Кандыдат у прэзідэнты Сяргей Гайдукевіч расказаў, што думае пра вылучэнне Таццяны Караткевіч, як ставіцца да расійскіх ваенных базаў у Беларусі і чаму прагульваў паседжанні парламента, калі быў дэпутатам.

— Сяргей Васільевіч, у 2005 годзе вы судзіліся з «Народнай воляй», якая апублікавала інфармацыю, што вы павінны іракскаму боку каля $1 мільёна за атрыманне квот на нафту.

— «Народная воля» апублікавала фальшыўку, амбасада нават такі фармуляр не выкарыстоўвае. І газета прайграла суд.

— Камерцыйныя структуры пры партыі мелі сувязі, кантракты ў Іраку?

— Не, тым больш наша партыя не займаецца камерцыйнай дзейнасцю. Але ў нас, як у любой партыі, ёсць бізнесмены, якія прыйшлі па ідэалагічных меркаваннях. Ім падабаецца наша партыя, паняцці.

— Вы займаецеся бізнэсам?

— Я працую.

— Дзе?

— У камерцыйных структурах. Я працаваў заўсёды. Гэта нідзе не хаваецца, пішацца ў дэкларацыях. Я вам што, павінен распавесці методыку сваёй працы? Я вельмі дасведчаны чалавек. Я выдатна ведаю банкаўскую справу, у мяне маці — банкір з 40-гадовым стажам. Некаторыя камерсанты прыходзяць да мяне раіцца. Я вельмі моцны і граматны эканаміст. Значна мацнейшы за некаторых таварышаў, якія хацелі стаць прэзідэнтам, а казалі розную лухту.

— Пісалі, што 12% членаў вашай партыі — былыя супрацоўнікі КДБ, 20% — міліцыі…

— Ніколі ў жыцці такія лічбы не называліся. У партыю ўваходзяць розныя пласты грамадства. Людзі прыходзяць розныя, своеасаблівыя. Шмат моладзі. З бізнэсу прыходзяць, у нас больш за тысячу чалавек — камерсанты. Дзяржслужачых значна менш.

— А былыя супрацоўнікі КДБ і міліцыі ўваходзяць у партыю?

— Вось я сяджу перад вамі, пагоны насіў. Сын мой таксама. Напэўна, яшчэ ёсць афіцэры. Вы ведаеце колькасць КДБ у Беларусі? Не больш за тысячу чалавек. Таму 12% гэта занадта шмат.

— А вы былі звязаны з Камітэтам?

— Не, я проста называю лічбы.

— У свой час вы актыўна выступалі за тое, каб супрацоўнікам спецслужбаў павысілі сацыяльныя гарантыі.

— Калі гэта было?

— У 90-я.

— Хто гэта сказаў?

— Вы самі. «Дзяржава, якая не клапоціцца аб працаўніках спецслужбаў, не можа лічыцца прававой і дэмакратычнай дзяржавай». 1994. З выступу перад супрацоўнікамі КДБ і МУС.

— У 1994 годзе я ніколі не выступаў перад супрацоўнікамі КДБ і МУС. Я не мог туды патрапіць.

— Гэта цытата з вашай брашуры «Які шчыт і меч патрэбныя Беларусі».

— Гэта брашура наша, але там было напісана: людзі ў пагонах, у тым ліку і ўзброеных сіл, павінны мець нармальную сацыяльную абарону. І гэта нармальна для любой дзяржавы.

— Сёння гэтая праблема актуальная?

— Гэтая праблема была пасля распаду Савецкага саюза. Цяпер мы пра такую праблему не заяўляем.

— Таксама ўказвалася, што ў партыі ёсць казакі.

— Гэта няпраўда. Я заўсёды казаў: якія казакі могуць быць у Беларусі?

— Гэта значыць з Улаховічам у вас няма канфлікту інтарэсаў?

— У мяне на выбарах адзін канкурэнт — Лукашэнка.

— Як вы думаеце, навошта рэжыму Улаховіч?

— А вы не здагадваецеся? Ён мяне наогул не цікавіць.

— Раней казалі, што ў якасці спарынг-партнёра Лукашэнку задавальняў Гайдукевіч. А сёлета дадалі Улаховіча. Як думаеце, навошта?

— Гайдукевіч ніколі не быў спарынг-партнёрам. Моцнага чалавека заўсёды хочуць ўджаліць, пакрыўдзіць. Я заўсёды быў супернікам Лукашэнкі. Не думаю, што Караткевіч — спарынг-партнёр, хоць яе ўжо ў гэтым абвінавачваюць, таму што яна, ці бачыце, не выконвае ідэалы дэмакратыі.

