Аляксандр Лукашэнка 8 верасня даў інтэрв'ю для дакументальнага фільма пра Барыса Ельцына, паведамляе прэс-служба кіраўніка беларускай дзяржавы. 

Падрыхтоўкай фільма займаецца Прэзідэнцкі цэнтр імя Б.М.Ельцына. Пад эгідай гэтай арганізацыі ствараецца музей першага прэзідэнта Расіі і архіў яго імя, дзе дэманструюцца кнігі, прысвечаныя Ельцыну, яго фотаздымкі, дакументы, рэчы і іншыя экспанаты. У музеі будуць выкарыстаныя камп'ютарныя тэхналогіі, тут будуць дэманстраваць успаміны і расповеды пра дзейнасць першага прэзідэнта Расіі.

Лукашэнка падзяліўся ўспамінамі асабістага характару пра свае сустрэчы з Ельцыным, у прыватнасці пра першую. Паводле слоў Лукашэнкі, моцны адбітак на яго наклала пазіцыя Ельцына падчас першых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

«Мы хацелі невялікай кампаніяй, з якой увязаліся ў гэтую барацьбу за прэзідэнцкае крэсла, каб наша краіна развівалася па-іншаму, чым так, як тады адбылося: пустыя паліцы, есці не было чаго ў Беларусі, забастоўкі, дэманстрацыі, бойкі, — сказаў Лукашэнка. — Выбары прайшлі, перамог не кандыдат ад Расіі, а зусім невядомы чалавек».

Ён адзначыў, што дагэтуль памятае Ельцына, якія стаяў напаўпаварота, насцярожана вывучаючы, і цішыню, якая павісла ў самым пачатку іх першай сустрэчы. «І потым, не ведаю чаму, раптам я яму кажу: Барыс Мікалаевіч, калі вы думаеце, што я прыехаў у чужую Расію, вы памыляецеся. Калі вы думаеце, што сталіца Расіі Масква — гэта ваша Масква, вы таксама памыляецеся. Гэта і мая Расія, гэта і мая Масква, таму што ўчора яна была сталіцай і маёй дзяржавы. І не я віной таму, што мы сёння сустракаемся як прэзідэнты», — падзяліўся Лукашэнка. Потым лідараў дзвюх краін звязвалі цёплыя сяброўскія адносіны. 

Беларускі афіцыйны лідар адказаў таксама на пытанні наконт дзейнасці Ельцына ў кантэксце палітычных і сацыяльных падзей 1990-х гадоў, расказаў пра некаторыя моманты стварэння Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, ля вытокаў якога ён стаяў разам з першым расійскім прэзідэнтам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?