Чаму бы Марсу не быць такім, як гэтая заснежаная пустэльня ў Сірыі? Фота: shunya.net

Чаму бы Марсу не быць такім, як гэтая заснежаная пустэльня ў Сірыі? Фота: shunya.net

Навукоўцы высунулі новую тэорыю аб тым, куды падзелася атмасфера Марса, распавядае NASA са спасылкай на даследаванне, апублікаванае ў часопісе Geology.

Некалі Марс меў значна больш шчыльную атмасферу пераважна з вуглякіслага газу. Магчыма, яна знікла не пасля таго, як вада сфармавала сучасныя даліны і поймы — у «водныя часы» ўжо магло быць досыць халодна, каля нуля.

Даследчыкі знайшлі пацверджанне таго, што вуглякіслы газ не быў паглынуты падземнымі пародамі, а хутчэй за ўсё выляцеў у космас — пры чым падчас таго, як фармаваліся даліны.

У марсіянскім грунце яны знайшлі занадта малую колькасць карбанатаў (соляў з вады, шчолачы і вуглякіслага газу), што значыць, што вуглякіслы газ з атмасферы глеба не захоўвала. Па іх падліках, яны павінны былі б пабачыць у 35 раз больш адкладаў карбанатаў, калі б тэорыя аб «цёплым і мокрым» Марсе была праўдзівай.

«Мо атмасфера не была настолькі тоўстай ў момант фармавання сеткі далін, — кажа даследчык Геалагічнай службы ЗША Крыстафер Эдвардс. — Замест таго, каб Марс быў мокрым і цёплым, магчыма, ён быў халодным і вільготным з атмасферай, што ўжо стала тонкай. Наколькі цёпла мае быць, каб сфармавалася даліна? Не асабліва. У большасці месцаў вы маглі б пабачыць снег і лёд замест дажджу. Трэба быць толькі крыху вышэй за пункт замярзання, каб атрымаць ваду, што будзе раставаць і цячы з часам, і гэта не патрабуе вельмі шмат атмасферы».

Сучасная атмасфера Марса занадта тонкая, каб на чырвонай планеце магла існаваць вада ў вадкім стане. Але навукоўцы з дапамогай марсахода Curiosity знайшлі сляды колішніх марсіянскіх азёраў, а на спадарожнікавых здымках пабачылі і ледавікі пад пластам пылу. Вядома, што азёры на Марсе з’яўляліся і знікалі прынамсі двойчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?