У першыя дні верасьня мільёны школьнікаў і студэнтаў па ўсім сьвеце селі за парты, сотні тысяч выкладчыкаў занялі месцы на катэдрах. Адна з тых, каму з учорашніх студэнтаў давялося перакваліфікавацца ў настаўнікі — 24-гадовая Стася Рудак. Выпускніца Коласаўскага ліцэю распачынае навучальны сэзон у Босьніі і Герцагавіне.

У 100-тысячным горадзе Мостар, неафіцыйным цэнтры гістарычнай вобласьці Герцагавіна, ад 2006 году працуе міжнародны каледж, які ўваходзіць у сыстэму Каледжаў аб’яднанага сьвету (United World Colleges). Пяць гадоў таму Стася была выпускніцай гэтай установы, і пасьля навучаньня ў ЗША летась зноў вярнулася ў альма-матэр — праўда, у новым статусе.

Упершыню ў жыцьці атрымліваю грошы за тое, што мне падабаецца

— Стася, год выкладаньня ўжо за плячыма, значыць, усё складваецца ўдала?

— Так, пачынаю другі год, і мне гэта цікава. Але гэта ня першы мой досьвед, я ўжо досыць шмат выкладала. Я выпускніца Коласаўскага ліцэю і спрабавала сябе яшчэ зь ліцэістамі, езьдзіла зь імі на летнюю сэсію ў Польшчу. А потым працавала ва ўнівэрсытэце ў ЗША, была памочніцай у прафэсара: чатыры разы на тыдзень у мяне былі пэрсанальныя заняткі, займалася са студэнтамі. І хоць мне ўсё гэта падабалася, ніколі ня думала, што гэта будзе нейкай прыступкай у маёй кар’еры пасьля выпуску з унівэрсытэту. Але так атрымалася, што я ўбачыла вакансію ў Мостары, падала дакумэнты і ў выніку атрымала цяперашнюю працу. Выкладаю матэматыку і тэорыю ведаў — вельмі цікавы прадмет, у нас такога папросту няма.

— Сапраўды, нешта «чужароднае» для беларускай сыстэмы адукацыі.

— Гэта насамрэч адметны і важны прадмет, хоць яго сутнасьць досыць цяжка патлумачыць. Скажу так: крытычнае стаўленьне да таго, як мы атрымліваем веды, што мы бачым, што чуем, як гэта ўсё перапрацоўваем у сваёй галаве. То бок ня тое каб проста чамусьці навучыць, а спроба таксама расказаць пра тое, што студэнты вывучаюць і як гэты працэс адбываецца. Такі вось не зусім звычайны падыход.

— Увогуле ці надоўга ў Босьніі і Герцагавіне? Якія пэрспэктыўныя пляны?

— Насамрэч я хачу працягваць адукацыю, не зьбіраюся спыняцца на ступені бакаляўра. То бок маю намер ісьці далей на магістра, а можа, замахнуся і яшчэ куды вышэй (сьмяецца). Адзінае, дзеля гэтага патрэбныя грошы, час. Ня так проста ўсё рэалізаваць на адным жаданьні. Працаваць неабходна ў любым выпадку, таму што прынамсі атрымліваеш заробак (да таго ж, я ўжо казала, мне гэта прыносіць задавальненьне). У мяне такое ўвогуле здарылася першы раз у жыцьці, да гэтага я толькі вучылася. Плацяць грошы за тое, што прыходзіш і робіш справу, якая табе падабаецца. Гэта, безумоўна, выдатна, і ад гэтага таксама цяжка адмовіцца на карысьць нейкага іншага выбару. Паглядзім. Пакуль я працую і буду дакладна працаваць гэты год, і, пэўна, яшчэ год папрацую пасьля. А там ужо буду глядзець…

На грамадзка карысных працах

На грамадзка карысных працах

Выкладчыкаў клічуць па імёнах, без фармальнасьцяў кшталту «міс»

— Колькі навучэнцаў у вашым каледжы?

