Што такое беларуская медыцына? Гэта дзіўны сімбіёз транспланталогіі сусветнага ўзроўню і ранішніх чэргаў па талоны да доктара. Смяротнасць сярод немаўлятаў апусцілася да еўрапейскага ўзроўню, але профільных спецыялістаў у паліклініках не хапае.

Алег Румо.

Алег Румо.

Медыкі бяруць паўтары стаўкі, каб хоць неяк забяспечыць свой дабрабыт. Сярэдні заробак у медыцыне скаціўся да $280 «чыстымі» — гэта афіцыйная статыстыка. Адказ за такія лічбы мусіць трымаць нязменны міністр, педыятр Васіль Жарко, які займае пасаду ўжо дзясяты год.

А вось дасягненні беларускай медыцыны звязваюць з яркімі асобамі — напрыклад, асобай суседа Жарко па Драздах, хірурга Алега Румо. Апошнія гады ён працуе кіраўніком Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак. Медсёстры ў гэтай установе зарабляюць па 15 мільёнаў рублёў.

«Наша Ніва» расказвае гісторыю жыцця доктара, а цяпер яшчэ і паспяховага менеджара, якому прадказваюць міністэрскую кар’еру.

«Санкцыі — лухта зялёная»

Перад выбарамі Аляксандр Лукашэнка традыцыйна абвяшчае спіс сваіх 30 давераных асобаў. Гэта тыя людзі, якія могуць дапамагаць свайму кандыдату і займацца агітацыяй за яго.

У параўнанні з 2010 годам спіс абнавіўся амаль цалкам. Засталіся адзінкі, і сярод іх Алег Румо.

Доктар неаднаразова публічна выказваўся ў падтрымку палітыкі Лукашэнкі.

«Зразумела, што санкцыі — поўнае глупства, гэта лухта зялёная… За што вы хочаце кагосьці ад чагосьці адхіліць? Што гэта за людзі, якія вам так перашкаджаюць? Яны што, кагосьці забілі ці з кагосьці здзекаваліся?» — абураўся Румо ў эфіры «Беларусь-1».

Пра здзекі і катаванні ў ізалятары КДБ расказвалі кандыдаты ў прэзідэнты, арыштаваныя ў 2010 годзе. А збітага Уладзіміра Някляева наўпрост вывезлі з бальніцы хуткай дапамогі пры маўклівай згодзе галоўнага доктара Віктара Сірэнкі.

Зрэшты, у такім лаяльным стаўленні да ўлады няма нічога дзіўнага, калі азнаёміцца з гісторыяй сям’і Румо, якую запісаў слуцкі краязнаўца Уладзімір Хвораў.

Ідэйныя камуністы

Румо — гэта цэлая слуцкая доктарская дынастыя. Пачынальніцай стала бабуля трансплантолага, Ганна Балвановіч, якая вывучылася на фельчарку. Яе бацька быў адным з арганізатараў калгаса ў вёсцы, а пасля на доўгі час стаў старшынёй. Балвановічы былі шляхтай, але віталі прыход савецкай улады.

Ганна пазнаёмілася з Васілём Румо, дырэктарам Слуцкага кансервавага завода. Сам ён паходзіў з небагатай шматдзетнай сям’і з Сенненскага раёна. Каб выбіцца ў людзі, Васіль пайшоў вучыцца і працаваць па партыйнай лініі.

Яго прозвішча мае фіна-ўгорскія карані. З эстонскай мовы «рум/руму» можна перакласці як «ступіца» альбо як «ром».

Маладыя пабраліся шлюбам у 1939 годзе. Неўзабаве да складу рэспублікі далучылася Заходняя Беларусь. Сям’ю Румо накіравалі ў суседні Клецк. Ганна ўзначаліла бальніцу, а Васіль стаў загадчыкам аддзела прапаганды мясцовага райкама партыі.

У першыя месяцы вайны ў сям’і нарадзіўся першынец, яго назвалі Алегам. Бацька на той момант ужо сышоў на фронт. Пасля вяртання ў Слуцк, ужо ў пасляваенныя гады, нарадзіўся другі сын, Уладзімір.

Васіль Румо ўпэўнена ішоў па партыйнай лініі. Ён нейкі час быў першым сакратаром райкамаў, але пасля асеў у Слуцку, бліжэй да сям’і. Васіль папрацаваў кіраўніком калгаса пад Слуцкам, дырэктарам гарадской гасцініцы, а пасля аказаўся ў сферы ЖКГ.

