11 верасня адсвяткаваў 50-годдзе дзеяч беларускага адраджэння і прадпрымальнік Алесь Гуркоў. Напярэдадні юбілею спадар Алесь распавёў «Нашай Ніве» пра беларускае падполле 80-х, бізнэс у 90-я і аптовыя склады, якія ахоўвала Беларускае згуртаванне вайскоўцаў.

Алесь нарадзіўся ў сям’і сталічных інтэлігентаў: бацька працаваў у Акадэміі навук, у інстытуце этнаграфіі і фальклору, займаўся даследаваннямі беларускай драўлянай архітэктуры, потым — бортніцтва. Маці таксама працавала ў Акадэміі, у бібліятэцы.

«У сям’і мы размаўлялі па-руску, але ж бацькі з вёсак. Маці — з-пад Мінску, бацька — з Магілёўшчыны. Таму і лексіка была адпаведная. Напрыклад, што такое «тыква» і «свёкла» я даведаўся ўжо ў сталым узросце, — смяецца Алесь. — У нас заўсёды былі «гарбуз» ды «бурак».

Ды і сам хлопец шмат часу праводзіў у матчынай вёсцы пад Рудзенскам.

«Вёска ёсць вёска. Усё лета размаўляеш па-беларуску, а затым увосень перастройваешся на рускую мову», — пасміхаецца Гуркоў.

Уплывалі на Алеся і бацькавыя заняткі.

«Калі я заканчваў школу, мой бацька пісаў кнігу па бортніцтве і паехаў у Вільню, да Зоські Верас — узяць матэрыялы. У 30-х ў Вільні выдавалі часопіс «Беларуская борць», Зоська Верас мела некалькі асобнікаў. Мяне бацька ўзяў з сабой. І там я пабачыў Зоську Верас, Лявона Луцкевіча… І гэта быў штуршок да свядомасці, — узгадвае Гуркоў. — А потым былі кнігі, той жа Караткевіч…»

Пасля школы Алесь паступіў у Тэхналагічны інстытут у Мінску. Тады быў перыяд, калі ў войска забіралі непасрэдна падчас вучобы. Гуркоў служыў ва Украіне, ў Хмяльніцкім. Кажа, і гэта паўплывала на яго — шмат сяброў па службе было з Заходняй Украіны. «Свядомыя, моцныя украінцы», — кажа пра іх Гуркоў.

Пасля войска Алесь працягнуў вучобу. Тады, у другой палове 80-х акурат актывізаваўся беларускі нацыянальны рух — і хлопец уліўся ў яго. Ён пісаў нататкі і рэцэнзіі ў «Літаратуру і мастацтва», ліставаўся з Сяргеем Абламейкам.

Купалле — Алесь на першым плане, за ім — цяпер ужо ўніяцкі сьвятар а. Андрэй Абламейка, за імі — выглядвае бард-паэт Сяржук Сокалаў-Воюш

Купалле — Алесь на першым плане, за ім — цяпер ужо ўніяцкі сьвятар а. Андрэй Абламейка, за імі — выглядвае бард-паэт Сяржук Сокалаў-Воюш

«У інстытуце было кола сяброў, якія цікавіліся беларускай культурай і мовай. Дый хлопцы з вёсцы таксама мелі да гэтага сантымент. Былі нацыянальна свядомыя выкладчыкі, прычым і хімікі, і біёлагі.

І неўзабаве разам з сябрамі мы стварылі сваю суполку пад назвай «Світанак», — расказвае Гуркоў. — Рабілі шмат чаго. Напрыклад, дамагліся, каб абвесткі ў метро гучалі па-беларуску. Я прыходзіў на пару і пускаў па аўдыторыі ліст. Пасля занятку ён да мяне вяртаўся са 100—120 подпісамі.

Сабралі подпісы, даслалі ліст у «ЛіМ» і ў адміністрацыю метрапалітэна. І праз пэўны час абвесткі ў метро загучалі на нашай мове».

Гуркоў з сябрамі прынцыпова пісалі навуковыя працы, здавалі іспыты па-беларуску. Таксама яны выдавалі газету «Студэнцкая думка», арганізоўвалі вечарыны. На адной з іх, прысвечанай Караткевічу, быў сапраўдны аншлаг. На імпрэзе выступаў Някляеў, спявала Кася Камоцкая.

Праўда, гэтая вечарына стала апошняй — студэнтам забаранілі праводзіць такія імпрэзы, бо, як кажа Алесь, «камітэт камсамолу ўбачыў, што занадта шмат сабралося людзей».