— У нас навучаюцца два гады, як і ў астатніх установах сеткі United World Colleges. То бок — штосьці паміж паглыбленай школьнай праграмай і перадунівэрсытэцкай адукацыяй. Кожны год, зразумела, адбываецца выпуск. Прыкладам, зараз будзе выпускацца 88 чалавек, а вось першагодкаў ужо больш — 105. Іншымі словамі, стабільны склад школы — каля 200 студэнтаў. Асабіста ў мяне шэсьць клясаў, якія вагаюцца ад 6 чалавек (мой самы маленькі кляс) і да 16 (адпаведна, самы вялікі).

Студэнты Каледжаў аб’яднанага сьвету на фоне сымбалю Мостара — старога моста

Студэнты Каледжаў аб’яднанага сьвету на фоне сымбалю Мостара — старога моста

— Выкладчыцкі склад таксама інтэрнацыянальны?

— Так, хапае. Відаць, трошкі менш за палову ад агульнай колькасьці. Але склад выкладчыкаў інтэрнацыянальны, прыяжджаюць да нас з усіх куткоў сьвету.

— Стася, вы не нашмат старэйшая за сваіх студэнтаў. Як складваюцца адносіны?

— У нас вельмі лібэральная, дэмакратычная школа. Нас называюць проста па імёнах, то бок ніхто не дадае «спадарыня», «міс», нічога такога. Прычым лібэральныя адносіны нават зь людзьмі старэйшага ўзросту, ня толькі са мной, бо я нібыта маладая. Зь людзьмі, якім за 30, за 40, адносіны на ўзроўні сяброўскіх. Студэнты заходзяць да мяне ў госьці — калі просяць пра гэта ці калі я іх сама запрашаю. І мы зь імі размаўляем на розныя тэмы, якія выходзяць за рамкі адукацыйнай праграмы, за рамкі школы ўвогуле. Гэтаксама часьцяком сутыкаемся на вуліцы — горад маленькі, цяжка ў ім схавацца, каб захаваць сваё асабістае жыцьцё, не са студэнтамі. Куды б ні пайшоў, амаль заўсёды каго-небудзь сустрэнеш са школы. Таму на ўсё прасьцей рэагуеш, ставісься да вучняў як да дарослых людзей і спакойна зь імі размаўляеш на любыя тэмы. То бок — ня трэба рабіць ніякіх разьмежаваньняў: вось вы вучні, я настаўніца, на ўроку папрацавалі — і годзе, да пабачэньня. Тут зусім іншы падыход.

Горад падзелены на дзьве часткі — мусульманскую і хрысьціянскую

— Нават па беларускіх мерках Босьнія і Герцагавіна — досыць спэцыфічная краіна, якой яшчэ 20 гадоў таму было зусім не да адукацыі…

— Спэцыфічнасьці тут, вядома, хапае. Усяго столькі — хоць, як кажуць, на хлеб намазвай. Перадусім, сам Мостар вельмі асаблівы горад. Ён падзелены на дзьве часткі: з аднаго боку жывуць басьнякі-мусульмане, з другога — харваты-каталікі. І хоць нейкіх гарачых канфліктаў паміж імі няма, ніхто адзін аднаго ня рэжа, усё роўна ў горадзе адчуваецца пэўнае напружаньне, своеасаблівы перадканфлікт. Людзі папросту не рызыкуюць хадзіць з аднаго боку на другі. Увогуле, Босьнія — гэта краіна, якая не функцыянуе. Калі ў той жа Беларусі ёсьць нейкі апарат, які сяк-так, але працуе, то тут дзяржава цалкам дыстанцыявалася ад любых праблемаў народа. Зразумела, ёсьць офісы, у якіх чыноўнікі сядзяць і проста бяруць хабар, але за межамі іх кабінэтаў нічога не адбываецца. Таму ў гэтым сэнсе ўсё вельмі сумна. Дарэчы, досыць складана нешта растлумачыць беларусам: думаюць, што калі я зьехала ў Босьнію, то тут адназначна лепей, чым у Беларусі. Паверце, гэта ня так. Праца ў мяне добрая, бясспрэчна, але сама краіна, мякка кажучы, своеасаблівая.

— Выглядае, што хоць краіна намінальна належыць да Эўропы, але маштабы карупцыі хутчэй афрыканскія, чым эўрапейскія?

