У сакавіку ў Бабруйску міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч адзначыў, што любое абмежаванне з алкаголем ідзе толькі на карысць нармалізацыі крымінагеннай абстаноўкі. І пахваліўся: штодня яго падначаленыя затрымліваюць кантрафактнае спіртное, знішчаюць дзясяткі тон брагі для самагону.

Аднак пачаліся праблемы з напаўненнем бюджэту, прайшла «нарада ў кіраўніка дзяржавы» ў канцы жніўня — і вось ужо адмененая забарона на продаж алкаголю ў крамах уначы.

Відаць, і павышэння цэнзу ўжывання алкаголю з 21 года не адбудзецца. Хоць за гэта каторы год выступаюць Міністэрства аховы здароўя, МУС, Генпракуратура.

Грошы, грошы важнейшыя.

Дарэчы, некалькі гадоў таму папулізм загубіў яшчэ адно добрае пачынанне МУС. У Беларусі ў канцы 2003 года прынялі папраўку, згодна з якой блізкае святло фар на аўто стала абавязковым у любы час сутак з 1 лістапада па 31 сакавіка. Але Лукашэнка раскрытыкаваў даішнікаў за іх новаўвядзенне. «Едзеш і назіраеш: сонца гарыць, святло — лепш не прыдумаеш, а машына едзе з уключанымі фарамі».

Праз два дні новаўвядзенне адмянілі.

На мінулым тыдні скончылася такое комплекснае мерапрыемства «Увага — дзеці!»: трэ’ было з 25 жніўня па 5 верасня ездзіць з блізкім святлом фар увесь час. Дзеці пайшлі ў школу, і быць пільнымі трэба — святло фар звяртае ўвагу дзяцей, гэта даказана псіхолагамі. Цудоўна! Толькі дзеці ходзяць у школу 9 месяцаў, а не толькі падчас акцыі.

Паўмера, якая выяўляе бездапаможнасць цэлага міністэрства перад крытыкай аднаго чалавека. У Еўропе ездзіць са святлом абавязкова. Даішнікі адчуваюць сваю рацыю, але вось пераканаць Лукашэнку ў правільнасці адмененай адзінаццаць гадоў таму меры не могуць альбо не асмельваюцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?