Для мяне выбарчая кампанія пачалася 1 чэрвеня з прахадной МАЗа. За два з паловай месяцы з праграмай «Мільён новых працоўных месцаў» я аб'ехаў дзясяткі рэгіёнаў, правёў сотні сустрэч, паціснуў тысячы рук.

Час рабіць высновы.

Цяперашняя выбарчая кампанія не падобная ні на адну папярэднюю. Па-першае, тая цікавасць, якая была праяўлена да праграмы «Мільён новых працоўных месцаў», даказвае, што ў грамадстве ёсць устойлівы попыт на эканамічную альтэрнатыву.

Па-другое, актыўным гульцом прэзідэнцкай кампаніі з'яўляецца эканамічны і фінансавы крызіс. Упершыню ўлады не маюць магчымасці масава купляць галасы выбаршчыкаў — праз павышэнне заробкаў, пенсій, дапамог і іншыя бонусы.

Па-трэцяе, як ніколі адбіваецца ўздзеянне знешніх фактараў. Украінская тэма ўжо не фаварыт, але ўсё роўна дзесьці побач. І яна, безумоўна, стрымлівае нарастальнае жаданне пераменаў. З іншага боку, Захад дэманструе гатоўнасць «быць прагматыкам» ва ўзаемаадносінах з перадапошнім дыктатарам Еўропы.

Па-чацвёртае, беларуская выбарчая мадэль у глыбокім крызісе. Нават больш, яна — у стане раскладання. За 20 гадоў яна цалкам сябе вычарпала. Лукашэнкаўскія «выбары» і рэальнае жыццё людзей — гэта дзве паралельныя прамыя, яны нідзе не перасякаюцца. Упершыню выбаршчык выкрэслівае «прэзідэнцкія выбары» са свайго падзейнага календара. Гэта — галоўная асаблівасць, нечаканасць, калі хочаце, фішка цяперашняй прэзідэнцкай кампаніі!

Такія настроі — вялікі выклік для ўлады і асабіста для беларускага кіраўніка. Яму патрэбна не проста падтрымка выбаршчыка, яму неабходны свята, падзея, вакол якой круціцца ўся Беларусь. А свята няма і блізка.

А вось расчараванне і недавер далі багаты ўраджай паўсюль. Нават у фанатаў клуба імя Лукашэнкі ў гэтай кампаніі не гараць вочы. Паўпустыя выбарчыя ўчасткі — гэта перспектыва, якая палохае і напружвае Чырвоны дом. Для ўлады цяпер няма пытання больш актуальнага, чым яўка выбаршчыкаў 11 кастрычніка. На яго рашэнне будзе працаваць уся дзяржаўная машына. І тут усе сродкі добрыя. І адміністрацыйны рэсурс, і прэтэндэнты з нібыта апазіцыйнай крэдытнай гісторыяй, і раздача морквы, хай і дробнай, і нават падтрымка лозунга: «Галасуй супраць усіх». Галоўнае — завабіць, зацягнуць, прыгнаць людзей на выбарчы ўчастак!

У прыхільнікаў пераменаў задача проста супрацьлеглая. Ёсць унікальны шанец і магчымасць выкарыстоўваць апатыю і абыякавасць большасці людзей да гэтага фарсу як інструмент ціску на ўладу. Настроі, якія сталі пазіцыяй, здольныя даць вынік. І тут у сказе: «Галасаваць нельга ігнараваць» — трэба правільна паставіць коску.

Поўны ігнор выбарчага фарсу! Няма сапраўдных выбараў — няма і нас на выбарчых участках.

Калі мы ўсе ігнаруем гэты фарс, гэта падштурхоўвае, прымушае ўладу мяняць збанкрутавалую выбарчую мадэль. Пустыя ўчасткі немагчыма прадаць як народнае волевыяўленне, як сапраўдныя выбары ні міжнародным назіральнікам, ні ўласным грамадзянам. У такой сітуацыі можна патрабаваць ад уладаў унясення змяненняў у выбарчае заканадаўства, якія дазволяць прыхільнікам пераменаў увайсці ў склад камісій, гарантуюць сумленны падлік галасоў, вернуць выбаршчыку права выбару.

Паралельна вельмі важна прасоўваць пазітыўную эканамічную альтэрнатыву — праграму «Мільён НРМ», для рэалізацыі якой неабходны сумленныя, свабодныя выбары.

Гэта і ёсць стратэгія «і». Стратэгія, здольная аб'яднаць усіх прыхільнікаў пераменаў і стаць асновай для вялікай кааліцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?