— Насамрэч цяжка нават уявіць маштабы карупцыі, таму што збудаваная надзвычай шматступенная сыстэма ўлады. Шмат адміністрацыйных узроўняў — фэдэрацыя Рэспубліка Српска, кантоны, гарадзкая ўправа, раённая. Усё гэта так складана пераблытана, столькі бюракратыі, а ў выніку нічога не працуе. Урэшце ўсе гэтыя людзі толькі і робяць, што бяруць хабар. Цяжка жывецца найперш тым, хто па-за сыстэмай, таму многія людзі сьпяць і мараць, каб зьехаць з такой краіны. І часта зьяжджаюць, бо шмат у каго за мяжой ёсьць родзічы — у Нямеччыне, Аўстрыі, Нарвэгіі, ЗША. Ня трэба забывацца, што вялізная колькасьць народу зьехала адсюль яшчэ падчас вайны ў 1990-х.

Пасьля адлёту з бацькоўскага гнязда

Пасьля адлёту з бацькоўскага гнязда

Замежнікі наўрад ці калі прызвычаяцца да тутэйшых рэаліяў

— Навучэнцы каледжу адчуваюць сябе ў бясьпецы?

— Не-не, насамрэч краіна бясьпечная, тут усё нармальна, ніякіх праблемаў з падарожжамі, пераездамі. Асабліва калі гэта замежнікі, то ставяцца нават падкрэсьлена добра, бо зразумела, што гэта грошы. То бок — без праблемаў. Тым ня меней многім маім калегам зь іншых краінаў досыць складана тут адаптавацца, і ў выніку атрымліваецца, што існуе досыць ізаляваная «бурбалка» у выглядзе каледжу. Самі з сабой тусуемся, самі кудысьці ходзім. Мне прыстасавацца яшчэ лягчэй: я славянка, прасьцей вывучыць мясцовую мову, магу размаўляць зь людзьмі, калі сустракаю іх на вуліцы, у краме, у рэстарацыі (дарэчы, калі хто хоча навучыцца мове, то ў каледжы гэта цалкам рэальна, хоць прадмет не абавязковы). А вось людзі, якія зусім замежнікі, ім гэтыя рэаліі цяжка заходзяць. Таксама тут, скажам так, культурная пустэча. Ня толькі Мостар маленькі горад, увогуле Босьнія — маленькая краіна, шмат чаго няма. Найперш няма цікавых культурніцкіх рэчаў кшталту выставаў, канцэртаў, тусовачных месцаў. Няма актыўнага жыцьця, а быць у ізаляцыі досыць складана. Сараева, зразумела, нашмат большы горад, там хоць нейкія рэчы адбываюцца, усё ж сталіца. Але з працай настаўніка ня так проста выбрацца туды на выходныя: падчас навучальнага году працуеш шмат і проста бракуе часу, каб выехаць на суботу-нядзелю. Бываю, вядома, але ня так часта, як, можа, хацелася б.

— Ад 2006 году, калі ў Мостары пачаў працаваць міжнародны каледж, якой была беларуская прысутнасьць?

— За ўвесь час тут навучалася пяць студэнтаў зь Беларусі, апошняя дзяўчына выпусьцілася ў 2014 годзе — Лера Клютко. На жаль, у школы няма грошай, каб даваць стыпэндыі ўсім студэнтам, а ў беларусаў няма грошай, каб узяць на сябе хоць частку выдаткаў. Такая вось сытуацыя замкнёнага кола. У прынцыпе, усё залежыць ад канкрэтнага выпадку: здараецца, даюць стыпэндыі цалкам, здараецца, што часткова. Але ў нашай школы цяпер досыць цяжкае фінансавае становішча, накладаюць адбітак усялякія крызісы — чаго цяпер у сьвеце толькі не адбываецца. З-за гэтага мы ня можам даваць стыпэндыі ўсім ахвотным. Гэта, вядома, было б ідэальна — так, як у UWC і павінна быць, каб усе навучаліся бясплатна. На жаль, рэальнасьць пакуль гэтага зрабіць не дазваляе. Я маю на ўвазе менавіта нашу школу.

Мостар: сёньняшнія руіны старога канфлікту

Мостар: сёньняшнія руіны старога канфлікту

Лінія фронту праходзіла праз Цэнтральны бульвар горада

— Наагул, ці правільна, што падобныя ўстановы разьмяшчаюць у краінах, скажам так, непрадказальных — як палітычна, так і эканамічна?

