Фота: forum.grodno.net

Фота: forum.grodno.net

Гродна і Друскенікі збіраюцца пабудаваць паміж гарадамі веладарожку. Пра гэта сёння на міжнародным інвестыцыйным форуме «Гродна на скрыжаванні граніц» паведаміў журналістам мэр Друскенікаў і прэзідэнт асацыяцыі самакіраванняў Літвы Рычардас Малінаўскас, перадае БелТА.

«Мы працуем з Гродна ўжо шмат гадоў. У нас ужо ёсць досвед атрымання еўрапейскіх сродкаў на даследаванне энергетычных патрэбаў абодвух гарадоў, рэалізацыю некалькіх культурных праектаў. Мы ўжо пачалі працу над сумеснымі заяўкамі на наступны фінансавы перыяд. Маем цікавыя ідэі для сумеснага праекта ў сферы даследаванні агульнай гісторыі і стварэння новага музея ў цэнтры Гродна.

Акрамя таго, мы павінны давесці да канца ідэю звязаць два нашыя горады веласіпедным маршрутам, для гэтага трэба пабудаваць сучасную трансгранічную веладарожку», — сказаў Рычардас Малінаўскас і запрасіў гродзенцаў часцей прыязджаць у літоўскі пабрацім.

«У нас развіта сфера аздараўленчых і турыстычных паслуг, а ў вас — вытворчасць і перапрацоўка. Мы вельмі добра дапаўняем адзін аднаго, не канкурыруючы», — заўважыў мэр.

У сваю чаргу старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой падкрэсліў, што доля літоўскіх кампаній сярод кампаній з замежным капіталам у Гродне складае больш за 30%. «Нам шмат чаго можна пераняць у гарадскіх уладаў Друскенікаў у сферы азелянення, добраўпарадкавання і перспектыўнага развіцця горада», — сказаў Мечыслаў Гой.

Мечыслаў Гой і Рычардас Малінаўскас падпісалі план інвестыцыйнага і гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва на 2015—2016 гады.

Улады літоўскага горада Друскінінкай ўпершыню прапанавалі стварыць 50-кіламетровую веласіпедную трасу праз дзеючы памежны пераход «Прывалкі» яшчэ ўвосень 2009 года таксама на інвестыцыйным форуме ў Гродне, нагадвае velogrodno.by.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?