У пятніцу, 11 верасня ў мінскім Палацы мастацтваў прайшла прэзентацыя кнігі «Дзевяноста пяты» журналіста Сяргея Навумчыка, былога дэпутата Вярхоўнага савета.
Аўтар распавёў пра кнігу праз відэасувязь з Прагі — у 1996 годзе ён з’ехаў з Беларусі, атрымаў палітычны прытулак за мяжой. Ён хацеў прыехаць на прэзентацыю асабіста, ды сутыкнуўся з бюракратычнымі перашкодамі.
У 1995 годзе прайшоў рэферэндум, па выніках якога рускай мове быў нададзены статус другой дзяржаўнай, у якасці дзяржаўнай сімволікі вярнулася мадыфікаваная савецкая, прэзідэнт атрымаў больш правоў. Навумчык называе рэферэндум нелегітымным, як і самі пытанні, вынесеныя на яго. Навумчык быў адным з 19 дэпутатаў Апазіцыі БНФ, якія абвясцілі галадоўку ў знак пратэсту, але былі збітыя і выкінутыя з Авальнай залі вайскоўцамі і міліцыяй.
Навумчык сцвярджае, што рэферэндум адкрыў прэзідэнту шлях да неабмежаванай улады. У стаўленні да рэферэндуму як да лёсавырашальнага для Беларусі моманту Навумчыка падтрымалі выступоўцы і госці прэзентацыі.
Кніга «Дзевяноста пяты» выйшла ў серыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагоддзе». Гэта трэцяя кніга серыі: раней Навумчык пісаў пра 1991 і 1994 годы («Дзевяноста чатыры» была прэзентаваная ў сакавіку). У бліжэйшых планах аўтара — працяг серыі, кніга пра 1996 год, якая стане «менш палітычнай і больш асабістай».
На прэзентацыі сабраліся дзве сотні чалавек: палітыкі, дзеячы культуры і проста аматары гісторыі. Былі як удзельнікі падзей, што апісвае кніга, так і тыя, што ў той час яшчэ і не нарадзіўся. Месца ў зале, як і экзэмпляраў кніг, хапіла далёка не ўсім.
Сярод прысутных былі заўважаны Алесь Міхалевіч і Алег Трусаў.
«Дзевяноста пяты» пазітыўна ацанілі сучаснікі Навумчыка і ўдзельнікі апісаных падзей.
«Гэта каштоўнае, дакладнае даследванне па найноўшай гісторыі змагання за незалежную Беларусь пагрунтована на дакументах, на летапісе друку, на ўспамінах і архіўных матэрыялах і на вопыце ўласнага ўдзелу ў палітычным працэсе той пары», — Зянон Пазняк.
«Ад новай кнігі Сяргея, не ставячы пад сумнеў вартасці папярэдніх кніг «1991» і «1994», у мяне засталося ўражанне, што Сяргей распісаўся, што стыль яго зрабіўся лягчэйшы, што ён больш патрабавальны стаў у адборы фактаў, практычна знікла штосьці такое неістотнае, другаснае», — Уладзімір Арлоў.
«Кніга выдатна адпавядае жанру «нон-фікшн». <…> У кнігах гэтага жанру выкарыстоўваюцца мастацкія прыёмы раскрыцця вобразаў і такая спецыфічная кампазіцыйная арганізацыя твораў — сцэна за сцэнай. У выпадку з Сяргеем Навумчыкам гэта не толькі сцэна за сцэнай, але і год за годам. І можна сказаць, што гэта ў пэўным сэнсе ўзорны нацыянальны «нон-фікшн», — піша Ганна Кісліцына.
Кнігу ў PDF-версіі можна бясплатна прачытаць на сайце «Радыё Свабода», як і іншыя кнігі «Бібліятэкі свабоды».