Не ведаю на кепскае тое ці на добрае: людзі, як пасталеюць, забываюцца на свае дзіцячыя гульні. Трымаць у галаве ўсё назапашанае шкодна. Глузды зламацца могуць. Таму памяць старанна вынішчае ўсялякую непатрэбшчыну. Але самаробнае цацачнае радыё ў выглядзе суседскага ката, гвалтам засунутага ў скрыню, хованкі ў цёмнай шафе, лялька з адламанай нагою нікуды не знікаюць. Насуперак здароваму сэнсу яны ўсплываюць з нябыту, каб пацешыць падрослых нашчадкаў згадкамі бацькоўскага маленства і працягнуць сваё нябачнае кіраванне дарослым жыццём.

А я дык пра тую гульню памятаю ўсё. І наракаць няма сэнсу. Штодзённае існаванне не дае памяці знішчыць усё, звязанае з ёю, незалежна ад майго жадання…

Не магу забыцца на гарачыню кубанскага неба, зялёныя абрыкосавыя шаты і заўсёдную чараду тамтэйшых бараноў пад імі. Хацелася б яшчэ дзеля прыгажосці прыплесці сюды цень платанаў, якія, магчыма, нават раслі на тэрыторыі летніка адпачынку і працы, толькі я ні тады, ні цяпер не ведаю, як яны выглядаюць. На жаль, маё знаёмства з паўднёвым раслінным светам звялося да вялізнага куста чорных ягадаў ля сталоўкі, падобных на ажыны, толькі салодкіх на смак. Шчаслівая тым, што іх мала хто ўпадабаў і агледзеў, я ў вольны час бегла да таго куста і ласавалася. Мае вусны ў момант рабіліся сінімі, а душа поўнілася радасцю існавання. Тым памятным апоўднем тамака мяне і заспела суседка па бараку, скалануўшы лагерныя абсягі гучным «Бяжы хутчэй у корпус, дзеўкі гуляць клічуць!».

Высветлілася, што маім сяброўкам і аднакласніцам стала сумна, яны вырашылі зрабіць сюрпрыз для ўсіх ахвочых — зладзіць нейкую захапляльную гульню. Зачыніліся ў пакоі, завесілі вокны, загадалі заходзіць па адным, як да доктара. Покуль я дабегла, то была ўжо чацвёртай ці трэцяй. Дачакаўшыся чаргі, увайшла ў пакой. Не паспелі дзверы зачыніцца, як нечаканае «Ці жадаеце вы ўступіць у камсамол?» збіла мяне з панталыку. Пасярод пакоя стаяла мая сяброўка Воля з аркушам паперы, насупраць яе — нейкая лаўка, засланая капай, па розных баках якой сядзелі Іра з Галяй. Гэта было адзінае, што я паспела агледзець. Уся мая ўвага скіравалася на Вольгу, яе дзіўны зварот на Вы і недарэчнае пытанне. Ужо ва ўсю гула перабудова, па горадзе зрэдчасу луналі бел-чырвоныя сцягі, пагадзіцца на такую прапанову мог хіба што глухі, сляпы і дурны адначасова. Увосень тое самае, але надта сарамліва, ужо прапаноўвала ўсяму класу завуч па выхаваўчай рабоце — безвынікова.

— Ці хочаце вы ўступіць у камсамол? — зноў настойліва паўтарыла Воля.

— Не, не хачу! — рашуча абазвалася я, уклаўшы ў гэтыя словы ўсю моц пратэсту дзіцяці часоў перабудовы.

— Ну, гэта ж такая гульня, усе кажуць «так», — ласкава, але ўпэўнена ўгаворвала Воля.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

І мне падумалася: што я губляю? Ну, не пагаджуся, сыду, так і не дазнаўшыся, чым усё скончыцца. А што далей? Ягадамі ўжо аб’елася па вушы. Сядзець на лаўцы ў самоце і чакаць вечара? Таксама не варыянт! Карацей, саспелая падлеткавая цікаўнасць узяла верх над няспелаю грамадзянскай пазіцыяй:

— Так! — выгукнула я.

— Тады сядайце, я вам нешта зачытаю, — загадала Воля, пазіраючы ў свой аркуш.

