08.03.2008 / 00:02

...Але нашто альгарытмы ламаць? Амбасадарка ЗША не сьпяшаецца пакідаць гасьцінную сталіцу Беларусі :) 12

Пакуль што ў сюжэце з амэрыканскімі санкцыямі і дэмаршам Менску болей пытаньняў, чым адказаў. Піша ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.

Пакуль што ў сюжэце з амэрыканскімі санкцыямі і дэмаршам Менску болей пытаньняў, чым адказаў.

Некалькі прынцыповых рэмарак.

Па-першае, як заявіла БелаПАНу прадстаўніца нашага МЗС Ваньшына, "санкцыі ня новыя". А тыя, што былі ўведзены яшчэ ў лістападзе летась. "Тое, што было апублікавана ў лістападзе, было ў скароце, а зараз гэта апублікавана цалкам", — патлумачыла спн. Ваньшына.

Карацей, не прайшло і чатырох месяцаў… :)

Калі ж сур'ёзна, то, згодна з афіцыйнай вэрсіяй беларускага боку, сыр-бор разгарэўся праз тлумачэньне сутнасьці санкцыяў, што зьявілася ўчора на сайце амэрыканскага Мінфіну. Імаверная прычына: Вашынгтон даў пашыральную трактоўку лістападаўскіх захадаў, зрабіўшы іх патэнцыйна болей балючымі.

Зрэшты, ня выключана, што публікацыя на сайце стала толькі зачэпкай, а насамрэч яны ўжо і так ударылі нашмат мацней, чым як нам уяўлялася праз браваду айчыннага начальства. Ці выпадкова дысанансам з гэтай бравадай яшчэ перад Новым годам з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі прагучалі пагрозы на адрас Карэн Ст'юарт? Фактычна яны зараз і рэалізаваліся.

Чаму менавіта зараз?

Калі ўчытацца ў заявы, сфармуляваныя на птушынай мове дыпляматаў, ёсьць цікавыя моманты.

Аналітык Валер Карбалевіч у гутарцы са мной завастрыў увагу вось на чым: беларускі МЗС закінуў Штатам парушэньне нейкага "ўзгодненага альгарытму дзеяньняў што да нармалізацыі стасункаў". Такім чынам, робіць выснову суразмоўца, замежная палітыка Лукашэнкі становіцца ўсё болей закуліснай, сыходзіць у патаемныя сфэры.

Сапраўды, цяпер гэта тычыцца ня толькі пасядзелак з Пуціным у Сілічах ды з "Пуцьмедзевым" :) у Сочы, але й дачыненьняў з Захадам (сакрэтныя кантакты зь нямецкім амбасадарам, загадкавы нязьдзейсьнены намер прадстаўніка Белага дому Крэмэра прыляцець у Беларусь і г.д.).

Цалкам імаверна, што зараз Вашынгтон пры дапамозе болевага прыёму даў зразумець: трэба вызваляць усіх палітзьняволеных, уключна з Казуліным. І гэта выклікала тут хваравітую рэакцыю.

Так ці іначай, Менск сьвядома ідзе на абвастрэньне стасункаў з Амэрыкай. Дарэчы, ня факт, што гэты крок абмярковаўся ўчора па тэлефоне з Пуціным. Фраза пра тое, што "Аляксандар Лукашэнка і Уладзімер Пуцін абмеркавалі таксама стан і перспектывы развіцця стасункаў Беларусі з асобнымі заходнімі дзяржавамі", ёсьць, заўважце, фармулёўкай прэсавай службы беларускага кіраўніка. Ня выключана, што гэта айчынны піяраўскі раяль у кустох, падрыхтаваны менавіта да сёньняшніх падзей і разьлічаны на свой электарат. Маўляў, "ребята, не Москва ль за нами?".

І тым болей малаімаверна, што менавіта Масква падштурхнула да такога дэмаршу. Бо ў Крамля з Вашынгтонам калізія ў зусім іншым пытаньнях: супрацьракетная абарона, Косава… Беларускае ж кіраўніцтва ў дадзеным выпадку ваюе не за гучныя лёзунгі (кшталту "Мы — за шматпалярны сьвет!" ды "Не — разгортваньню СРА!" :), а за банальны матэрыяльны інтарэс, прыціснуты санкцыямі супраць "Белнафтахіму". Расею гэты сюжэт асабліва ня грэе.

Палітоляг Андрэй Фёдараў мяркуе: вобраз ворага зараз можа быць пільна патрэбны Менску, каб сьпісаць на заакіянскія падкопы пагаршэньне эканамічнай ды фінансавай сытуацыі, якая ўжо сёньня, магчыма, значна цяжэйшая, чым малююць афіцыйныя крыніцы.

Дадамо: ня варта думаць, што беларускае кіраўніцтва такім чынам спальвае масты ў дачыненьнях з Захадам.

Па-першае, Брусэль — у мяккай пастцы падпісанага сёньня пагадненьня аб адкрыцьці ў нас офісу Эўракамісіі.

Па-другое, Эўропа ўвогуле значна мацней, чым ЗША, зьнітаваная зь Беларусьсю эканамічным прагматызмам.

Па-трэцяе, і палітычны гандаль з Амэрыкай Менск пэўна паспрабуе працягнуць. Сёньняшні дэмарш, магчыма, разьлічаны менавіта на падвышэньне ставак. Каб ведалі пыхлівыя янкі: няма чаго ламаць альгарытмы! :)

Амэрыка, між іншым, таксама гуляе, і трохі болей складана, чым е2-е4. Адметны штрых: іхняя амбасадарка не сьпяшаецца пакідаць гасьцінную беларускую сталіцу :)

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Аляксандар КЛАСКОЎСКІ

0
Дзед-Барадзед / Адказаць
08.03.2008 / 03:41
От дзела, беларуская дзяячка Ваньшина і беларускі дзяяч Попов кажуць, што пасьля тэлефанаваньня беларускага дзеяча Путина беларускі дзяяч Мартынов загадаў, каб беларускі дзяяч Хвостов валіў з Амэрыкі.
0
Саянаў / Адказаць
08.03.2008 / 14:23
"...ня выключана, цалкам імаверна, і тым болей малаімаверна, адметны штрых, так ці іначай ,ня варта думаць..." ============================== Усё прасягнута знаёмым стылем...Аб чым вы,аўтар?
0
Наталля / Адказаць
08.03.2008 / 14:48
Сапараўды, свет ад гэтага не перавернецца. Амерыка чхаць хацела на гэтыя дэмаршы, а вось ў Лукі хвост ужо не абаранкам, трохі падкурчыла. Дзякуй амерыканцам, бо іхняя палітыка ў адрозненне ад рафінаванай Еўропы простая і зразумелая: з дыкататарам і тэрарыстам ніякага сяброўства.
Паказаць усе каментары/ 12 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру