Канцлер Германіі Ангела Меркель заклікала правесці на наступным тыдні тэрміновую сустрэчу 28 кіраўнікоў урадаў і дзяржаў Еўрасаюза ў сувязі з рэзка пагоршалай сітуацый з мігрантамі, што працягваюць прыбываць у Еўропу.

Пасля сустрэчы з канцлерам Аўстрыі Вернерам Файманам Меркель заявіла, што гэтая праблема можа быць вырашана толькі сумеснымі намаганнямі ўсіх краін ЕС.

Напярэдадні міністры ўнутраных спраў краін — членаў ЕС на экстранай сустрэчы ў Брусэлі не змаглі ўзгадніць квоты краін па прыёме бежанцаў. Гаворка на сустрэчы ішла аб размеркаванні 120 тысяч бежанцаў паміж краінамі Еўрасаюза.

Францыя і Германія настойвалі на цвёрдых дамоўленасцях аб колькасці і тэрмінах прыёму бежанцаў. Праціўнікі ўвядзення квот лічаць, што яны прывядуць толькі да яшчэ большага наплыву бежанцаў у Еўропу.

Міністр унутраных спраў Германіі Томас дэ Мэзьер заявіў у аўторак, што падтрымлівае намеры старшыні Еўракамісіі Жан-Клода Юнкера аказаць ціск на краіны ЕС, якія выступаюць супраць квот на прыём бежанцаў.

У прыватнасці, гаворка можа ісці аб скарачэнні фінансавай падтрымкі Бруселем тых краін — членаў Еўрасаюза, якія адмаўляюцца супрацоўнічаць па гэтай праблеме.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?