03.09.2015 / 18:25

У Беларусі накапілася больш за 50 тон непрыдатных проціпухлінных прэпаратаў, утылізаваць якія — вялікая праблема 4

Ва ўстановах аховы здароўя Беларусі сабралася больш за 50 тон непрыдатных цытастатычных проціпухлінных прэпаратаў, паведаміла на прэс-канферэнцыі ў Мінску 3 верасня загадчыца лабараторыі прафілактычнай і экалагічнай таксікалогіі Навукова-практычнага цэнтра гігіены Ірына Ільюкова. 

Паводле яе слоў, цытастатычныя прэпараты адносяцца да небяспечных адкідаў і патрабуюць спальвання пры тэмпературы вышэй за 1200 градусаў або, калі спальванне немагчымае, захавання ў герметычнай металічнай капсуле на палігоне небяспечных адходаў.

У Беларусі ёсць адзін такі палігон — у Чачэрску (Гомельская вобласць), аднак прыём адходаў на ім абмежаваны, і цытастатычныя прэпараты назапашваюцца ў медыцынскіх установах. 

«На жаль, нягледзячы на тое што ва ўсіх медыцынскіх установах для захоўвання цытастатыкаў выдзяляецца асобны пакой без доступу пабочных асоб, пры тэмпературы вышэй за 25 градусаў змесціва цытастатычных прэпаратаў нават з герметычных капсул паступае ў навакольнае асяроддзе», — сказала Ільюкова.

Паколькі паліклінікі і бальніцы звычайна размешчаныя ў густанаселеных раёнах, уздзеянне цытастатыкаў зведваюць і пацыенты, і звычайнае насельніцтва, дадала яна. 

Спецыяліст сказала, што ў Беларусі ёсць шэсць установак, здольных утылізаваць цытастатычныя прэпараты, але не ўсе з іх адпавядаюць патрабаванням. «Улічваючы, што ўтылізаваць тону цытастатычных адкідаў вельмі дорага і ўтылізацыю адходаў аплачвае ўласнік, гэта значыць бальніца або паліклініка, якая іх вырабіла, то яны шукаюць, дзе танней утылізаваць адходы, — адзначыла загадчыца лабараторыі. — Не заўсёды ў медустаноў ёсць магчымасць адшукаць грошы на ўтылізацыю адходаў, часам бывае прасцей захоўваць». 

Паводле слоў начальніка цэха абясшкоджвання адходаў КУП «Экарэс» Руслана Хурсіка, спальванне аднаго кілаграма цытастатыку каштуе 58800 рублёў. «Цытастатыкі — гэта рэальная праблема. Імі забітыя ўсе цэнтры. Гэтыя адходы нельга выкінуць, вядзецца іх улік, і, каб спісаць прэпарат, неабходна падаць дакумент, што ён утылізаваны», — растлумачыў спецыяліст. 

Магутнасць КУП «Экарэс» дазваляе перапрацоўваць 370 тон цытастатыкаў у год, аднак вытворчасць задзейнічаная не поўнасцю, адзначыў Хурсік. Пры наяўнасці сродкаў прадпрыемства здольнае перапрацаваць усе назапашаныя цытастатыкі менш як за год.

0
Ігар / Адказаць
03.09.2015 / 18:48
У чым праблема ? На прадпрыемствах есць печы дзе тэмпература больш 1000 градусаў якрад для спальвання адходаў...
0
knot / Адказаць
03.09.2015 / 19:18
на БМЗ іх...
0
mercury606 / Адказаць
03.09.2015 / 19:23
50 тон адкідаў, якія ўтрымоўваюць цытастатыкі, або 50 тон чыстых цытастатыкаў? Незразумела
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру