Былы пасол Польшчы ў Беларусі і былы дарадца прэм’ера: Санкцыі супраць «Белнафтахіму» надта балючыя для беларускіх уладаў.
Марыюш Машкевіч: Санкцыі супраць «Белнафтахіму» надта балючыя для беларускіх уладаў. Узгадаем хоць бы й надзвычай эмацыйную рэакцыю на іх Аляксандра Лукашэнкі. Ён нават агучыў рашэньне перайсьці ў разьліках на эўра.
У 1998-2002 беларускія ўлады выкарыстоўвалі безьліч праўных, фінансавых і арганізацыйных схемаў, каб пазьбегнуць міжнародных санкцыяй, якія былі накладзеныя, напрыклад, на Ірак, Сырыю, Судан, Іран, Сэрбію. Гандлявалі нафтай, зброяй і іншымі тэхналягічнымі таварамі, што давала магчымасьць папаўняць бюджэт. Сёньняшнія цяжкасьці беларускай эканомікі можна было адужаць, выкарыстоўваючы спрацоўніцтва з Іранам і Вэнэсуэлай. Дзедя чаго былі падпісаныя дамовы на продаж вэнэсуэльскай нафты. «Белнафтахім» мелі выкарыстаць як дапаможную структуру. Амэрыканцы насамрэч не ўвялі поўнамаштабных санкцый супраць Беларусі, а толькі абмежавалі дзейнасьць вэнэсуэльскіх экспарцёраў праз пасярэднікаў.
Ці могуць краіны ЭС падтрымаць санкцыі ЗША? Гэтае пытаньне трэба ўвязваць з выпрацоўкай пазыцыі адносна санкцыяў у дачыненьні Вэнэсуэлы. А гэта ўжо надта складаная праблема і доўгатэрміновая працэдура.
Польскія ўлады былі супраць увядзеньня ЭС эканамічных санкцыяў супраць Беларусі, што вынікае з разуменьня супольных інтарэсаў, і ня толькі інтарэсаў уладаў і самаго прэзыдэнта. У выпадку з Вэнэсуэлай, як некалі ў выпадку з Сэрбіяй ці Іракам, справа выглядае інакш. Эўрасаюз ня ўводзіў санкцый супраць Беларусі за эканамічныя і грашовыя гешэфты з рэжымамі Мілошавіча і Хусэйна.
Да таго ж, працэдуры ў Брусэлі доўгія і збюракратызаваныя. Прашу заўважыць, што апошнія санкцыі, абвешчаныя ў дачыненьні Менску Брусэлем, датычаць парушэньня правоў працоўных і зьнішчэньня незалежных прафсаюзаў. А справа цягнулася ад 1997 году!
Камэнтар быў узяты 10 студзеня. Прыносім прабачэньні паслу Машкевічу за тое, што публікацыя цяпер, пасьля новага вітка санкцый, не ўзгаднялася зь ім.