Пры супрацоўніцтве з Расіяй у сферы лясной гаспадаркі ёсць шэраг праблем, заявіў 15 верасня ў Мінску на прэс-канферэнцыі міністр лясной гаспадаркі Міхаіл Амельяновіч. 

«Няпроста ў нас ідуць справы з Расіяй. Мы не можам знайсці цесны кантакт. Не таму, што яны не хочуць, там проста іншы падыход да лясных рэсурсаў, іншы лясны кодэкс. У Расіі лясы аддаюцца ў доўгатэрміновую арэнду на 49 гадоў, правіць балам арандатар. Ёсць кантралёры, але яны кантралююць працу арандатараў слаба. Высечаныя лясы дзясяткамі гадоў не аднаўляюцца. Арандатары імкнуцца рэалізаваць драўніну і атрымаць даход», — патлумачыў Амельяновіч. 

Паводле яго слоў, таксама няма агульнай мовы з Расіяй у плане паставак пасадачнага матэрыялу. 

«Мы абяцаем, што можам забяспечыць еўрапейскую частку РФ пасадачным матэрыялам. Прасілі — і былі дамоўленасці — не будаваць лесанасенныя цэнтры, якія мы будуем. Праходзіць час — нашы расійскія калегі ўздоўж нашай мяжы пачалі будаваць цэнтры ў Пскоўскай, Смаленскай, Ленінградскай абласцях. Гэта ўкладанне вялікіх фінансавых сродкаў. Вырашыць гэтае пытанне не атрымліваецца. Хоць мы штогод каля 50 млн. штук пасадачнага матэрыялу рэалізоўваем расійскім калегам, сёлета ўжо 30 млн. паставілі. Маглі б яшчэ паставіць. Але, калі яны свае цэнтры пабудавалі, збыт зніжаецца. Мы б маглі забяспечыць усе суседнія рэгіёны якасным пасадачным матэрыялам. А гэта нашы даходы, нашы грошы», — адзначыў Амельяновіч. 

Ён таксама паведаміў, што беларускае прадпрыемства «Белдзяржлес» распрацоўвае праекты па лесаўладкаванні для расійскіх заказчыкаў.

«Мы займаемся праектамі для Забайкалля, Смаленскай, Наўгародскай, Ленінградскай абласцей. Не ўсё гладка атрымліваецца і ў гэтай працы. Ёсць шмат перашкод, каб мы маглі смела працаваць на гэтым рынку на аснове тэндэраў. Пакуль мы працуем на субпадрадзе, да тэндэраў нас не дапускаюць», — падкрэсліў кіраўнік ведамства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?