14:14

Пасяджэнне скончанае.

14:13

Лукашэнка ўжо прэзентаваў спіс 30 давераных асоб. Цікава, хто сёлета туды ўвойдзе? Аказалася, што падалі таксама і Караткевіч, і Гайдукевіч. Не падаў спіс сваіх давераных асоб пакуль толькі Улаховіч.

14:10

Тэлевыступы Таццяны Караткевіч адбудуцца: 17 верасня і 24 верасня.

Радыё: 25 верасня (6:10-6:40) і 2 кастрычніка (6:40-7:10).

14:08

Сяргей Гайдукевіч будзе выступаць на ТБ 15 верасня і 25 верасня.

На радыё: 23 верасня (6:10—6:40) і 30 верасня (6:10—6:40).

14:04

Будуць зараз размяркоўваць эфірны час кандыдатаў. Будзе адбывацца лёсаванне. Кандыдаты змогуць выступіць двойчы па тэлебачанні і радыё. Выступ абмежаваныя 30 хвілінамі. Час — 19:30.

На радыё кандыдаты змог выступіць толькі раніцай, яшчэ да 7 гадзіны.

14:02

Абмяркоўваецца пытанне, як будзе выглядаць бюлетэнь для галасавання.

14:00

Міхаіл Орда вырашыў падысці да мікрафона: «Людзі ставяцца да выбараў нераўнадушна. Лукашэнку аказаная беспрэцэдэнтная падтрымка. Подпісы за яго ставілі як за мудрага палітыка. Ён ніколі не сыходзіў ад адказнасці».

13:58

Доўга-доўга гаварылі, каб прыйсці да вываду, што прычын адмаўляць у рэгістрацыі Лукашэнку няма. А вы як думалі?

Лукашэнка зарэгістраваны.

13:54

Орда пачаў апраўдвацца адносна плакатаў Лукашэнкі падчас збору подпісаў. «На гэтых плакатах не было лозунгаў і агітацыйных матэрыялаў. Выраблены ён за кошт грамадскіх сродкаў ФПБ».

Ярмошына пацвярджае, што партрэты на зборы подпісаў можна было выкарыстоўваць.

13:51

Лукашэнка падаў не толькі сваю дэкларацыю аб даходах, але і жончыну. ЦВК не знайшла парушэнняў.

Цяпер ЦВК будзе разглядаць скаргу Партыі БНФ аб нерэгістрацыі Лукашэнкі праз шматлікія парушэнні.

Ярмошына кажа, што парушэнні не пацверджаныя.

13:46

Улаховіч традыцыйна дзякуе людзям, што за яго распісваліся. «Я ведаю эканоміку не па падручніках, лічу сябе моцным гаспадарнікам. Я спадзяюся, што прынясу карысць Радзіме. Не такая простая сітуацыя ў нас».

13:44

За рэгістрацыю Улаховіча яшчэ не прагаласавалі, а ён ужо кінуўся атрымліваць пасведчванне.

13:43

У Лідзіі Ярмошынай новыя акуляры, заўважыў фатограф «НН» Сяргей Гудзілін.

13:43

«Мяне падтрымлівае аграмадная колькасць людзей, — кажа Гайдукевіч. — Парадак у краіне — гэта дастатак дома. Я за моцную, мірную Беларусь».

13:41

Зарэгістраваны лідар ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч.

13:39

У дэкларацыях Гайдукевіча ёсць памылкі. Даход Гайдукевіч за мінулы год склаў 263 158 324 рублёў. Ён не ўказаў каля 6 мільёнаў прыбыткаў. Таксама памылілася і жонка Сяргея Васільевіча. Але памылкі складаюць менш за 20%, таму падставаў адмаўляць у рэгістрацыі няма, кажа Ярмошына.

Лідзія Ярмошына ўручае пасведчанне кандыдата Таццяне Караткевіч.

Лідзія Ярмошына ўручае пасведчанне кандыдата Таццяне Караткевіч.

13:38

«Лукашэнка стаміўся. Яму варта адпачыць», — сказала напрыканцы Караткевіч.

Прамаўляла яна дастаткова добра, фактычна не хвалявалася.

13:37

Таццяна Караткевіч гаворыць па-руску. Яна дзякуе сваёй камандзе.

«Я ганаруся, што я — адзіная дэмакратычная альтэрнатыва, я прадстаўляю людзей, што хочуць мірных перамен. Улада павінна мяняцца. Мяняцца мірна», — кажа Караткевіч.

