***

Усё, фінальны свісток. Нашы саступілі - 1:3. Беларусь згубіла шанцы выйсці на чэмпіянат Еўропы па футболе — 2016.

***

Гармаш атрымлівае другую жоўтую картку за сімуляцыю. Адпаведна яго выдаляюць з поля. На жаль, адбылося гэта вельмі позна. За адну хвіліну да фінальнага свістка. Украіна засталася ў меншасці.

***

Замест Глеба на полі з'явіўся Рэнан Брэсан. У беларусаў яшчэ 5-7 хвілін, каб забіць. Было некалькі някепскіх атак, але без рэальных пагроз. Украінцы сталі часта ляжаць на газоне.

***

Карэспандэнт «НН» Арцём Гарбацэвіч перадае са Львова, што беларускія фанаты запалілі фаер.

***

Паказалі як на лаве запасных сумуе наш бразілец Рэнан Брэсан. У чэмпіянаце Партугаліі ў яго цяпер усё атрымліваецца някепка.

Аляксандр Мартыновіч атрымаў папярэджанне, ён прапусціць гульню з Люксембургам.

***

Быў усплёск у гульні беларусаў. А цяпер шанец упускае ўкраінец Арцём Кравец.

На замену рыхтуецца выйсці форвард Мікалай Сігневіч, ён замяняе Цімоха Калачова. Беларусы пачынаюць гуляць з двума нападаючымі.

* * *

Нашы атрымалі права на даволі небяспечны штрафны, але ўкраінцы выбіваюць мяч са сваёй штрафной. У беларусаў нешта пачынае атрымлівацца. Не расслабляцца ў абароне толькі.

* * *

Сам Сяргей Карніленка цудоўна прабіў пенальці. Трапіў у самую дзявятку варот Пятава — 3:1.

* * *

Нашы б'юць пенальці! Завалілі Карніленку.

* * *

Дарэчы, у першым голе была памылка Максіма Валадзько. Цікава, што апошнім часам гэты футбаліст не праходзіць у аснову БАТЭ, а тым больш зусім не гуляе ў абароне. Нечаканы крок Хацкевіча. На жаль, зусім няўдалы.

* * *

«Футбол — 90 хвілін. Братэрства — назаўжды», — вывесілі банер украінскія фанаты. Беларускіх заўзятараў нашы каментатары ва ўпор «не заўважаюць».

* * *

Дарэчы, беларусы пакуль ніводнага разу не забівалі ўкраінцам у афіцыйных гульнях. Толькі ў таварняках.

* * *

Па першых пяці хвілінах ход гульні абсалютна не змяніўся. Украінцы зноў атакуюць. Канаплянка меў магчымасць адзначыцца. А Мартыновіч зноў ледзь не зрэзаў мяч у свае вароты. Ён забіў аўтагол у матчы гэтых каманд у Барысаве.

* * *

Пачаўся другі тайм. Аляксандр Хацкевіч зрабіў адну замену. Замест Міхаіл Сівакова, які выконваў больш абарончыя функцыі, выйшаў Міхаіл Гардзяйчук, гулец атакуючага амплуа.

* * *

Сёння ў Львове адбываецца адборачны матч да чэмпіянату Еўропы па футболе паміж нацыянальнымі зборнымі Беларусі і Украіны. Для нашых гэта апошняя магчымасць усё ж зачапіцца за выхад на топ-турнір.

Фанаты абедзвюх каманд былі настроеныя вельмі па-сяброўску. Амаль адразу пасля пачатку ўвесь стадыён скандаваў «Жыве Беларусь»:

На жаль, першы тайм беларусы правялі вельмі слаба. Прапусцілі тройчы, а маглі ў некалькі разоў болей.

Украінцы адкрылі лік ужо на сёмай хвіліне гульні. Цікава, што галявы пас аддаў Андрэй Пятаў, брамнік украінцаў. Ён настолькі моцна выбіў мяч на чужую палову, а наш абаронца Максім Валадзько не трапіў па мячы, кіксанаў, Арцём Кравец выйшаў адзін на адзін, не даўшы шанцы Андрэй Гарбунову.

Літаральна праз пару хвілін арбітр меў усе падставы прызначыць пенальці, пасля таго як мяч сустрэўся з рукой Ягора Філіпенкі, але пашкадаваў беларусаў.

На 29-й хвіліне Ярмолена падвоіў лік, пасля шырокай атакі сваёй каманды.

Дзе быў цэнтр нашай абароны ў той момант, зусім няясна.

А пасля ізраільскі суддзя Ліяні ўсё ж прызначыў пенальці пасля больш спрэчнага эпізода. Канаплянка, прызнаны майстар, свой шанец не ўпусціў — 3:0.

Беларуская каманда выглядае вельмі падаўленай. Пакуль няясна, ці змогуць нашы хлопцы і за кошт чаго забіць хоць адзін гол у другім тайме.

* * *

Статыстыка па ўдарах за першы тайм: 15:2 (у створ 8:1). Перавага зборнай Украіны каласальная. Так слаба беларусы не выглядалі нават у гульні з Іспаніяй.

* * *

Карэспандэнт «Нашай Нівы» Арцём Гарбацэвіч перадае са Львова, што на трыбунах толькі адзін чырвона-зялёны сцяг пры некалькі дзясяткаў бел-чырвона-белых.

Дарэчы, перад матчам беларускія і ўкраінскія фанаты правялі супольны марш ад вуліцы Герояў Майдану:

* * *

На матчы прысутнічае губернатар Адэскай вобласці Міхаіл Саакашвілі. А вось Лукашэнка ў Львоў так і не прыехаў. Трыбуны амаль цалкам запоўнены.

* * *

Беларускія фанаты вывесілі банер «Браты, трымайцеся».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?