Бацька-дэпутат

Старэйшы сын, Алег (гэта бацька трансплантолага), скончыў школу з залатым медалём і паступіў у сталічны медінстытут.

Падчас адной з паездак дадому ён пазнаёміўся з будучай жонкай. Валянціна таксама вучылася на медыка, толькі на курс пазней. Яна паходзіла з суседняй Капыльшчыны.

Папрацаваўшы паўгода ў вясковай амбулаторыі ў Старадарожскім раёне, Алег-старэйшы паступіў на курсы анколагаў. Пасля заканчэння вучобы яго ўзялі працаваць па атрыманай спецыяльнасці ў Слуцкую раённую цэнтральную бальніцу. Туды ж педыятрам уладкавалася і Валянціна, адвучыўшыся ў інстытуце з залатым медалём.

Валянціна Румо

Валянціна Румо

Абодва засталіся ў слуцкай медыцыне на многія дзесяцігоддзі. З цягам часу Алег-старэйшы стаў намеснікам галоўнага доктара, да развалу СССР быў і партыйным арганізатарам бальніцы.

Новыя геапалітычныя рэаліі ніяк не адбіліся на ягоных ідэалагічных поглядах. У 1995 годзе Партыя камуністаў Беларусі высунула яго кандыдатуру на парламенцкіх выбарах. Румо перамог у другім туры і стаў дэпутатам XIII склікання.

Алег Румо-старэйшы

Алег Румо-старэйшы

Праз год ён адмовіўся падпісваць імпічмент Аляксандру Лукашэнку і перайшоў у створаную палату прадстаўнікоў, дзе стаў намеснікам старшыні камісіі па ахове здароўя, фізкультуры, справах сям’і і моладзі.

У 2000 годзе па ўладным спісе ў парламент ад Слуцка ішоў 24-гадовы ідэолаг Усевалад Янчэўскі. Алег Румо-старэйшы вярнуўся да ранейшай працы — намеснікам галоўнага доктара слуцкай бальніцы.

Малады навуковец

Дзеці Алега і Валянціны Румо пайшлі па шляху бацькоў, звязаўшы жыццё з медыцынай. Дачка Ала ўзначаліла ў Слуцку станцыю пералівання крыві. Яе муж, уролаг Алег Леснікаў, таксама доктар. Пасля сыходу Алега Румо-старэйшага на пенсію, менавіта зяць заняў ягонае месца намесніка галоўнага доктара ў слуцкай бальніцы.

Аднак самым знакамітым стала другое дзіця ў сям’і Румо — Алег-малодшы.

«Я, як кожнае «доктарскае» дзіця, з дзяцінства праводзіў шмат часу, нярэдка вечары і ночы, на іх дзяжурствах. Дома пакінуць мяне не было з кім», — узгадваў трансплантолаг.

Ён на выдатна скончыў медуніверсітэт, а пасля ардынатуру. Сваёй спецыяльнасцю абраў хірургію, узяўшы прыклад з бацькі. Малады доктар уладкаваўся ў 9-ю клінічную бальніцу Мінска. Румо кажа, што меў амбіцыі, але бракавала ведаў.

«Я пачынаў медыцынскую кар’еру ў складаны час — гэта быў 1993 год. Зарплата ў доктара была нешта каля $20, стыпендыя ў клінічнай ардынатуры — парадку $7. Ахова здароўя знаходзілася ў жудасным стане», — кажа Румо.

У 29 гадоў ён стаў кандыдатам медыцынскіх навук. Тэма даследавання гучала так: «Карэкцыя інтраінтэстынальнага статуса ва ўмовах раздзельнай дэкампрэсіі тонкай кішкі пры кішачнай непраходнасці рознага генезу».

Шлях да транспланталогіі

Пераломным момантам у светаўспрыманні Румо стала паездка ў Германію. Ён выйграў стыпендыю ў дабрачынным фондзе і трапіў у клініку прафесара Петэра Нойхаўса.

«Шчыра кажучы, ехаў туды з такім настроем: маўляў, трансплантацыю печані я рабіць не ўмею, ну, а ў астатнім табе мяне вучыць няма чаму, — прызнаваўся Румо. — Але ўжо першы тыдзень у прафесара Нойхаўса выбіў у мяне глебу з-пад ног: я зразумеў, што недастаткова кампетэнтны ў прафесіі, а ўзровень хірургаў, якія працуюць у гэтай клініцы, на парадак вышэйшы за мой. Гэта стала для мяне адкрыццём. І я паспрабаваў дакапацца, чаму ў іх так, а ў нас па-іншаму. Адказ аказаўся вельмі простым: яны займаюцца трансплантацыяй, а мы — не».

Першую аперацыю па перасадцы печані ў Беларусі Румо правёў у 2008 годзе. Яна працягвалася 12 гадзін! Асістэнтамі мусілі быць расійскія дактары, аднак яны не паспелі прыехаць, таму давялося працаваць без іх кантролю. Зрэшты, хапіла і свайго досведу — да таго Румо асіставаў на паўсотні падобных аперацый у Берліне і Гановеры.

Поспехі транспланталогіі дазволілі пралабіраваць стварэнне РНПЦ «Трансплантацыі органаў і тканак» на базе 9-й клінічнай бальніцы. Будоўлю паскорыла сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам, які паклікаў каманду хірургаў на прыём.

«Для кожнага чалавека сустрэча з кіраўніком дзяржавы — знакавая падзея. Я тады быў асіплы, баяўся, што сказаць нічога не змагу. Але, на маё здзіўленне, як толькі ў залу ўвайшоў прэзідэнт, хваляванне знікла. Выклікае прыхільнасць. З харызмай», — Румо ўдзячны Лукашэнку за тое, што дапамог рэалізаваць мару.

У 2010 цэнтр транспланталогіі запрацаваў, а Румо быў уключаны ў спіс давераных асобаў кіраўніка краіны.

Яшчэ праз год хірург атрымаў званне «Заслужанага доктара Беларусі», а неўзабаве абараніў доктарскую дысертацыю — «Комплекснае лячэнне энтэральнай недастатковасці пры хірургічных захворваннях органаў брушной поласці».

Летась Румо мог стаць яшчэ і членам-карэспандэнтам Акадэміі навук, аднак навукоўцы прагаласавалі супраць маладога калегі.

Жонка ў «Цэптары»

«Усе бытавыя пытанні ў нашай сям’і вырашае жонка. Менавіта яе каласальная заслуга ў тым, кім стаў я. Жонка пастаянна мяне падштурхоўвае да прафесійнага росту. Я, можа, паляжаў бы на канапе, але яна мяне з яе падымае і пераконвае, што жыццё ідзе далей і трэба рухацца разам з ім», — прызнаецца доктар.

Вясельны здымак Румо

Вясельны здымак Румо

Наталля Румо нарадзілася ў Мінску, але мае слуцкае паходжанне. Як і муж, яна скончыла медінстытут. Цяпер працуе ў калямедыцынскай сферы — брэнд-дырэктарам беларускага прадстаўніцтва швейцарскай карпарацыі «Цэптар».

Кампанія, заснаваная сербскім эмігрантам, прадае тавары для прыгажосці і здароўя — напрыклад, касметыку, посуд, сістэмы ачысткі вады… Апроч таго, у Беларусі «Цэптар» заснаваў аднайменны дробны банк.

Наталля Румо

Наталля Румо

Іпатэка на $320 тысяч

Яшчэ ў сярэдзіне 2000-х Румо пабудавалі трохпакаёўку ў панэльным доме на вуліцы Гурскага. Пасля будаўніцтва станцыі метро «Міхалова» нерухомасць падаражэла, цяпер кватэра плошчай каля 80 м2 ацэньваецца ў $140 тысяч.

Праз некалькі гадоў сям’я медыкаў атрымала магчымасць набыць апартаменты ў Драздах. Румо сталі гаспадарамі кватэры плошчай больш за 120 м2 у клубным доме ў самым дарагім месцы Беларусі — вуліцы Піянерскай. Кватэры ў гэтым будынку не траплялі ў адкрыты продаж. На суседнім з Румо паверсе жыллё займела сям’я міністра аховы здароўя Васіля Жарко.

Фота Сяргея Гудзіліна

Фота Сяргея Гудзіліна

Грошай гатоўкай на той момант не было. Румо аформілі іпатэку. Крэдытная дамова была заключаная больш чым на 700 мільёнаў рублёў. На момант афармлення гэта было каля $320 тысяч, аднак за кошт шматлікіх дэвальвацый сума ўжо ўсохла ў 8 разоў.

Інвестыцыя аказалася выгаднай. Жыллё ў доме Жарко і Румо прадаецца па $4100—4200 за квадратны метр. Такім чынам, рынкавая цана кватэры медыкаў перавышае паўмільёна даляраў.

А ў 2012 годзе Румо атрымаў надзел у Вяснінцы («Драздах-2»). Вакол яго пасялілі сілавікоў: старшыню КДБ Валерыя Вакульчыка, міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча і старшыню Следчага камітэта Валянціна Шаева. Участкі знаходзяцца ў водаахоўнай зоне.

Фота Сяргея Гудзіліна

Фота Сяргея Гудзіліна

Кадастравая цана тых 14 сотак, што дасталіся Румо, складае каля $270 тысяч. Але рынкавы кошт пабудаванага катэджа мае перавысіць $1 мільён. Цяпер сям’я сканчвае будоўлю.

Дачка вучыцца на дыпламата

Дачка Алена скончыла 16-ю гімназію ў Вяснянцы. Тут вучацца дзеці многіх беларускіх чыноўнікаў, якія жывуць у Драздах, а таксама ўнукі і ўнучкі Аляксандра Лукашэнкі.

«Я не вельмі люблю родны горад, для мяне ён недастаткова актыўны і жывы… Адным з нямногіх плюсаў пражывання ў Мінску я заўсёды лічыла блізкасць да Еўропы», — прызнаецца Алена.

Дзяўчына парушыла традыцыю сямейнай дынастыі медыкаў і паступіла ў расійскі МГІМО.

Бацькі гатовыя ўкладаць грошы ў развіццё дачкі. Алена шмат падарожнічае. За апошні год яна выкладала ў сваім інстаграме здымкі з Аўстрыі, Арменіі, Іспаніі, Японіі… Прычым гэта не пляжны адпачынак ці паходы па начных клубах, а экскурсійныя паездкі. Напрыклад, у Лондан дзяўчына паехала, каб падцягнуць мову.

Цікава, што яе тату Алегу Румо англійская даецца цяжэй: «Вось на англійскую выдаткоўваю вар’яцкую колькасць часу і грошай, нягледзячы на тое, што ў мяне вельмі добрая памяць. Чаму? Ды таму што замежныя мовы — гэта чыстае завучванне, там няма лагічных сувязяў, а ў мяне зусім іншы тып мыслення».

«Для мяне найлепшы набытак — гэта кніга. Зусім не абавязкова тут жа чытаць яе, дастаткова проста трымаць у руках, гартаць, удыхаць водар старонкі», — перакананая яго дачка.

Перад паездкай у Токіа Алена абклалася падручнікамі японскай мовы. Гэтая краіна — цэнтр прыцягнення аматараў касплея. Так называюць пераапрананне ў касцюмы вядомых персанажаў, найчасцей герояў японскіх мультфільмаў. У партфоліа дзяўчыны мноства фотасесій у адпаведным адзенні.

Трансплантолаг не мае права на рызыку

Цяпер у РНПЦ прафесара Румо перасаджваюць ныркі, печань і падстраўнікавую залозу. Па колькасці трансплантацый на колькасць насельніцтва Беларусь абганяе ўсіх суседзяў, напрыклад, Расію — больш чым у 4 разы.

Сам Румо цяпер аперуе некалькі разоў на тыдзень, абіраючы самыя складаныя выпадкі. Астатні час займае менеджарская праца. Доктар скончыў Акадэмію кіравання, таму можа быць прызначаны на кіруючую пасаду любога ўзроўню.

«Я баюся рызыкаваць — гэта праўда. У трансплантацыі ўвогуле не маю права рызыкаваць. А да небяспечных сітуацыяў старанна рыхтуюся, кожнае дзеянне даводжу да аўтаматызму», — прызнаецца ён.

Насуперак камуністычнаму мінуламу сям’і, Румо мае патрэбу ў рэлігіі. «У маім кабінеце ёсць невялікі іканастас. Я звяртаюся па дапамогу да святых, калі мне цяжка, — расказвае доктар. — Прычым не толькі ў прафесійных пытаннях, але і ў многіх іншых жыццёвых сітуацыях. Што тычыцца поглядаў царквы на транспланталогію, то наш цэнтр асвячоны, у нас тут шмат абразоў». «Лічу, што без дапамогі Бога здзяйсняць такія справы ўвогуле немагчыма», — кажа Румо пра транспланталогію.

***

Алег Румо. Нарадзіўся ў 1970 у Слуцку. Скончыў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт (1993) і Акадэмію кіравання (2010). Заслужаны доктар Беларусі. Доктар медыцынскіх навук.

Працаваў у 9-й клінічнай бальніцы Мінска, Медуніверсітэце.

Кіраўнік Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Трансплантацыі органаў і тканак», намеснік галоўнага доктара 9-й клінічнай бальніцы Мінска.

Жанаты, мае дачку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?