«Аднойчы я счапіўся з выкладчыкам наконт Вялікага Княства Літоўскага. Той казаў, што ніякага дачынення да беларусаў княства не мела. Дык я на яго накатаў скаргу ў парткам інстытута, і потым на паседжанні яны на поўным сур’ёзе тую скаргу разглядалі», — смяецца Гуркоў.

Цікавіліся «світанкаўцы» і экалагічнымі пытаннямі. У 1988 годзе разам з іншымі суполкамі і грамадскімі дзеячамі выступалі супраць грандыёзнага дзяржаўнага меліярацыйнага праекта наконт выпроствання рэчышча Прыпяці, асушэння яе шырокай поймы, што магло б прывесці да ўтварэння пыльнай пустыні ў межах беларускага і ўкраінскага Палесся.

«Гуканне вясны» — Алесь з братам, братавай і пляменніцай.

«Гуканне вясны» — Алесь з братам, братавай і пляменніцай.

Не абыходзілася і без праблем. Напрыклад, бацьку Алеся выклікалі ў КДБ на размову наконт сына. Але, кажа Гуркоў, бацька «быў чалавек падкаваны» і свайго сына ў крыўду не даў.

Пасля ВНУ Алесь адмовіўся працаваць па спецыяльнасці. Яго размеркавалі ў Краснаярскі край. Учорашняму студэнту гэта не спадабалася і ён напісаў лісты міністру лясной гаспадаркі і міністру адукацыі з пытаннем чаму ён, мінчук, павінен ехаць у Расію.

Гуркоў уладкаваўся фатографам у Заслаўскі музей. Але праз пару дзён дырэктару музея патэлефанавалі, што хлопец мае праблемы з інстытутам. Гуркова звольнілі.

Неўзабаве пасля стварэння незалежніцкага Беларускага Народнага Фронту ўступіў у яго і Гуркоў. Ён займаўся друкаваннем і распаўсюдам газет. Друкавалі іх у Вільні. «Я туды ездзіў, як на працу», — кажа Гуркоў. Разам з Сяргеем Дубаўцом і Паўлам Жуком ён выдаваў газету «Свабода». Пасля Дубавец і Жук заняліся адраджэннем «Нашай Нівы», праўда, ужо без Гуркова.

«Жук пачаў мяне ўбок адсоўваць, рэгістраваць усё на сябе, і я пакрыўдзіўся — пачыналі разам, а тут мяне адсунулі. І я адышоў. Пасля Дубавец мне званіў, каб я вярнуўся, але я не захацеў. Разам з трыма роднымі братамі ўшчыльную заняўся бізнэсам», — расказвае Алесь.

Спачатку Гурковы зарэгістравалі навукова-вытворчае прадпрыемства «Чмель». Гандлявалі прадуктамі. Прычым, назва была ўзятая не проста так.

«На пачатку ХХ стагоддзя ў Вільні было кааператыўнае таварыства «Пчала». Ну вось, мы правялі з імі такую паралель», — тлумачыць Алесь.

Ля Вострай Брамы ў Вільні.

Ля Вострай Брамы ў Вільні.

Затым была фірма «Сотвар» — адна з першых, хто даваў рэкламу па-беларуску. «Сотвар» займаўся тым жа гандлем.

«Прычым, я не скажу, што 90-я былі нейкія «ліхія». Працавалі нармальна, «наездаў» з боку крыміналу не было. За нейкі «дах» ніякім бандытам таксама не плацілі, — распавядае Гуркоў. — У мяне былі аптовыя склады, і ахоўвалі іх людзі з Беларускага згуртавання вайскоўцаў — у камуфляжы, са сваімі шаўронамі, са зброяй. Тады ж можна было набываць газавыя пісталеты. І людзі казалі — «Ой, гэта склады БНФ!».

Пярсцёнак з Пагоняй. Яго Алесю падарыў Анатоль Белы, заснавальнік мінскага культурна-асветніцкага клуба «Спадчына».

Пярсцёнак з Пагоняй. Яго Алесю падарыў Анатоль Белы, заснавальнік мінскага культурна-асветніцкага клуба «Спадчына».

Бізнэс на пачатку 90-х было весці прасцей, кажа Гуркоў. Дзяржава яшчэ не ведала, як кантраляваць прадпрымальнікаў.

На прэзідэнцкіх выбарах 1994 года Гуркоў падтрымліваў Пазняка. Алесь кажа, што разам з сябрамі адразу занепакоіўся, калі перамог Лукашэнка.