— На мінулых выбарах вы ўсё ж такі знялі сваю кандыдатуру. І ў дзень галасавання нават пайшлі ў цырк. У гэтым годзе збіраецеся ў цырк?

— Што было ў 2010 годзе? 10 блазнаў … Не, дзевяць блазнаў, таму што Лукашэнка ўсіх абыграў. Такім чынам, дзевяць блазнаў перапісалі адзін у аднаго подпісы. Як толькі Някляева ў гэтым годзе не падтрымалі на выбарах, ён сказаў: вы што, не памятаеце, як усе мы ў 2010-м не сабралі подпісы? Гэта значыць тады гэта была клаунада.

— Караткевіч сабрала 100 тысяч подпісаў? Або Улаховіч?

— Калі я атрымаў выпіску з Цэнтрвыбаркама, паглядзеў, што ў яе ў Мінску амаль столькі ж подпісаў, што і ў нас. І планамерныя лічбы па рэгіёнах. У мяне пачуццё, што яна магла сабраць 100 тысяч.

— На колькі адсоткаў галасоў вы разлічваеце на гэтых выбарах?

- Я разлічваю на іншае… Для мяне ўдзел у выбарах — гэта як у Расіі. У Жырыноўскага і Зюганава не пытаюцца, навошта яны ўдзельнічаюць у выбарах, хоць зразумела, пераможа Пуцін. Як буйная палітычная партыя можа не ўдзельнічаць у выбарах? Я пра гэта кажу з 1996 года. І мы прыйдзем да ўлады, падабаецца вам гэта ці не.

— У 2006 годзе вы атрымалі пасаду спецыяльнага прадстаўніка пры міністры замежных спраў. На што вы разлічваеце у гэтым годзе пасля выбараў?

— Я не прасіў тады гэтую пасаду. І за ўсе гэтыя гады ні на адной пасадзе пры ўладзе не працаваў. Дэпутатам палаты прадстаўнікоў мяне абралі. Улада паглядзела, як працуе Гайдукевіч, больш не захацела. У акрузе працавала практычна ўся мінская арганізацыя.

— За час вашага дэпутацтва колькі заканадаўчых ініцыятыў прапанаваў парламент?

— У нас зусім іншы парламент. Вядома, ініцыятывы ў асноўным зыходзілі з Адміністрацыі прэзідэнта і Савета міністраў. Гэта цалкам правільна. У парламенце тады з ініцыятывамі выступалі Вольга Абрамава і Сяргей Гайдукевіч.

— Вольга Абрамава запомнілася, у прыватнасці, тым, што адзіная галасавала супраць пазбаўлення студэнтаў ільготаў на праезд. Чаму вы галасавалі «за»?

— Мяне, напэўна, не было на сесіі. Я не адрозніваўся дысцыплінай разам з былым старшынёй Козікам.

— Козік таксама прагульваў паседжанні?

— Гэта называецца не прагул, гэта называецца «былі справы больш важныя».

— У 2012 годзе вы казалі «Выбар ёсць — выбараў няма». З якога часу, на вашую думку, у Беларусі пачалі фальсіфікаваць выбары? Пасля таго, як вас перасталі абіраць дэпутатам?

— Я меў на ўвазе не толькі тое, пра што вы кажаце. Я меў на ўвазе, важна, хто ідзе ў дэпутаты. Мне спадабалася заява Дзмітрыева, які сказаў, што трэба станавіцца сістэмай, кудысьці ўваходзіць.

— Вас задавальняе быць сістэмнай апазіцыяй?

— Трэба быць цвярозым чалавекам. Мы — сапраўдная апазіцыйная партыя. Усе нашы ідэі аб развіцці грамадзянскай супольнасці будуць прынятыя. Я хачу, каб нашы офісы былі ў кожным горадзе.

— Што даюць гэтыя офісы, калі вы не прадстаўленыя ў парламенце?

— Рана ці позна мы там будзем. Хутчэй, чым многія іншыя.

— Ваша стаўленне да Лукашэнкі, мяркуючы па заявах ў прэсе, мянялася. Ад лаяльнага да адкрытай крытыкі. У 2002-м, напрыклад, вы пісалі, што «восем гадоў кіравання Лукашэнкі для большасці ў нашай краіне — страчаная маладосць і не вартая старасць».

— Самае галоўнае — я Лукашэнку ўдзячны за тое, што ён захаваў суверэнітэт нашай дзяржавы. Я магу заявіць гэта ў любой аўдыторыі. І калі там ёсць граматныя людзі, сістэмная апазіцыя, якая думае не пра сябе, як атрымаць грант, а пра краіну, яны ўсё зразумеюць.

— Ваша рыторыка аб суверэнітэце калі паўстала?

— Партыя стваралася на аснове суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны.

— А вашы заявы ў 90-х аб зліцці з Расіяй?