Заспакоеная, сунуся да лаўкі. Спрабую сесці між Ірай і Галяй. Яны ўстаюць, раптоўна абрынаецца лаўка, абрынаецца капа, абрынаецца ўвесь белы свет і ляціць долу. Я, нічога не сцяміўшы, лячу разам з усім і пад гучны рогат сябровак ляскаюся аб падлогу заднім мостам. Азадак і левая нага смыляць як мае быць, з цяжкасцю ўзнімаюся і толькі тады пачынаю разумець: ніякай лаўкі тут і блізка не стаяла, а былі два зэдлікі, між імі капа, якую ўтрымлівалі дзеўкі па баках усеўшыся. Пытанне пра камсамол прыдуманае наўмысна, каб збянтэжыць. Кіруюся да выхаду, наўздагон чую сцішанае:

— Выходзіць нельга, заставайся тут.

І голаснае:

— Наступны!

Ля пакоя людзей сабралася ладна. Усё паўтараецца. Пытанне. Адмова. Пасля згода і нязмушаны палёт долу. Ужо я рагачу з чарговага небаракі. Гэта выглядае кампенсацыяй за фізічны боль ды нядаўнія маральныя пакуты. Я не крыўдую. Ніхто не крыўдуе. Усе ўдзячныя. І я ўдзячная і тады, і цяпер не толькі за ўдалую спробу змагання з лагерным сумам ды адметны ўспамін. Боль даўжынёю ў чвэрць гадзіны быў варты таго, бо раз і назаўсёды пераканаў мяне ніколі не ўвязвацца ў гульні, з правіламі якіх нязгодная, нават калі сам працэс абяцае быць надта цікавым.

«Знайшла пра што ўзгадваць, — абурана прабурчыць нехта. — Вунь на вайне людзям рукі-ногі адрывала — і нічога, жылі, а ты па пабітай срацы плачаш!» Ды я б забылася з радасцю! Дык не даюць жа! Колькі людзей дасюль пакутуюць ад таго самага — вы проста сабе не ўяўляеце! Асабліва цяжка ўвосень, напярэдадні ўгодак камсамолу, калі з’яўляюцца яны — два прывіды, варта толькі ўключыць тэлевізар ці зайсці ў найбліжэйшы ДК. Сівы дзед у зеленавата-шэрым строі, колішні кіраўнік гаркама, задаволены тым, што хоць раз на год займеў поўную залу вольных вушэй. Сваім выглядам ён нагадвае старога вужа, які на Узвіжанне грэецца ў апошніх восеньскіх промнях. Спярша вітае прысутных, доўга хваліцца ўласным жыццём, пакладзеным на цяжкую працу ў гаркаме, пры канцы наракае: маўляў, няма таго, што раньш было — паўсюль адны танцулькі і забаўкі, а ў былыя часы без накіравання з камсамолу нават на рабфак паступіць было нельга! Потым на сцэну ўзнімаецца яна — вызвалены камсорг нейкай дробнай канторы, канца 80-х, чалавек з вялікай будучыняй у мінулым. У маладосці надта лёгкая на ўздым студэнтка — завочніца, аматарка турзлётаў, будатрадаў, халяўных бяседаў. Цяпер — паклычаная часам хударлявая цётачка-дзяўчынка з чэзлым хвосцікам валасоў на патыліцы, у самавязаным швэдрыку, скалупаным з рознакаляровых лапікаў яшчэ падчас заняткаў у гуртку «Умелыя рукі». Кіраўнічка казала — прыгожа… Жыццё і прадмова на дзве часткі падзеленае. Спярша будатрад, турзлёт, 7 лістапада, вочы блішчаць спрабуюць. Пасля згасанне камсамолу, змушанае вяртанне да простай чалавечай працы на фабрыцы ці ў бібліятэцы. І няма ўжо, то й не будзе, ні будатрадаў, ні злётаў, ні абяцанай пасады ў райкаме. А неба на зямлю не абрынулася, сонца як свяціла, так і свеціць! Нават моладзь ідэйная ў майках з надпісам «БРСМ», што сядзіць у першых шэрагах, не бачыць у яе асобе жывой легенды, а гуляецца ў тэлефоны і рагоча. На тле няўдалага хэндмэйку канца мінулага стагоддзя кітайскі шырспажыў глядзіцца прынцэсіным уборам.

Толькі я не смяюся, разумею і спачуваю. Ляснуў той камсамол, і камсорг разам з ім ляснулася, толькі значна мацней, чым я падчас незабыўнай дзіцячай гульні ў кубанскім летніку — яна ж ся-дзела куды вышэй і была старэйшай гадкоў на дванаццаць! Ляснулася так, што чвэрць стагоддзя мінулася, а боль у заднім мосце так і не сцішыўся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0