Новыя санкцыі ЗША супраць «Белнафтахіму» і адкліканьне беларускага пасла з Вашынгтону аналізуе Віталь Сіліцкі.
6 сакавіка Офіс кантролю за замежнымі актывамі (Office of Financial Assets Control, OFAC) Міністэрства фінансаў ЗША растлумачыў прымяненне санкцыяў, уведзеных супраць дзяржаўнага канцэрну “Белнафтахім” 13 лістапада 2007 года. Згодна з гэтым тлумачэннем, блакаванне актываў «Белнафтахіму» і забарона на здзелкі распаўсюджвалася на ўсе падраздзяленні канцэрну і кампаніі, у якіх «Белнафтахім» валодаў прынамсі 50-працэнтавай доляй.
Тэхнічна гэтае паведамленне OFAC было тлумачэннем ужо ўведзеных санкцый, але яно было ўспрынята ў Мінску як новыя карныя крокі Вашынгтону ў адносінах да Беларусі. У адказ на санкцыі Міністэрства замежных спраў Беларусі адклікала ў Мінск свайго амбасадара і рэкамендавала амерыканскаму боку, каб амбасадарка ЗША ў Беларусі Карэн Сцюарт таксама пакінула краіну.
Праз тры дні, аднак, амбасадарка Сцюарт заставалася ў Мінску. На наш погляд, устрыманне ад радыкальных крокаў з боку афіцыйнага Мінску дазваляе зрабіць высновы пра тое, што ён цяпер не ў стане дазволіць сабе замежнапалітычнай канфрантацыі на заходнім накірунку.
Аналіз прычынаў і наступстваў новага раўнду дыпламатычнай канфрантацыі паміж Мінскам і Вашынгтонам вымушае найперш звярнуць увагу на некалькі нечаканых і нават парадаксальных акалічнасцяў.
Па-першае, дэталізацыя санкцый, што былі ўведзеныя 13 лістапада 2007 года, не выклікала сумненняў і лёгка прагназавалася. (Гл. BISS Blitz за 19 снежня 2007 г.).
Незаангажаванаму назіральніку можа нават падацца, што Злучаныя Штаты далі афіцыйнаму Мінску тры месяцы, каб мінімізаваць іх наступствы. Сапраўды, ужо ў снежні 2007 года было заяўлена пра пераход усіх разлікаў канцэрну ў еўра, што збольшага зняло пытанне праходжання разлікаў кампаніі праз банкаўскую сістэму ЗША. Бясспрэчнай эканамічнай шкодай ад санкцый падаецца толькі страта 200- мільённага амерыканскага рынку для прадукцыі канцэрну ў ЗША (што, дарэчы, ў некалькі разоў больш, чым тыя страты, што Беларусь панесла ад яе выключэння з сістэмы гандлёвых прэферэнцый ЕС). Аднак, бяручы пад увагу надзвычай выгадную для канцэрну эканамічную кан’юнктуру, можна прадбачыць, што «Белнафтахім» здолее адносна бязбольна пераарыентавацца на іншыя рынкі збыту.
Асобны бок праблемы – гэта замарожванне бізнесу беларускай дзяржавы ў Лацінскай Амерыцы.
Фінансавыя страты на гэтым накірунку ацэньваюцца некаторымі аналітыкамі на 1 мільярд долараў ЗША, але такія ацэнкі падаюцца збольшага як неабгрунтаваныя спекуляцыі, бо пра магчымасць замарожвання рахункаў «Белнафтахіму» беларускім уладам было вядома задоўга да таго, як гэта рашэнне было прынятае.
Па-другое, тлумачэнне OFAC пра пашырэнне санкцыяў супраць «Белнафтахіму» было размешчана напярэдадні падпісання дамовы пра адкрыццё офісу Еўракамісіі ў Мінску. Гэта хутка нарадзіла шэраг спекуляцый наконт таго, што Вашынгтон імкнецца сарваць гульню Мінска на збліжэнне з Бруселем, ці наадварот, што ЗША і ЕС спрабуюць разыграць з Мінскам гульню ў «добрага» і «дрэннага» паліцэйскага.
Каб наўмысна іграць у такую гульню, атлантычным партнэрам неабходны іншы ўзровень каардынацыі замежнай палітыкі, заўважыць якую апошнімі часамі было даволі цяжка.
