Мерапрыемства «Гонка легенд — зоркі біятлона за мір», якая пройдзе ў алімпійскім спарткомплексе «Раўбічы» 12 верасня, з'яўляецца ўнікальнай падзеяй для ўсяго свету, заявіла арганізатар спаборніцтваў Дар'я Домрачава на прэс-канферэнцыі 7 верасня.

Паводле слоў трохразовай алімпійскай чэмпіёнкі, гэта мерапрыемства «дасць старт другому жыццю біятлоннага комплексу», а таксама стане тэстам на выяўленне недахопаў, каб улічыць іх пры падачы заявак на правядзенне ў Раўбічах буйных міжнародных спаборніцтваў.

Домрачава адзначыла, што першапачаткова планавалася запрасіць толькі алімпійскіх чэмпіёнаў, але не ўсе далі згоду, таму запрашэнні былі адпраўленыя таксама пераможцам і прызёрам чэмпіянатаў свету. Сярод удзельнікаў: Свен Фішэр, Рыка Грос, Міхаэль Грайс (Германія), Халвард Ханеволд (Нарвегія), Алена Экхальм (Швецыя), Сяргей Булыгін, Аляксандр Папоў (Беларусь), Алена Зубрылава (Украіна/Беларусь), Ганна Багалій (Расія).

У праграме — жаночы і мужчынскі спрынт, аўтограф-сесія і змяшаная эстафета. Домрачава, якая прапускае новы сезон, возьме ўдзел толькі ў раздачы аўтографаў. Біятланістцы будзе ўручаны прыз найлепшай спартсменкі 2014 года па выніках апытання Еўрапейскага саюза спартыўных журналістаў. Удзельнікі гонак высадзяць у Раўбічах ліпавую алею ў гонар мерапрыемства.

Паводле інфармацыі намесніка старшыні Беларускай федэрацыі біятлона Юрыя Альберса, прададзена 4,2 тыс. білетаў. Засталося каля 100 білетаў на трыбуну і каля 800 — уздоўж трасы.

Для гледачоў будзе арганізаваны спецыяльны экспрэсны аўтобусны маршрут № 449Э.

Ён будзе ісці ад станцыі метро «Барысаўскі тракт» да спарткомплексу «Раўбічы» з прыпынкамі «Карбышава» і «Лясны» ў абодвух кірунках.

Пачатак працы маршруту запланаваны на 9.30, заканчэнне (апошняе адпраўленне ад прыпыначнага пункта «Раўбічы») — 19.30. Інтэрвал руху на маршруце складзе 20 хвілін. Кошт праезду — 17 тысяч рублёў.

Паркоўка асабістага аўтатранспарту будзе ажыццяўляцца на абочыне аўтадарогі P80 у кірунку вёскі Аколіца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?