На сайце Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя апублікавана змененая пастанова намесніка міністра аховы здароўя — галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Беларусі Ігара Гаеўскага «Аб зацвярджэнні пераліку прадукцыі замежнай вытворчасці, якая падлягае дзяржаўнай санітарна-гігіенічнай экспертызе».

З пераліку, у прыватнасці, выдалены мэбля, бытавыя электрапрыборы, прызначаныя для кантакту з ежай, халадзільнікі і маразільнікі, а таксама канцылярскія прыналежнасці для школьнікаў.

Акрамя таго, у раздзеле будматэрыялаў удакладнена, што экспертызе падлягаюць ДВП і ДСП, вырабы з пластмасы, матэрыялы для абліцоўкі і аддзелкі, прызначаныя толькі для ўнутраных работ.

Дадзены дакумент прыняты ў мэтах развіцця пастановы Савета міністраў № 666 «Аб увядзенні дзяржаўнай санітарна-гігіенічнай экспертызы на ўвозімыя тавары».

Урадавая пастанова ўступіла ў сілу 27 жніўня і прадугледжвае абавязковую дзяржаўную санітарна-гігіенічную экспертызу прадукцыі замежнай вытворчасці.

На думку прадстаўнікоў бізнэсу, новыя ўмовы надзвычай ўскладняюць імпарт тавараў у Беларусь.

На сённяшняй прэс-канферэнцыі Ігар Гаеўскі заявіў, што пералік тавараў, якія падлягаюць экспертызе, апублікаваны 10 верасня, «дастаткова невялікі, але адкрыты» і з часам можа быць як пашыраны, так і скарочаны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?