— Мне здаецца, што гэта якраз правільнае месца, дзе можна і трэба арганізоўваць UWC. Будаваць каледжы там, дзе іх будуюць у апошнія гады — Нідэрлянды, Нямеччына, крыху раней Нарвэгія — на мой погляд, бессэнсоўна. Якія праблемы ў немцаў ці нарвэгаў, што можна вырашаць такім вось каледжам? Такая школа павінна існаваць якраз у краінах, дзе поўна праблемаў. У нас дзеці працуюць над шматлікімі праектамі, якія сапраўды дапамагаюць людзям, жыхарам Мостара. А складанасьцяў пасьля вайны яшчэ о-го-го колькі! Мы працуем з уцекачамі, працуем зь меншасьцю рома, зь дзеткамі, якія маюць запаволенасьць у разьвіцьці, зь бяздомнымі людзьмі. Нават зь бяздомнымі хатнімі жывёламі працуем. То бок рэалізуецца вялікая колькасьць праектаў, патрэбных, як мне падаецца, менавіта гэтай краіне. Прыкладам, калі ў Босьніі год таму здарыліся страшныя патопы — шмат было ахвяраў, шмат матэрыяльных стратаў — нашы студэнты езьдзілі на тыдзень у дзьве розныя мясцовасьці, дапамагалі расчышчаць тэрыторыю, нешта па-хуткаму адбудоўваць. Адбываецца рэальна карысная праца. Таму такая школа тут быць павінна.

— На пачатку — у сярэдзіне 1990-х у Мостары была сапраўдная вайна, так?

— Тут былі вельмі інтэнсіўныя баявыя дзеяньні. Зноў жа, з-за таго, што горад быў падзелены фактычна на два лягеры, басьнійская армія абстрэльвала харватаў, харваты — басьнякоў. Там, дзе праходзіла лінія фронту (а гэта Цэнтральны бульвар Мостара), большасьць будынкаў стаяць у руінах і сёньня. У літаральным сэнсе руіны, дзіркі ад куль. І няма як усё аднавіць, бо да гэтага часу спрачаюцца, каму што належыць — харватам ці басьнякам. На самой справе цяжка зразумець, чые правы на гэтыя будынкі ў большай ступені, бо ўсё рухнула яшчэ пры югаслаўскім камунізьме, калі багацьці належалі, умоўна кажучы, народу. А цяпер усё стаіць нікому не патрэбнае, разбуранае, і менавіта ў цэнтры гораду.

Адчуваньне, што вайна была ўчора

Адчуваньне, што вайна была ўчора

Кантрасты Мостара: у крамах майго раёну сьвініну не прадаюць

— Мясцовыя, відаць, да такой карціны прызвычаіліся. А замежныя студэнты, выкладчыкі?

— Асабліва гэта ўзрушвае людзей, якія прыяжджаюць да нас у каледж з пасьпяховых, разьвітых краінаў. Для іх гэта шок на некалькі тыдняў. Хадзіць і навокал бачыць руіны, дзіркі ад куляў, сьмецьце ад невядомых часоў — гэта не для слабой псыхікі. Таму па першым часе цяжка маральна, гэта так. Але паступова ўсе прызвычайваюцца, такія рэаліі.

— Вы самі дзе жывяце, у якой частцы горада?

— Я жыву побач са старым горадам. У прынцыпе, гэта цэнтар Мостара, але тэхнічна мая кватэра — на мусульманскім баку. То бок у крамах майго раёну сьвініну не прадаюць (сьмяецца). Такая вось мешаніна, пайдзі разьбярыся…

— Стася, вы выпускніца Беларускага гуманітарнага ліцэя, вучыліся ўжо ў падпольлі?

