑музыкі — дагнаць і перагнаць «Песьняроў» — вылілася ў кавэр (калі можна гэтак сказаць пра народную песьню) «А ў полі вярба».

(Псэўда‑)хрысьціянскі падтэкст там‑сям праяўляецца ў «агульных месцах», кшталту:

    «Ты адчуеш позірк на сабе,
    Ён напоўніць зьместам Твой сусьвет»
    (Ты адчуеш позірк на сабе)

    Па‑мойму, Хрыстос выказваўся куды больш канкрэтна.

    Кружэлка адлюстроўвае і пэўную мэйнстрымізацыю беларускамоўнасьці культуры. Праз факт праслухоў¬ваньня «Адлегласьці» ніхто не назаве Вас нацыяналістам. Вы сучасны малады чалавек, у курсе навінак, вось вырашылі «прыабшчыцца» да роднага слова праз J:Мors (дзякуй Богу, постэры альбому разьвешаныя ва ўсіх музычных крамах Беларусі).

    Прыхільнікі беларускага року могуць падзякаваць Пугачу з Арловым‑малодшым, што цяпер гэта ўжо ня толькі альтэрнатыўнае мастацтва. І ня толькі для падлеткаў. Пакаленьне, якое спарадзіла «морсаў», расло на кніжках Арлова‑старэйшага і Быкава, пасьля ўцягнулася ў вір дарослага жыцьця — «кава, бізнэс, перамовы», офісная руціна, сям’я — і раптам адчула настальгію па маладосьці, якую гэты альбом задаволіць — цалкам бясьпечна.

    Гэты альбом як лінолеюм — абсалютна роўны, гладкі і ўнівэрсальны. Я ўпэўнены, што ён будзе добра прадавацца. Але сабе я яго не набуду.

    Рэальнае жыццё Ул. Пугача амаль не прабіваецца ў ягоныя песьні (Цікава, ці працуе ён шчэ юрыстам?) Пугач «шыфруецца» за рамантычна‑сэнтымэнтальным вобразам і размытымі тэкстамі. Нават у фільме, прыкладзеным да дыску, адны беларускія дарогі і гарады — і ніводнага твару. Нармальная сытуацыя для краіны, дзе грамадзтва звыклася кантраляваць сябе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?