Як чалавек, што вучыўся ў Швэцыі і Нью‑Ёрку, ён ведае, з чаго пачынаць.

Асноўны напрамак высілкаў Ігара Загуменава — вывесьці беларускую музыку ва ўсясьветны кантэкст ці наадварот — усясьветны кантэкст увесьці ў беларускую музыку. Як чалавеку, што вучыўся ў Швэцыі ды Нью‑Ёрку, яму гэта даецца прасьцей за іншых. Адно гэтае вартае павагі.

Новая плытка — «зваленыя ў кучу» запісы, зробленыя пасьля альбому «Bionic». Матэрыял рознабаковы, не такі канцэптуальна‑занудны (sorry, атмасфэрна‑мэдытатыўны). Асабліва гэта адчуваецца на жывых выступах Ігара. Ад старых часоў zIGZAG‑у засталася лёгкасьць, бесклапотнасьць, амаль дзіцячая разьняволенасьць.

Загалоўная песьня — «прыкольны» маркетынгавы крок (успомнілася «Я знаю три слова» Найка Барзова). Ігар, магчыма, прачытаў кніжку па прамоцыі гурту. Ці яму прыеўся псэўдарамантычны вобраз пай‑хлопчыка. У тое, што Ігара насамрэч цікавіць вышэйзгаданае слова, асабліва ня верыцца.

Патасная «World Mine Free», запісаная для саміту ў Найробі, дзе Ігар, не раўнуючы як Бона з U2, змагаўся за ачышчэньне афрыканскай зямлі ад мін. Той жа піяр, але больш цывілізаваны. На гітары, улічваючы адказнасьць запісу, падыграў Піт Паўлаў. …Гм, Ігар, асьцярожна — з такімі песьнямі заканчваюць кар’еру ў рок‑музыцы, але не пачынаюць. Усясьветны досьвед паказвае — каб сьпяваць песьні пра «мір ва ўсім міры», трэба спачатку прасьпяваць тое, што будзе падабацца сантэхнікам і водаправодчыкам… One love, one life…

Таксама прысутнічаюць рэмікс на заежджаную «Песьню хвалі» і два кавэры God’s Tower.

«Страшна далёкія яны ад народу» ((с) Ул. Ленін).

АБ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0