Актывістаў Партыі БНФ, студэнтаў гістарычнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Яўгена Няткачава і Сьцяпана Сьвідзерскага адміністрацыя ВНУ 12 красавіка папярэдзіла пра магчымасьць адлічэньня. Хлопцы былі затрыманыя ў намётавым мястэчку і асуджаныя на 15 сутак. Пяцікурсьніцы гістфаку Натальлі Лініцкай, якая адседзела 10 сутак за абарону намётавага мястэчка, у дэканаце сказалі, што разьмяркуюць яе толькі ў вёску, а ня ў Менск.

14 красавіка з Акадэміі МУС выключылі Марыю Сьвянціцкую, з Інстытуту парлямэнтарызму і прадпрымальніцкай дзейнасьці – Тамару Рудзько.

18 красавіка стала вядома, што адлічылі пяцікурсьніка БНТУ Юрася Меляшкевіча, затрыманага каля намётавага мястэчка й асуджанага на 15 сутак. У той жа дзень стала вядома пра адлічэньне першакурсьніка Акадэміі мастацтваў Аляксандра Пералыгіна.

Трэцякурсьніка Данііла Пажарава з Гомельскага дзяржунівэрсытэту адлічылі 20 красавіка: за абарону намётавага мястэчка ён быў асуджаны на 10 сутак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0