У Слуцку 28 жніўня адбыўся пажар, у выніку якога ў агні ледзь не загінулі непаўналетнія дзеці. Віной усяму стала адключэнне работнікамі энергазбыту электраэнергіі ў кватэры, дзе пражывала шматдзетная сям'я, паведамілі ў Мінскім абласным упраўленні МНС Беларусі.

«На бяспеку дзяцей працуюць тысячы людзей па ўсёй вобласці, але ўся іх праца, як аказалася, у адно імгненне можа быць перакрэсленая халатным рашэннем і дзеяннямі аднаго чалавека. Гэтая сітуацыя — яскравы прыклад бяздушнасці і фармальнага стаўлення да выканання сваіх абавязкаў работнікаў Слуцкага МРА прадпрыемства РУП «Энергазбыт»: пры прыняцці рашэння аб адключэнні электраэнергіі яны не вывучылі пытанне магчымасці бяспечнага пражывання непаўналетніх у кватэры без электразабеспячэння», — растлумачылі ў абласным упраўленні МНС.

25 жніўня ў адключанай ад электраэнергіі кватэры разам з мамай знаходзіліся Ілля, Максім і Сцяпан — малыя 2, 5 і 7 гадоў. Старэйшы брат, на шчасце, знаходзіўся на вучобе ў іншым горадзе.

Даглядаць за трыма дзецьмі і без таго няпроста, а калі кватэра абясточаная… Адчай далёка не лепшы памочнік у матчынай справе!

А запазычанасць па выплаце складала ўсяго каля 500 кВт⋅г.

Маці слёзна прасіла работнікаў энергазбыту пачакаць ўсяго адзін дзень, аднак яе просьбы і абяцанні засталіся па-за ўвагай.

Увечары таго ж дня жанчына пагасіла запазычанасць, але падключэння электрычнасці трэба было чакаць яшчэ тры дні: заяўка на падключэнне была запісаная толькі на 28 жніўня.

Відавочна, што жанчына была вымушаная скарыстацца свечкай у фатальны вечар 28 жніўня, які ледзь не забраў жыцці як мінімум чацвярых чалавек, калі маленькае полымя ператварылася ў вялікі пажар.

На шчасце, ніхто не пацярпеў: маці своечасова прачнулася, адчула пах дыму і вывела дзяцей з кватэры.

Начальнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС запатрабаваў вызваліць ад займаемай пасады кіраўніка Слуцкага МРА «Энергазбыт» Аляксандра Леанідавіча Пратасевіча, а таксама прыцягнуць да адказнасці генеральнага дырэктара РУП «Мінскэнерга» Паўла Уладзіміравіча Дразда.

Канчатковае рашэнне па гэтым факце яшчэ не прынята, але відавочна, што гэтая гісторыя павінна стаць урокам для ўсіх, каго тычацца пытанні бяспекі дзяцей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?