— Такіх заяў ніколі не было. У 1998 годзе, калі пайшло пытанне аб аб'яднанні ад Далёкага Усходу да Брэста, Гайдукевіч заявіў у Дзярждуме: «Вы лічыце нас роднымі братамі, калі ласка. Але мы павінны жыць у розных кватэрах».

— Пры гэтым вы называлі развал СССР «крахам вялікай краіны», а дзень заключэння Белавежскага пагаднення — «чорным днём, незагойнай ранай славянскіх народаў».

— Калі гэта было?

— Гэта з праграмы ЛДП. Брашура, выдадзеная ў 1996 годзе.

— Можа быць, гэта была заява каардынацыйнага камітэта «Народнага руху». Але гэта прымаў не Гайдукевіч. Гэта быў час, калі мы жылі па талонах, у крамах нічога не было. І сказаць што-небудзь іншае людзям мы не маглі. Але я патомны шляхціч. Я нарадзіўся 8 верасня, у дзень Аршанскай бітвы. Я шаную памяць сваіх продкаў і рады, што мы разбілі ў 1514 годзе маскоўскае войска.

— Але 23 лютага таксама святкуеце?

— На любое свята, пачынаючы ад Новага года, я магу наліць чарку і выпіць. Я не святкую толькі 7 лістапада… Вяртаючыся да пытання аб суверэнітэце. Калі мяне пытаюцца, хто нам пагражае — Еўропа ці ЗША, я кажу, што ніхто, толькі мы самі.

— Усё ў той жа праграме ЛДП за 1996 у вашым ўступным слове паказваецца, што «план ЗША — ператварыць Беларусь у напаўкалонію, запоўненую войскамі НАТА». Вы ад гэтых думак ўжо адмовіліся?

— У мяне іх ніколі і не было! Я зараз дастану, што вы пісалі ў дзіцячым садку, і буду вам паказваць! Я сёння гэтыя думкі не падзяляю. І тады таксама не падзяляў.

— Як вы ставіцеся да расейскіх ваенных базаў на тэрыторыі Беларусі?

- Любы нармальны чалавек супраць таго, што на тэрыторыі яго краіны стаяць вайсковыя базы замежнай дзяржавы. Ніхто гэтага не хоча. Але ж на тэрыторыі Польшчы і Літвы стаяць вайсковыя базы НАТА, гэта свет. Мы не супраць, каб уступіць у НАТА. Толькі растлумачце, што мы там будзем рабіць. Ёсць адносіны Расіі і Еўропы. Я б вельмі хацеў быць у Еўрапейскім саюзе, але нас там не чакаюць.

— Дык вы ж падтрымалі еўразійскую інтэграцыю.

— Вядома, падтрымаў! А што б вы рабілі? Маленькая дзяржава, дзе няма нафты і газу. Людзей трэба карміць, пенсіі плаціць. Мы кажам у Еўропе, што нам трэба дапамагаць развівацца, а не ўводзіць санкцыі. Няма чыста развітых дэмакратычных краін. Дэмакратыя патрабуе пастаяннага паляпшэння.

— Вам не здаецца, што мы неяк завіслі ў гэтым пытанні на 20 гадоў?

— Ну, а што рабіць? Не патрабаваць жа, каб нас абклалі, каб ўводзілі санкцыі. Еўрапейскі саюз будзе супрацоўнічаць з Еўразійскім. Гэта непазбежна.

— У апошнія гады вы сталі часта казаць аб адраджэнні беларускай мовы. Нават патрабуеце, каб чыноўнікі здалі экзамен на веданне мовы. Самі вы гатовыя здаць такі тэст?

— Вядома. Мне патрэбна, можа, тыдзень, каб аднавіць мову. Я кажу на рускай, таму што ў нас 90% не разумеюць беларускую. Але чыноўнікі абавязаныя ведаць абедзве мовы. Трэба выдаць дэкрэт, указ, каб іх абавязаць.

— Вы ў размове перыядычна называеце Беларусь «Беларусіяй». Вы ведаеце, што гэта кранае многіх беларусаў?

— Ведаю, я сам гэтага не люблю. Але я ж не спецыяльна, часам зрываецца.

- У 2012 ваш сын Алег Гайдукевіч сышоў з міліцыі, стаў вашым намеснікам у партыі. Рыхтуеце пераемніка?

— Не, у партыі гэта немагчыма, усё вырашаецца на з'ездзе, галасаваннем. Але я хачу сказаць, што ў 90-х у Беларусі было толькі тры палітыкі з харызмай — Лукашэнка, Пазняк і Гайдукевіч. А цяпер я ўбачыў яшчэ аднаго — гэта мой сын. Паверце, у яго вялікая будучыня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?