Прыхільнікі апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага падалі ў мэрыю Масквы заяўку на правядзеньне 20 верасьня ў сталіцы масавай акцыі пратэсту.

Апазыцыянэры плянуюць арганізаваць шэсьце па Бульварным кольцы, а затым правесьці мітынг на праспэкце акадэміка Андрэя Сахарава. Заяўленая колькасьць удзельнікаў акцыі — 40 тысяч чалавек.

Кіраўнік дэпартамэнту рэгіянальнай бясьпекі Масквы Аляксей Маёраў пацьвердзіў атрыманьне паведамленьня ад апазыцыянэраў. У сераду або чацьвер сталічная мэрыя плянуе даць адказ на заяўку.

Навальны на мінулым тыдні абвясьціў аб правядзеньні 20 верасьня ў Маскве мітынгу за зьмяняльнасьць улады. Сярод асноўных патрабаваньняў акцыі ўказаны: забесьпячэньне доступу апазыцыі на выбары, спыненьне вайны, адмена цэнзуры, вызваленьне палітвязьняў і барацьба з карупцыяй.

У сваім блёгу Навальны адзначыў, што «шэсьцяў у Маскве не было паўгода — з часу забойства Барыса Нямцова», вялікага мітынгу — паўтара года. На думку палітыка, «варта сабрацца, абмеркаваць важныя рэчы і прадэманстраваць, што мы неяк не вельмі плянавалі жыць у манархіі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?