Дзяржстандарт спыніў рэалізацыю рыбных кансерваў з паразітычнымі чарвякамі, паведамілі у прэс-службе ведамства. 

Гомельская абласная інспекцыя Дзяржстандарта падчас наглядных мерапрыемстваў, што праводзіліся ў гандлёвай сетцы Гомеля, выявіла неадпаведнасць рыбных кансерваў «Печань траскі натуральная гандлёвай маркі «Рыбоведовъ», якія там рэалізоўваліся, патрабаванням Даст 13272-2009 «Кансервы з печані рыб. Тэхнічныя ўмовы». Выраблена гэтая прадукцыя ТАА «Сампа» (Мурманск) на замову ТАА «Корса» (Калінінград). Імпарцёрам у Беларусі з'яўляецца ПП «Формула МК» (Мінск). 

У выніку лабараторных выпрабаванняў адабраных узораў рыбных кансерваў была ўстаноўленая наяўнасць у іх нежыццяздольных палаваспелых гельмінтаў, скручаных у спіралі, і іх лічынкавых стадый. Выяўленыя таксама і стужкавы чарвяк (Cestoda), памер якога склаў 9 см. Пры гэтым ступень паражэння гельмінтамі склала 68%. 

Акрамя гэтага, печань траскі не прайшла тэст і па іншых арганалептычных паказчыках: наяўнасць пабочнага паху акісленага тлушчу, нераўнамерны колер кавалкаў печані — ад светла-карычневага да цёмна-карычневага з зеленаватым адценнем замест ад крэмавага да шараватага, а таксама неўласцівы колер выдзеленага тлушчу — ад карычневага да цёмна-карычневага замест ад саламянага да жоўтага. 

Па выніках наглядных мерапрыемстваў Дзяржстандарт выдаў ТАА «Еўрагандаль» і прыватнаму прадпрыемству «Формула МК» прадпісанні аб забароне ўвозу і абарачэння на тэрыторыі краіны гэтых рыбных кансерваў і аб адмене на іх дэкларацыі аб адпаведнасці. 

За выпуск і рэалізацыю названай прадукцыі вінаватыя суб'екты гаспадарання таксама прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці. 

У аддзеле дзяржаўнага нагляду і кантролю Дзяржстандарта праінфармавалі, што па выніках праверак харчовай прадукцыі ў 2015 годзе імпартныя рыбныя кансервы ўвайшлі ў лік найбольш праблемных груп. Абласнымі інспекцыямі ўстанаўліваліся неаднаразовыя неадпаведнасці гэтай прадукцыі патрабаванням стандартаў па якасных характарыстыках, а таксама па масе асноўнага прадукту ва ўпакоўцы. У гэтай сувязі Дзяржстандарт рэкамендуе імпарцёрам «займаць патрабавальную пазіцыю адносна прадукцыі, што закупляецца, пры заключэнні дагавораў і кантрактаў прадугледжваць яе адпаведнасць дзейным тэхнічным нарматыўным прававым актам: на рынак краіны павінны паступаць толькі бяспечныя і якасныя тавары».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?