— Так, прыйшла, калі ліцэй толькі сышоў у падпольле. Асабіста для мяне ён як бы паміж дзьвюма рэальнасьцямі. Найперш, ліцэй апынуўся паміж звычайнай беларускай школай і UWC, калі зьявілася асэнсаваньне прынцыпова іншых магчымасьцяў адукацыі. Насамрэч зь ліцэю я ўзяла вельмі шмат добрых рэчаў, якія мяне падрыхтавалі да таго, каб ужо працягваць адукацыю на Захадзе. Усё ж у ліцэі нас навучылі крытычна ставіцца да таго, што нам кажуць у школьных падручніках, на тэлебачаньні, у афіцыйных СМІ. У дзяржаўных школах гэтаму не вучылі, хутчэй, усё было наадварот. Таму, каб не ліцэй і бацькі, якія зрабілі такі выбар, усьведамленьне шмат каго так і засталося б на сярэднестатыстычным школьным узроўні. У ліцэі вучылі фільтраваць няпраўду ад праўды, вучылі пасьлядоўна, праз гуманітарныя прадметы, на якія, зноў жа, рабіўся націск. Такія заняткі вельмі дапамаглі, бо выходзіш больш падрыхтаваным да таго, што цябе чакае ў адукацыі пасьля. Але і ліцэй — не эталён, усё ж у нашых студэнтаў больш свабоды, чым у ліцэістаў. Але гэта зразумела: у ліцэя зусім іншае становішча, і ня думаю, што трапна параўноўваць дзьве ўстановы ў гэтым сэнсе. У каледжы я адчуваю сябе больш вольнай менавіта ў сацыяльным пляне. Але зноў жа, паўтару, гэта зусім розныя рэчы, бо ліцэй вымушаны існаваць ва ўмовах падпольля, адрозна ад каледжу.

Дыплём настаўніка нічога ня варты, калі ты безыніцыятыўны

— Колькі ўжо часу на вольных хлябах?

— Коласаўскі ліцэй я скончыла ў 2008 годзе, наступныя два гады вучылася ў каледжы ў Мостары. Затым ад’ехала ў ЗША, дзе ў Нью-Гэмпшыры скончыла Дартмуцкі ўнівэрсытэт, атрымала эканамічную адукацыю. Ну і вось вярнулася…

— А па якіх крытэрах адбіраюцца выкладчыкі ў Каледжы аб’яднанага сьвету? Выглядае, што пэдагагічная адукацыя асаблівага значэньня ня мае?

— Тут вельмі лібэральная сыстэма. Шукаюць ня столькі чалавека з выкладчыцкай адукацыяй, колькі ініцыятыўнага. Прыкладам, у мяне пэдагагічнай адукацыі няма. Ёсьць адпаведны досьвед, але няма дыплёму, які б сьведчыў, што я настаўніца. Я ўжо казала, што паводле дыплёму эканаміст. Яны шукаюць людзей, якія цікавыя, якія актыўныя, якія могуць захапляльна расказаць пра свой прадмет і якім падабаецца займацца ў тым ліку пазашкольнымі рэчамі. Іншымі словамі, упрагацца ў разнастайную працу. Той жа валянтэрскі рух, пра які мы казалі раней, маральная і фізычная дапамога. Ну і, само сабой, актыўныя стасункі са студэнтамі. Прыкладам, я пастаянна зь дзецьмі кантактую, кудысьці зь імі хаджу, наведваю іх у студэнцкіх рэзыдэнцыях. Іншымі словамі, патрэбны асаблівы тып чалавека. Таму — хутчэй, патрабаваньні ўнівэрсальнасьці, чым дыплём настаўніка.

Каледжы аб’яднанага сьвету — міжнародны адукацыйны рух, першая вучэльня якога (Atlantic College) паўстала ў 1962 годзе ва Ўэльсе. Заснавальнік адукацыйнай канцэпцыі United World Colleges — нямецкі пэдагог Курт Ган. Стыпэндыі для беларусаў зьявіліся ў сярэдзіне 1990-х і спачатку прызначаліся праз пасярэдніцтва Польшчы. Сёньня United World Colleges — гэта сетка з паўтара дзясятка навучальных устаноў па ўсім сьвеце. Двухгадовае навучаньне вядзецца на перадунівэрсытэцкім узроўні, у кожным каледжы займаецца ў сярэднім 200 студэнтаў з 70–80 краінаў. Беларускае прадстаўніцтва адзначанае ў каледжах Армэніі, Босьніі і Герцагавіны, Вялікай Брытаніі, Ганконгу, Індыі, Італіі, Нарвэгіі, Нідэрляндаў, Сынгапуру, ЗША. Адбор — на конкурснай аснове. Штогод вучыцца ў каледжы UWC едуць 2–3 прадстаўнікі Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?