Кандыдатка кажа, што якасць жыцця толькі пагаршаецца, а Аляксандр Лукашэнка не выканаў абяцання 1000 даляраў заробку. «Калі мы дадзім яшчэ 5 гадоў гэтай уладзе, то толькі пагоршым сітуацыю».

13:34

Караткевіч зарэгістраваная. Першая жанчына-кандыдат у гісторыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ёсць.

13:33

«Кандыдатура Таццяны Мікалаеўны цалкам адпавядае патрабаваннем, ніякіх парушэнняў не выяўлена», — кажа Лазавік.

13:30

Першай будуць рэгістраваць Таццяну Караткевіч. Яе прадстаўляе сакратар ЦВК Мікалай Лазавік. Ён усміхаецца Таццяне Караткевіч, вельмі прыязна настроены.

13:29

Сяргей Скрабец хацеў сказаць рэпліку адносна нерэгістрацыі Віктара Цярэшчанкі. Ярмошына не дазволіла, бо няма даведкі, што ён прадстаўнік Цярэшчанкі.

Віктару Цярэшчанку адмоўлена ў рэгістрацыі.

13:25

Неяк мерапрыемства зацягваецца. Шмат пустых лічбаў агучваецца.

13:19

Цяпер у рэгістрацыі будуць адмаўляць Віктару Цярэшчанку.

13:18

Палымяная прамова не дапамагла. Раманоўскай адмовілі ў рэгістрацыі. Ярмошына кажа, што рашэнне яшчэ можна абскардзіць.

13:16

Ёсць дзве прычыны, чаму не вырашаюцца праблемы людзей: «Альбо прэзідэнт не ведае, альбо не хоча дапамагаць. І тое, і тое недапушчальна», — кажа яна.

13:14

Цяпер Раманоўская крытыкуе беларускае заканадаўства. Кажа, што ў яе скралі кватэру. Вінаваціць Мінгарвыканкам. «Я спадзявалася, што буду праводзіць прэзідэнцкую кампанію са сваёй кватэры».

Ярмошына пачынае ўжо асаджваць Раманоўскую.

13:12

«У інтэрнэце я размясціла кліп «Малітва», які адлюстроўвае мае пачуцці», — кажа Раманоўская. Чытае «Пагоню» Багдановіча. У зале заўважнае абуджэнне, Раманоўская знатна дастаўляе.

13:10

Раманоўская ля мікрафона! «Я не звыкла чытаць, што пішуць на плоце, я хачу атрымаць афіцыйны дакументы». Яна дзячыць усім, хто яе падтрымаў падчас кампаніі. Усім 729 людзям.

13:07

Першай разглядаюць заяву аб рэгістрацыі Жанны Раманоўскай.

Яна сабрала крыху больш за 700 подпісаў, але не адчайваецца і хоча быць зарэгістраванай. Раманоўская сядзіць побач з Улаховічам.

13:03

Ой, ну нарэшце сумныя лічбы скончыліся. Зараз будзе самае цікавае.

13:01

Андрэй Дзмітрыеў вырашыў здзівіць публіку сваімі шкарпэткамі. Фота tut.by.

12:57

Кажуць, што ў Мінску за Цярэшчанку збірала подпісы не больш за 20 чалавек. Усіх сабак вырашылі павесіць на аднаго Цярэшчанку.

12:54

Прадстаўнік ЦВК па Мінску кажа, што Анатоль Лябедзька парушаў заканадаўства, раздаваўшы агітацыйныя матэрыялы.

12:52

«У ЦВК нас тут вырашылі замучыць статыстыкай. Люта даказваюць, што Лукашэнка ледзь не асабіста ўсё сабраў, а ва ўладзе яго ўжо настолькі не падтрымліваюць, што адмовіліся яму дапамагаць і адміністрацыйны рэсурс прастойваў. А вось Цярэшчанка усіх абурыў. Кожны малоціць», — напісаў у фэйсбуку кіраўнік ініцыятыўнай групы Таццяны Караткевіч Андрэй Дзмітрыеў.

12:50

Віктар Цярэшчанка пацвердзіў факт знікнення кіраўніка яго ініцыятыўнай групы Алега Несцяркова. Кажа, што не бачыў яго ад дня атручвання.

12:48

Адзін зборшчык подпісаў за Цярэшчанку «сабраў» у Магілёве больш за 400 подпісаў за дзень. Прадстаўнік ЦВК называе гэта «гразнымі тэхналогіямі».

12:46

Прадстаўнік ЦВК па Магілёўскай вобласці радуе сакавітай трасянкай. А яшчэ слова «эксперт» ён вымаўляе з націскам на першы склад.