З аднаго боку, ЗША могуць быць заклапочаны нізкім узроўням патрабаванняў ЕС да афіцыйнага Мінску, напрыклад тым, што пытанне Аляксандра Казуліна не знаходзіцца на стале перамоваў, і выкарысталі падпісанне дамовы з ЕС як нагоду для прэсінгу на еўрапейскіх партнэраў.
З другага, не варта забывацца, што ў пытанні санкцый Злучаныя Штаты схільныя да каардынацыі сваёй палітыкі з кімсьці. Гэта асобнае пытанне, дзе дзеянні амерыканскага боку маюць спецыфічную матывацыю: гутарка ідзе не толькі пра асобны амерыканскі падыход да праблемы правоў чалавека і дэмакратычных свабодаў, але і пра імкненне ЗША спыніць пэўную актыўнасць афіцыйнага Мінску у некаторых рэгіёнах свету, дзе яна можа закранаць амерыканскія інтарэсы.
Акрамя таго, не варта скідваць з рахункаў той факт, што ў адносінах паміж Вашынгтонам і Мінскам ёсць і эмацыйны чыннік.
Па-трэцяе, што ў той жа самы дзень прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка меў тэлефонную размову з будучым прэм’ер-міністрам Расіі Ўладзімірам Пуціным, у ходзе якой абмяркоўваліся адносіны Беларусі, цытуем паведамленні афіцыйных беларускіх крыніц, «з асобнымі заходнімі краінамі». Такі стыль падачы інфармацыі сведчыць пра тое, што беларускім уладам было важна пераканаць назіральнікаў, што Масква ў курсе падзеяў і што Беларусь каардынуе свой адказ на санкцыі ЗША з Крамлём.
З паведамленняў, аднак, ніяк не вынікала, ці дамовіліся бакі да нейкага супольнага падыходу ў пытанні і што канкрэтна парэкамендаваў афіцыйнаму Мінску Пуцін.
Пакуль што можна вызначыць адзін галоўны вынік абвастрэння беларуска-амерыканскіх адносінаў. Як гэта ні парадаксальна гучыць, гэты вынік у тым, што абодва бакі пачалі імкнуцца пазбегнуць залішняга абвастрэння. Пры канцы снежня 2007 года прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абяцаў «вышпурнуць» амерыканскую амбасадарку сп-ню Карэн Сцюарт з Беларусі ў тым выпадку, калі ЗША выканаюць сваё абяцанне пашырыць санкцыі. Аднак, калі пашырэнне санкцый адбылося насамрэч, беларускі бок абмежаваўся толькі тым, што адклікаў уласнага амбасадара з Вашынгтона для кансультацый і «парэкамендаваў» амерыканскаму боку зрабіць тое ж самае. Рэакцыя амерыканскага боку таксама даволі нечаканая: спярша было заяўлена пра тое, што амбасадар выедзе з Беларусі, калі таго жадае афіцыйны Мінск, потым з’явілася інфармацыя, што сп-ня Сцюарт ўсё ж застаецца ў краіне.
Чым можна растлумачыць такія нечаканыя паводзіны абодвух бакоў, асабліва афіцыйнага Мінску? Шмат каму падабалася, што беларускія ўлады мусяць выканаць абяцанні прэзідэнта Лукашэнкі «вышпурнуць» Сцюарт, бо ў іншым выпадку беларуская ўлада прадэманстравала бы сваю слабасць. Цікава, але тыя ж самыя аргументы гучалі падчас пахавання Ірыны Казулінай, калі скептыкі выкарыстоўвалі такія ж самыя аргументы, калі прагназавалі адмоўнае рашэнне ўладаў наконт часовага вызвалення Аляксандра Казуліна на пахаванне жонкі. Другі запар выпадак «нетыповай» рэакцыі беларускіх уладаў можа сведчыць толькі пра тое, што
ахвяраваць шанцам наладжвання адносінаў з Захадам афіцыйны Мінск цяпер не рызыкуе. Устрыманне ад рашучых крокаў, такіх, як высылка амерыканскага амбасадара, можа сведчыць і пра тое, што Крэмль у дадзены момант таксама не гатовы страхаваць заходняга хаўрусніка ў дыпламатычнай вайне з ЕС.