«Пазняк казаў, што Лукашэнка — несур’ёзны чалавек, які ў палітыцы ненадоўга. Але я лічыў інакш», — кажа Гуркоў.

І з вышыні гадоў Алесь прызнае — лепш бы на тых выбарах перамог Кебіч.

«Вялікая памылка Пазняка, што ён не дамовіўся з гаспадарчай элітай. Ён жа таму ж Кебічу рукі не падаваў, а трэба было дамаўляцца.

Каб яны дамовіліся, што БНФ адказвае за адукацыю і культуру, а старая гвардыя за эканоміку, то магло б усё інакш атрымацца, — мяркуе Гуркоў. — Але ж, вядома,

Пазняк не мог і не хацеў на такое пайсці. Тым больш жа ён паўсюль шукаў ворагаў.

Нават была гісторыя з маім бацькам — бацька ў маладосці, перад педінстытутам, вучыўся ў школе радыстаў КДБ. Дык Пазняк і яму рукі не падаваў».

Прычым, адзначае Гуркоў, ідэі Пазняка яму блізкія. Але…

«Пазняку не хапае дзеянняў. Ён павінен быў бы працаваць і размаўляць з людзьмі, — мяркуе Алесь. — Але ж эміграваў. У той час, як ён толькі з’ехаў, мне казалі звычайныя рабочыя: «Навошта ён з’ехаў, нас тут кінуў? Мы б пайшлі яго вызваляць!».

Алесь заўсёды вылучаўся актыўнасцю. Пры канцы 90-х ён фінансаваў пераклад дыснееўскіх мультфільмаў.

«Я даваў грошы, Валянціна Лецка займалася тэхнічнай часткай. Наймалі перакладчыка, прафесійных акцёраў. Запісвалі відэакасеты і распаўсюджвалі. «Прыгажуня ў сонным лесе», «Віні-Пух», «Пакахонтас»… Агулам каля 16 стужак было перакладзена».

Таксама выдаваў дзіцячыя аўдыёспектаклі і спевы з фондаў Белтэлерадыё на аўдыёкасетах. Цяпер гэтую справу працягвае Алесь Квіткевіч.

Сын Ігнась з майстрам Алесем Піраговым пад кіраўніцтвам Алеся парадкуюць магілу светлай памяці Сяржука Вітушкі і ягонага бацькі.

Сын Ігнась з майстрам Алесем Піраговым пад кіраўніцтвам Алеся парадкуюць магілу светлай памяці Сяржука Вітушкі і ягонага бацькі.

Што ўрэшце атрымалася: магілы Сяржука Вітушкі і ягонага бацькі.

Што ўрэшце атрымалася: магілы Сяржука Вітушкі і ягонага бацькі.

Капліца пры ўездзе ў вёску Азярычына на Рудзеншчыне. Гуркоў пабудаваў яе на радзіме маці ў гонар 2000-годдзя хрысціянства.

Капліца пры ўездзе ў вёску Азярычына на Рудзеншчыне. Гуркоў пабудаваў яе на радзіме маці ў гонар 2000-годдзя хрысціянства.

Сёння Гуркоў вядзе бізнэс, грамадскай дзейнасцю амаль не займаецца, хіба толькі час ад часу дапамагае грашыма некаторым ініцыятывам. Клопату ў яго і так хапае — сям’я, дзеці, праца. Увогуле сваім жыццём Гуркоў задаволены. Але трошкі горычы ўсё ж мае.

«Матэрыяльна я забяспечаны, тут праблем няма. Але, калі шчыра казаць — тое, чаго чакаў ад жыцця ў маладосці, не збылося, канечне. Я ж вучыўся на біёлага, марыў гэтым займацца. А атрымалася тое, што атрымалася. Каб быў шанец заняцца любімай справай, я б і сёння кінуў той бізнэс, — прызнаецца Алесь. — Ды і думаў, што калі мне будзе 50, то буду жыць у сапраўднай еўрапейскай краіне. А што за краіну мы маем — вы і самі бачыце».

Вёска Трылесіна на беразе Вяллі — у любімай цёшчы і цесця.

Вёска Трылесіна на беразе Вяллі — у любімай цёшчы і цесця.

Вёска Трылесіна: плён працы Гуркова, прышчэпленыя ім чырвоны клён і ніцая рабіна.

Вёска Трылесіна: плён працы Гуркова, прышчэпленыя ім чырвоны клён і ніцая рабіна.

Цесць з малодшай дачкой Алеся — Аміляй.

Цесць з малодшай дачкой Алеся — Аміляй.

Дачка і жонка Алеся Гуркова.

Дачка і жонка Алеся Гуркова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?