фота з фэйсбука Lesha Franc

фота з фэйсбука Lesha Franc

«Наша Ніва» звязалася з Алесем Міхалевічам, які на дадзены момант знаходзіцца ў Астраўцы. З Мінска па яго выехаў намеснік кіраўніка Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

«Чаму я вярнуўся? Бо хачу быць са сваёй сям’ёй, хачу жыць у адзінай роднай для сябе краіне. Гэта абсалютна натуральныя жаданні.

Я шмат разоў казаў, што вярнуся ў Беларусь, калі ўсе палітвязні будуць на волі. Калі толькі Мікалай Статкевіч і астатнія выйшлі з турмы, я пачаў збірацца ў Беларусь, але нейкі час заняло вырашэнне бытавых пытанняў, звальненне з працы ў Чэхіі.

Цяпер я знаходжуся пад падпіскай аб нявыездзе, хаця саму падпіску я не падпісаў. Гэта нейкі нонсэнс. Атрымліваецца, што раней я не мог уехаць на тэрыторыю Беларусі, а цяпер не магу выехаць.

Сёння я быў гатовы да ўсяго. Быў гатовы ехаць у турму КДБ, так званую амерыканку. Беларусь — гэта непрадказальная краіна, тут можна чакаць чаго заўгодна.

Тое, што мяне адпусцілі, стала нечаканым і вельмі прыемным сюрпрызам. Я чуў, што за мной з СІЗА выехала машына з Мінска. І мяне перададуць Следчаму камітэту».

Міхалевіч кажа, што не ведае, хто мог прыняць рашэнне адпусціць яго: «Я не быў у Беларусі 4,5 года, я не ведаю як цяпер працуе сілавы механізм. Пахаджу на допыты, убачу».

Пакуль Алесь не адказвае наўпрост, ці збіраецца ён вяртацца ў палітыку. «Галоўны план у мяне — вярнуцца дадому, да жонкі, да дзяцей, да самых любімых у маім жыцці людзей».

Як жа разгортвалася жыццё Алеся Міхалевіча сёння і апошнія пяць гадоў?

«Вяртаюся ў Беларусь. Шмат разоў казаў, што вярнуся ў Беларусь адразу, як выпусцяць асноўных палітзняволеных (думаў пра Бяляцкага і Статкевіча). Яны на свабодзе. Перасякаю мяжу Беларусі, ведаю, што мяне арыштуюць, бо застаюся апошнім абвінавачваным па справе аб «масавых беспарадках» 2010 года, якую Следчы камітэт адмаўляецца зачыняць», — напісаў ён у сваім фэйсбуку.

Апошняе паведамленне там ён размясціў а 8.25 з Літвы.

А ўжо а 9.00 з'явілася паведамленне, што Міхалевіча затрымалі на мяжы.

Афіцыйна ён заставаўся ў вышуку па справе аб «беспарадках» 19 снежня 2010 года, хоць справы супраць астатніх фігурантаў, якія атрымалі палітычны прытулак за мяжой, даўно былі спынены. Выказвалася меркаванне, што так Міхалевічу помсціў КДБ за выкрыцці катаванняў у турме Камітэта ў Мінску.

Цягнік Вільня—Мінск меў прыбыць у Мінск а 10.30. Апошняе паведамленне ад Алеся прыйшло, калі ён знаходзіўся на пашпартным кантролі ў Гудагаі.

Аб затрыманні паведаміла яго жонка Мілана ў фэйсбуку. Ён паспеў патэлефанаваць жонцы са свайго чэшскага нумара ўжо з кабінета памежнікаў. «Я ўжо затрыманы, ужо ў кабінеце памежнікаў, усё, больш не магу гаварыць», — сказаў ён ёй. Мілана сказала «Нашай Ніве», што вярнуцца было цвёрдым і прынцыповым рашэннем Алеся. Яна не бярэцца прагназаваць, як будзе далей развівацца сітуацыя.

«Чарговае хадайніцтва аб закрыцці справы было дасланае ў Следчы камітэт у мінулы панядзелак», — расказала «Нашай Ніве» Мілана Міхалевіч.

А 10.20 афіцыйны прадстаўнік Дзяржпамежкамітэта Беларусі Аляксандр Цішчанка паведаміў: «Міхалевіч затрыманы як асоба, якая знаходзіцца ў вышуку. Ён будзе перададзены супрацоўнікам МУС».

«Мяне вязуць з Гудагая ў Астравецкі РАУС, і там ужо будуць рашаць мой далейшы лёс», — паведаміў «Нашай Ніве» Алесь Міхалевіч а 10.59 праз тэлефон.

Нарэшце, каля 15.00 Алеся Міхалевіча адпусцілі з Астравецкага РАУС «без змены меры стрымання».

Гэта значыць, юрыдычна ён будзе заставацца пад падпіскай аб нявыездзе, пры тым што падпіскі ён не даваў. 

Алесь Міхалевіч удзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах 2010 года. 19 снежня, пасля акцыі апазіцыі ён быў затрыманы, правёў у следчым ізалятары КДБ каля двух месяцаў, абвінавачваўся па крымінальнай справе «арганізацыя масавых беспарадкаў». Пасля вызвалення з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе Міхалевіч правёў прэс-канферэнцыю, на якой паведаміў, што ўмовай ягонага вызвалення стала дадзенае пад катаваннямі згода на наступнае супрацоўніцтва са спецслужбамі. Праз некалькі дзён Міхалевіч таемна пакінуў Беларусі і папрасіў палітычнага прытулку ў Чэхіі.

Сям'я палітыка, жонка і двое дачок, заставаліся ў Беларусі, хоць маглі б уз'яднацца з мужам і атрымаць палітычны прытулак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?