Тут трэба пракаментаваць і яшчэ адну распаўсюджаную тэорыю пра тое, што афіцыйнаму Мінску выгадна сутыкнуць ілбамі Брусель і Вашынгтон і заахвоціць больш «лагодны» і «канструктыўны» падыход першага да беларускай праблематыкі.
Калі гэта і сапраўды так, то акурат высылка амерыканскага амбасадара была б фатальнай для такіх планаў беларускіх уладаў. У гэтым выпадку, краіны Еўрасаюзу былі б вымушаны праявіць салідарнасць з Вашынгтонам, што прывяло б, прынамсі, да прыпынення дыялогу паміж Мінскам і ЕС, які разгортваецца цяпер, так і да таго, што Брусель і Вашынгтон былі б вымушаныя выпрацаваць больш узгодненую палітыку ў беларускай праблематыцы.
Адмовіўшыся ад празмерна жорсткага адказу, Мінск можа працягваць ангажаванне з тымі еўрапейскімі гульцамі, якія выступаюць за меней палітызаваны падыход у адносінах з беларускімі ўладамі.
Трэба зазначыць, што акурат «саступкі» Лукашэнкі выглядаюць як заахвочванне гэтай памяркоўнай лініі у стылі Ostpolitik, якую праводзіць у дачыненні да Беларусі перадусім нямецкая дыпламатыя. Цяпер прыхільнікі гэтага падыходу маюць пэўную перавагу перад адвакатамі жорсткай лініі, бо могуць паказаць канкрэтныя вынікі ў выглядзе вызваленых палітвязняў. Вядома, аб поўнай перамозе гэтай лініі можна будзе казаць толькі калі дыпламатычныя высілкі прывядуць да вызвалення Аляксандра Казуліна і ў выпадку, калі новыя палітычныя справы не будуць адкрытыя (што малаімаверна, узгадваючы маючыя пачацца працэсы па справе 10 студзеня).
Магчыма, што беларускі бок спадзяецца, што пытанне Казуліна ўдасца абмінуць у перамовах з ЕС. Аднак, зноў-такі, нават калі беларускія ўлады заахвочваюць Ostpolitik ва ўласных інтарэсах, якія не ўключаюць ніякай сапраўднай лібералізацыі, яны цяпер мусяць устрымацца ад дыпламатычнага скандалу з ЗША.
Што тычыцца пазіцыі ЗША, то выглядае, што Вашынгтон таксама хутка зразумеў, што ён губляе дыпламатычную ініцыятыву, паколькі санкцыі толькі падштурхнулі ЕС да яднання вакол палітыкі «канструктыўнага дыялогу» з Мінскам. Добраахвотнае адбыццё амбасадара Сцюарт на радзіму было б прызнаннем дыпламатычнай паразы.
Перацягнуць на свой бок еўрапейскія дзяржавы можна было б толькі тады, калі б амбасадар быў бы сілкам высланы з краіны. Але для гэтага, як ні парадаксальна, трэба прынамсі застацца ў Беларусі. Такім чынам, у адносінах паміж Беларуссю, ЕС і ЗША часова склалася сітуацыя, у якой любы рэзкі ход любога з бакоў пагаршае яго пазіцыі.
Такім чынам, другі раз запар у складанай замежнапалітычнай сітуацыі беларускі бок устрымліваецца ад крокаў, якія бы прывялі да спынення дыялогу з Еўрапейскім Саюзам. Такія паводзіны адчыняюць для ЕС шанец для здабыцця стратэгічнай ініцыятывы для правядзення больш актыўнай, узгодненай і прынцыповай палітыкі ў адносінах да Беларусі.
Віталь Сіліцкі — дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў (Вільня—Кіеў).
Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS) зарэгістраваны ў Вільні. Місія BISS – развіццё грамадскага дыялогу з мэтай прапановы пазітыўных альтэрнатываў развіцця Беларусі і пошуку шляхоў пабудовы здаровай, заможнай і канкурэнтаздольнай нацыі. Больш падрабязную інфармацыю пра дзейнасць BISS вы можаце знайсці на ўэб-сайце www.belinstitute.eu або напісаўшы нам па адрасе [email protected].