Вызвалены ад выканання пакарання ў сувязі з амністыяй асуджаны за распаўсюджванне парнаграфіі 25-гадовы жыхар Светлагорска, што зняў на відэа пару, якая займалася сексам на набярэжнай. 

Як паведаміў жыхар Светлагорска, пра амністыю і вызваленне ад пакарання ён даведаўся 7 верасня ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі. У маі ў Светлагорску суд прыгаварыў яго да двух гадоў пазбаўлення волі з гадавой адтэрміноўкай выканання пакарання.

8 жніўня 2014 года на набярэжнай райцэнтра малады чалавек стаў сведкам палавога акта паміж неўстаноўленымі мужчынам і жанчынай. Убачанае ён зняў на відэа і размясціў ролік на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы. Як сведчыў абвінавачаны, ён быў шакаваны цынізмам таго, што адбывалася, — за савакупленнем у разбэшчанай форме яўна нецвярозых людзей назіралі звыш дзесяці прахожых, у тым ліку дзеці. «Я не ведаў, што такое відэа з'яўляецца парнаграфіяй, там і якасць была не вельмі — змяркалася, здымаў здалёк, — тлумачыў на судзе малады чалавек. — Хацеў папярэдзіць гараджан, што іх і дзяцей можа падпільноўваць на вуліцах нашага горада, паказаць, да чаго даводзіць алкагольная дэградацыя. Гэтыя мужчына і жанчына бачылі, што вакол людзі, але іх гэта не спыніла».

Аўтар роліка раней судзімы не быў, яму дадзеныя станоўчыя характарыстыкі, мае вышэйшую адукацыю па эканамічнай спецыяльнасці. Віну прызнаў поўнасцю, відэа са сваёй старонкі выдаліў і размясціў там жа прабачэнні, адшукаў у сетцы копіі і папрасіў карыстальнікаў выдаліць відэа.

«Паводле такіх артыкулаў не варта, напэўна, уводзіць крымінальную адказнасць з першага разу, дастаткова было б і штрафу, каб чалавек штосьці зразумеў. Цяпер тысячы людзей трапляюць пад артыкул аб распаўсюджванні парнаграфіі. Паставіў «лайк» у сацыяльнай сетцы, гэта адлюстравалася на тваёй старонцы — і гатовая крымінальная справа. Навошта людзей падводзіць пад такія артыкулы, траціць потым бюджэтныя сродкі, праводзіць экспертызы, пазбаўляць волі? У мяне ж не было на мэце зарабіць грошы або развіваць парнабізнес. Я проста хацеў папярэдзіць людзей аб наступствах алкагольнай дэградацыі і аб тым, што яны могуць убачыць на вуліцах горада», — пракаментаваў малады чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?