Быў парушаны статут арганізацыі. Многія журналісты пратэставалі, пагражаючы пакінуць СЖР.

Учора Рамзана Кадырава прынялі ў Саюз журналістаў Расеі, а сёньня выключылі. Прэзыдэнт Чачні быў прыняты ў чачэнскі аддзел Саюзу «за заслугі у справе станаўленьня свабоднай прэсы», аднак сакратарыят СЖР адмяніў рашэньне. Прычына — Кадыраў ніколі не займаўся журналістыкай, што парушае Статут Саюзу.

У знак пратэсту супраць прыняцьця Кадырава ў СЖР некаторыя журналісты пагражалі пакінуць Саюз. Так, пра свае намеры сысьці з арганізацыі заявіў аглядальнік «Московского комсомольца» Аляксандар Мінкін. Да яго далучыўся галоўны рэдактар «Новой газеты» Дзьмітры Муратаў, заявіўшы, што «катэгарычна адмаўляецца быць у адным саюзе з людажэрамі».

У Адміністрацыі прэзыдэнта Чачні заяўляюць, што Кадыраў нічога ня ведаў пра намер Саюзу журналістаў Расеі прыняць яго ў свае шэрагі, але пасьведчаньне чальца ўзяў з удзячнасьцю.

На сёньня Рамзан Кадыраў зьяўляецца двойчы акадэмікам, двойчы ганаровым прафэсарам, Героем Ічкерыі ды Героем Расеі. Яму таксама належыць найвышэйшыя ўзнагароды Чачніі — ордэн імя Ахмада‑Хаджы Кадырава і ордэн «К’оман Турпал»(Герой Нацыі). Таксама ён мае ордэн «За заслугі перад Айчынай» IV ступені, ордэн Пятра Вялікага I ступені, мэдалі «За ўдзел у контртэрарыстычнай апэрацыі», «За службу на Каўказе», «За ўзмацненьне крымінальнай выканаўчай сыстэмы» і шэраг іншых. У розныя гады Рамзану Кадыраву прысвоеныя званьні «Абаронца Чачэнскай рэспублікі», «Заслужаны абаронца правоў чалавека», «Заслужаны Будаўнік Чачэнскай Рэспублікі».

Яраслаў Сьцешык, паводле расейскае прэсы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0