Магчымы выгляд Homo naledi. Выява: John Gurche, National Geographic

Магчымы выгляд Homo naledi. Выява: John Gurche, National Geographic

Рэканструкцыя чэрапа Homo naledi і чэрап сучаснага чалавека на фоне. Выява: Stefan Fichtel, National Geographic

Рэканструкцыя чэрапа Homo naledi і чэрап сучаснага чалавека на фоне. Выява: Stefan Fichtel, National Geographic

У пячоры ў 45 кіламетрах ад Ёханэсбурга (Паўднёвая Афрыка) ў 2013 годзе антраполаг Лі Бергер знайшоў паўтары тысячы костак прынамсі 15 істот, падобных да чалавека. Як паказала даследаванне, гэтыя косткі належаць раней невядомаму віду, што атрымаў назву Homo naledi, распавядае National Geographic.

Homo naledi мелі рост каля 1,5 метра і вагу каля 45 кілаграм. Косткі тазу нагадваюць такія ў аўстралапітэкаў, што жылі 4 мільёны год таму, а ступні — як у нас, Homo sapiens. Аб’ём мозгу ўдвая меншы за сучаснага чалавека.

Як прафесар Бергер распавёў Associated Press, узрост Homo naledi хутчэй за ўсё складае ад 2,5 да 2,8 млн год, але ўласна знойдзеныя косткі могуць быць і маладзейшымі. Але дакладны ўзрост пакуль невядомы. Калі яны жылі каля трох мільёнаў год, то Homo naledi выдатна прадэманструе тое, што эвалюцыя першых з роду Homo ішла даволі разнастайна. А калі жылі значна пазней — што яны для свайго часу былі «жывымі выкапнямі», якія захавалі прымітыўныя рысы продкаў.

Косткі былі знойдзеныя ў пячорным комплексе Дыналедзі, у гонар якога і быў названы від. Што дзіўна, уваход у пячору быў настолькі вузкім, што туды ледзь пралезлі самыя «кампактныя» даследчыкі.

Фота: University of the Witwatersrand

Фота: University of the Witwatersrand

Схема пячоры. Выява: Jason Treat, National Geographic

Схема пячоры. Выява: Jason Treat, National Geographic

Як у пячоры аказаліся косткі старажытных людзей — загадка. Магчыма нават, што пячора — месца пахавання. Калі гэта нейкім чынам пацвердзіцца, нас чакае сенсацыя: пра існаванне пахавальных абрадаў у такіх прымітыўных родзічаў чалавека раней і падумаць не маглі.

З іншага боку, косткі маглі быць закінутыя ў пячору і значна пазней. Некаторыя навукоўцы абвяргаюць і галоўную выснову групы Бергера: нехта кажа, што ў пячоры не адзін, а два віды, некаторыя — што гэта не новы від, а вельмі незвычайныя Homo erectus (якія жылі 1,6 млн год таму). Так ці іначай, гэтая знаходка — найвялікшая ў Афрыцы за ўсю гісторыю.

Злева направа: аўстралапітэк, Homo erectus, Homo naledi. Выява: Lee Berger, National Geographic

Злева направа: аўстралапітэк, Homo erectus, Homo naledi. Выява: Lee Berger, National Geographic

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?