10.03.2008 / 16:32

Людвісарка 3

Дзе гадуюцца тыя дзяўчаты, якія праз жыцьцё носяць у сабе свой каштоўны дар, даючы сьвету раз‑пораз залатыя дарункі? Але ж не залатыя, а зусім наадварот. Вольга Бабкова піша пра выставу-продаж унікальнай скульптаркі-людвісаркі Марыны Капілавай.

Дзе гадуюцца тыя дзяўчаты, якія праз жыцьцё носяць у сабе свой каштоўны дар, даючы сьвету раз‑пораз залатыя дарункі? Але ж не залатыя, а зусім наадварот. І ад гэтага захоплівае дух!

Калісьці Марына Капілава тлумачыла сваю філязофію бачаньня мэталу: ня сквапнае золата, а перадусім шчодрая латунь, цёплая медзь, мядовыя адценьні ручнога мэталу, які так любіць чалавечы дотык.

У маім успрыняцьці творчасьці Марыны сышліся разам любоў да Менску, да гісторыі, да літаратуры. Бацька Марыны Капілавай, журналіст і пісьменьнік Аркадзь Капілаў, напісаў кнігу «Замкавая 2/7» пра жыхароў даваеннага Менску, пра горад, які па вайне ўжо не адрадзіўся. Вельмі менская кніга. А Марына расла побач. Ды яшчэ значна раней у камяніцах гораду жыхары зацеплівалі масяндзовыя ліхтары, прыбіралі ў шапы цынавы (алавяны) посуд, і вярталіся са сваіх цэхаў людвісары — так называліся рамесьнікі, што мелі справу з агнём, адліваючы і апрацоўваючы рэчы зь медзі, бронзы ды латуні. Усё гэта запісана ў старых кнігах. Адкуль гэта пачула Марына?

А ўсё астатняе — ейны сьвет. У ім няма месца вэрхалу і мітусьні. На ім няма плямаў сытасьці. Часам здаецца, што варта заплюшчыць вочы, і ўсё зьнікне, ці раптам падзьме вецер… Але рухомы матэрыял мае вагу, і таму вобразы затрымліваюцца даўжэй. Яны тут: Прынцэса, Анубіс, Котка, Сіямкі, Багамол, Аматар хурмы…

Абраньніцай мусіць пачувацца кабета, што набудзе сабе ўпрыгожваньні Марыны Капілавай. Гэта ня проста пярсьцёнкі ды завушніцы з бліскучымі каменьчыкамі. Гэта мэтал, на якім вецер пакідае свае адбіткі.

…проста ў свой час яна прачнулася і сышла са сьпіны Адзінарога ў сьвет, пакінуўшы таго ў чаканьні..

Выстава твораў мастачкі і скульптаркі Марыны Капілавай «Сёе‑тое» цяпер і да 20 сакавіка ў галерэі «Падземка» (пр.Незалежнасьці, 43). Пасьпяшайцеся. Яны чакаюць.

Вольга Бабкова

0
Каберац / Адказаць
10.03.2008 / 18:20
А дзе можна знайсьці кнігу Аркадзя Капілава «Замкавая 2/7»?
0
з раёну / Адказаць
10.03.2008 / 19:22
Толькі ў людзей, што набылі яе раней. Напрыклад, у Вольгі БАБКоВАЙ
0
Stary Navuczycel / Адказаць
11.03.2008 / 09:04
Адкрыты лiст да Вольгi Бабковай: самаадукацыя (калi няма сiстэмнай акадэмiчнай) параўнальна хутка дазволiць Вам зразумець, што Вы зблыталi словы i паняццi датычна прадмету гэтай нататкi. У беларускай культуры (i мове) для вырабу ўпрыгожванняў з золата i каштоўных металаў дзейнiчалi залатары, якiя пазней ператварылiся (пад уплывам паланiзацыi) у "злотнiкаў". Людвiсарня - прадпрыемства, якое займаецца адлiвам гармат, званоў i iншага буйнога металiчнага рыштунку.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру