Якуб Колас пачынаў з настаўніцтва, і таксама рабілі многія беларускія інтэлігенты савецкай пары. Адам Мальдзіс настаўнічаў спачатку, Арсень Ліс і светлай памяці Міхась Чарняўскі. Па той бок жалезнай заслоны айцец Аляксандр Надсан вучыў у лонданскай школе для дзяцей-беларусаў. Чаму ж наш сённяшні ўмоўны Іван Шыла не ідзе працаваць у школу? Фізруком, напрыклад, ці настаўнікам англійскай мовы?

Новае пакаленне думае пра грошы. Нават калі яно думае пра кайф, жанчын і Беларусь, яно лічыць, што ўсё дасягаецца грашыма. Гэта капіталістычнае пакаленне.

«Не мы такія — час такі», — кажуць яны.

Найбольшыя грошы сёння плацяць амерыканскія, еўрапейскія кампаніі ці тыя фірмы, якія працуюць на гэтыя рынкі. Пры Брэжневу найлепш можна было зарабляць у рэстаранах, на складах і вахтавіком у Сібіры. Цяпер «жывуць» тыя, хто працуе ў глабалізаваных прафесіях, дзе ўзровень заробкаў «заходні»: сярод іх прафесійныя спартоўцы, праграмісты.

Заходнія краіны ахвотна раздаюць стыпендыі моладзі з усходу Еўропы, каб перацягваць да сябе самыя разумныя галовы. Аднойчы падсеўшы на той спажывецкі стандарт, чалавек не саскочыць.

А настаўнік у Беларусі зарабляе па мінімальным тарыфе. Вось яна, гэта адна з найбольшых памылак сённяшняй палітыкі.

Будуць жа хадзіць голыя і дурныя! Сённяшні стан заведама абмяжоўвае канкурэнцыю за школьныя вакансіі, прыводзіць да цякучкі кадраў (адпрацоўваюць размеркаванне і ўцякаюць) і, у выніку, перакладае клопат пра веды дзяцей на плечы бацькоў. Вядома, не могуць усе настаўнікі зарабляць як Біл Гейтс. Але досыць было б, каб яны зараблялі нароўні з будаўнікамі. У часы Коласа і часы Мальдзіса так і было. Гэтага было б дастаткова, каб нашы сучасныя Шылы, такія ж светлыя, такія ж здольныя, як Колас, як Ліс, не шукалі шчасця за морам.

Але варта сказаць і іншае.

Ці будзе Беларусь змагацца за свой інтэлектуальны патэнцыял, за людзей з мазгамі?

Ці будзе Беларусь змагацца за свой інтэлектуальны патэнцыял, за людзей з мазгамі?

«Як жыць — дык жыць для Беларусі. А без яе — зусім не жыць».

О, як ненавідзяць некаторыя такое мысленне цяпер. Але, калі ўдумацца, гэтыя радкі Ларысы Геніюш былі такія ж непапулярныя, «нясвоечасовыя» і ў час іх напісання.

Прытым, калі ўдумацца, у выбары Алеся Белакоза, у выбары Лабановіча і цяпер нямала плюсоў.

Усе гэтыя пералётныя работы то ў адной, то ў другой краіне часта маюць іншым бокам маральныя кампрамісы, стрэсы, абвостранае пачуцце адрыву ад каранёў, няпэўнасці і нестабільнасці.

Нарэшце, ёсць рэчы, якія не паддаюцца фінансаваму вымярэнню.

Як сказаў мне калісьці Алесь Кудрыцкі, які сам стаяў перад падобным выбарам, «колькі каштуе магчымасць бачыць бацькоў і бабуляў калі хочаш, а не два разы на год?»

За заробак настаўніка можна жыць. Вядома, прыйдзецца браць паўтары стаўкі, абавязкі загадчыка гаспадаркі, рэпетытарства, летам падпрацоўваць на будоўлях, але жыць будзеш.

Нават сярод аўтараў «Нашай Нівы» ведаю дзесяць чалавек, якія маглі б стаць цудоўнымі педагогамі ў Беларусі, а замест гэтага хапаюцца за любую, часам зусім пустую работу на Захадзе.

Можа быць, мы проста рэдка прапануем ім задумвацца: а вы не спрабавалі жыць тут?

Падумайце, нарэшце, пра тое, што там вашы дзеці не будуць беларусамі. Вы застаняцеся беларусам, а вашы дзеці, праз дзясяткі гадоў, будуць амерыканцамі, брытанцамі, палякамі. Гэта не так лёгка, калісьці ўзгадаеце гэтыя словы.

Я б хацеў бачыць Івана Шылу настаўнікам у нашай гімназіі.

Канечне, прафесія настаўніка — толькі прыклад. Я меў на ўвазе і доктара, пекара, цесляра, маркетолага ў банку, але — тут! І настаўніка — найперш.

Беларусь — і любую краіну ў любую эпоху ў сітуацыі, аналагічнай нашай, — ратуе настаўнік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?