Зборная Беларусі па футболе згубіла ўсе шанцы на выхад на чэмпіянат Еўропы – 2016. Аднак у календары заставалася яшчэ тры матчы – хатнія з Люксембургам і Македоніяй ды гасцявы са Славакіяй.

Адсутнасць інтрыгі прывяло да таго, што трыбуны «Барысаў-Арэны» не былі запоўненыя і на палову. І гэта пры не самых злых цэнах на білеты. Шмат хто махнуў на зборную рукой. Нават на сектары «Б-12» было няшмат.

Хацкевіч змяніў палову стартавага складу ў параўнанні з матчам з Украінай. На варотах выйшаў Юрый Жаўноў. У старце з’явіўся наш бразілец Рэнан Брэсан, адбыў дыскваліфікацыю Максім Бардачоў. Таксама ў першых адзінаццаці з’явіліся нашы «расіяне» Стас Драгун і Павел Няхайчык.

Яшчэ за дзень да гульні не было зразумела, ці яна адбудзецца. Справа ў тым, што ў нядзелю большая частка люксембуржцаў нечым атруцілася. Нашы супернікі нават звярталіся ў УЕФА з просьбай перанесці гульню.

Люксембуржцы традыцыйна нязручныя для нас канкурэнты. Восенню 2007 года яны перамаглі каманду Бернда Штанге ў Гомелі. А ў гэтым адборы беларусы ледзьве выратаваліся ў другім тайме, звёўшы гульню ўнічыю.

Сказаць, што і на гэты раз гульня лёгка склалася для беларусаў, нельга. Нашы хлопцы не так часта пагражалі ўладанням Жубера. У пачатку гульні добра ва ўпор галавой прабіў Карніленка, у тым моманце варатар справіўся, але два наступныя ўдары ў створ сталі ракавымі для люксембуржцаў.

Абодва галы за нашу каманду забіў паўбаронца БАТЭ Міхаіл Гардзяйчук. У першы тайме ў яго атрымаўся не самы эфектны ўдар, але па дзіўнай траекторыі мяч усё ж юркнуў у вароты.

А ў другім тайме Гардзяйчук скарыстаўся перадачай Сяргея Кісляка, трапна прабіўшы ў блізкі вугал – 2:0.

Наша каманда атрымала перамогу, але цэльнай гульнёй, на жаль, зноў не парадавала. Нават на фоне не самага моцнага суперніка.

Сёння ў групе: Славакія — Украіна — 0:0, Македонія — Іспанія — 0:1.

Пасля 8 тураў: Іспанія — 21, Славакія — 19, Украіна — 16, Беларусь — 7, Люксембург — 4, Македонія — 3.

Наступны матч беларусы згуляюць у гасцях са Славакіяй 8 каастрычніка, а завершаць адборачны турнір 12 кастрычніка дамашнім матчам з Македоніяй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?