Расказвае, які кепскі Віктар Цярэшчанка. Практычна ўсе подпісы гэтага вылучэнца прызнаныя несапраўднымі.

12:45

Радыё «Свабода» перадае, што да будынка ЦВК прыйшло каля 15 прыхільнікаў Таццяны Караткевіч. Узнялі бел-чырвона-белыя сцягі.

12:40

Лазавік кажа, што варта зрабіць этап збору подпісаў яшчэ больш ліберальным, каб кандыдаты маглі лягчэй сабраць неабходную колькасць подпісаў. Але яшчэ існуюць пэўныя юрыдычныя перашкоды, якія ў будучыні будуць скасаваныя, упэўнены сакратар ЦВК Лазавік.

12:33

Прадстаўнік ЦВК па Гродзенскай вобласці таксама пераконвае, што парушэнняў збору подпісаў за Аляксандра Лукашэнку няма. Засталося яшчэ дзве вобласці і горад Мінск.

12:26

У Мікашэвічах была скарга, што на прадпрыемстве «Граніт» подпісы за Лукашэнку збіраліся з парушэннем заканадаўства, выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу. Прадстаўнік ЦВК пераконвае, што ўсё было сумленна.

12:18

На стале ў ЦВК ляжаць пасведчанні аб рэгістрацыі чатырох кандыдатаў у прэзідэнты — Гайдукевіча, Караткевіч, Лукашэнкі і Улаховіча. Нечаканасцяў не будзе.

12:14

Мы спрабавалі патэлефанаваць Віктару Цярэшчанку, каб спраўдзіць інфармацыю аб знікненні Алега Несцяркова, але мабільны спадара Цярэшчанкі адключаны.

12:12

Працягваюць агучваць лічбы прадстаўнікі ЦВК па абласцях. Мала цікава.

12:10

Варта адзначыць, што каля ЦВК дзяжурыць некалькі дзясяткаў прыхільнікаў Сяргея Гайдукевіча.

12:06

Прадстаўнік ЦВК па Брэсцкай вобласці Каляда рапартуе, што выбары праходзяць згодна з заканадаўствам. Кажа, што ва ўсіх раёнах збіралі подпісы Лукашэнка і Караткевіч.

Што тычыцца подпісаў за Цярэшчанку, то несапраўднымі прызнаныя ад 35 да 40% подпісаў. Подпісы былі ад несапраўдных асоб, выбарцы не зарэгістраваныя па месцы пражывання.

12:04

Ярмошына гаворыць аб патрабаванні Партыі БНФ не рэгістраваць Аляксандра Лукашэнку. Абяцаюць разгледзець скаргу.

Моцна змяніўся з твару намеснік Лідзіі Ярмошынай Мікалай Лазавік (на фота злева), відаць, перанёс цяжкую хваробу.

Моцна змяніўся з твару намеснік Лідзіі Ярмошынай Мікалай Лазавік (на фота злева), відаць, перанёс цяжкую хваробу.

12:01

Пачалося пасяджэнне. Без затрымак. Пачала гаварыць Лідзія Ярмошына. 

12:00

У кулуарах перамаўляюцца, што знік кіраўнік ініцыятыўнай групы Віктара Цярэшчанкі Алег Несцяркоў. На сувязь ён не выходзіць ужо тыдзень. У Несцяркова няма ні дзяцей, ні жонкі, таму немагчыма спраўдзіць яго знаходжанне. Людзі ад Цярэшчанкі таксама прысутнічаюць на рэгістрацыі.

11:58

Вось і Таццяна Караткевіч прыйшла ў залу разам з кіраўніком сваёй ініцыятыўнай групы Андрэем Дзмітрыевым.

Караткевіч заняла месца паміж Гайдукевічам і Ордай. Улаховіч з Вобразавым сядзяць з іншага боку.

11:56

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Улаховіча Мікалай Вобразаў адразу падышоў да Сяргея Гайдукевіча і Міхаіла Орды. «Віншую», — сказаў ён, ціснучы рукі.

11:53

Гэтым разам рэгістрацыя адбываецца ў будынку ЦВК, а не Палацы Рэспублікі, як у 2010 годзе. Меншы размах. Дый кандыдатаў заўважна меней.

З'явіліся Мікалай Улаховіч і Сяргей Гайдукевіч. Ініцыятыўную групу Лукашэнкі прадстаўляе яе кіраўнік Міхаіл Орда.

Таццяны Караткевіч пакуль не бачна. Затое прыйшла Жанна Раманоўская, яна не здолела сабраць 100 тысяч подпісаў, але ўсё адно падае дакументы на рэгістрацыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?